Маладое пакаленне ў Еўропе можа стаць найвялікшай ахвярай пандэміі каранавіруса. Людзі, якія толькі ўваходзяць на рынак працы, пасля вучобы, або яшчэ падчас яе – якім трэба практыкі, сутыкаюцца з неіснуючымі раней цяжкасцямі падчас пошуку працы. Газета Выборча ў перадрукоўцы з New York Times называе іх «пакаленнем Covid-19».
Уплыў пандэміі і крызісу, які пачаўся ў сувязі з хваробай, будзе маштабным – лічаць эканамісты і адмыслоўцы рынку працы. Дагэтуль маладыя еўрапейцы, у тым ліку палякі, часта працавалі ў няпоўным часавым памеры і на часовых кантрактах, што дазваляла ім спалучыць вучобу з заробкам і практыкай. Зараз у вялікай частцы гэтых кампаній не прымаюць новых працаўнікоў, больш таго, шмат прадпрыемстваў зачыняецца, па ўласным рашэнні, або ў сувязі з новымі законамі. Перадусім церпяць тыя, каму давялося здымаць кватэры і жыць у гарадах, дзе яны вучацца.
Праблемай з’яўляецца не толькі тое, што ўніверсітэты перайшлі на дыстанцыйнае навучанне, але таксама факт, што прапановаў працы, нават для маладых спецыялістаў, няма – у мінулым годзе Кар’ерны офіс Варшаўскага ўніверсітэту атрымаў 8190 прапановаў ад фірмаў, што хочуць браць на працу студэнтаў, у гэтым годзе лічба скарацілася амаль на палову – да 4288 прапановаў працы.
Эканамісты папярэджваюць, што пакаленням, якія ўваходзілі на рынак працы ў час крызісу, цяжэй даецца кар’ерны рост, яны жывуць на 6-9 месяцаў карацей і часцей празмерна ўжываюць алкаголь і наркотыкі, у параўнанні з іх калегамі, якія пачыналі працу ў больш надзейныя часы.
Gazeta Wyborcza/аев