Больш за 26 тысяч затрыманых, 24 тысячы пакараных штрафамі, 4 тысячы збітых – гэта вынік падаўлення рэжымам Аляксандра Лукашэнкі мірных пратэстаў грамадзян.
Вікторыя Беляшын - аўтарка артыкула, змешчанага на старонках выдання Gazeta Wyborcza - нагадвае, што статыстыкі ахопліваюць выключна тых пацярпелых, якія не баяліся паведаміць следчаму камітэту альбо праваабаронцам пра жорсткасць з боку функцыянераў праваахоўных органаў.
І хоць маштаб жорсткасці беларускіх праваахоўнікаў сёння не такі вялікі, як у першыя дні паслявыбарчых пратэстаў, то на вуліцах, у ізалятарах і турмах Беларусі па-ранейшаму збіваюць, а нават забіваюць невінаватых людзей. Сярод іх шмат лекараў, алімпійцаў, праграмістаў, акцёраў іг.д.
Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у дзесяцібор'і Андрэй Краўчанка і шматразовы чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу Іван Ганін былі арыштаваны 8 лістапада. Раней яны абодва неаднаразова рабілі заявы на палітычныя тэмы, патрабуючы новых, сумленных выбараў і спынення гвалту з боку сілавікоў.
Функцыянеры АМАП затрымалі іх на стаянцы і гвалтам выцягнулі з машыны. Абодвух збілі яшчэ на вуліцы, потым адвезлі ў міліцэйскі ўчастак, дзе 15 гадзін мужчыны стаялі нерухома з надзетымі кайданкамі. Потым іх адвезлі ў ізалятар на 10 сутак.
Паводле спартсменаў, якіх цытуе незалежны партал tut.by, функцыянераў не задаволіў неапраўданы гвалт падчас затрымання. Здзекі таксама працягваліся ў зняволенні.
Паводле паведамленняў сведкаў, у ізалятарах затрыманых удзельнікаў мірных пратэстаў прымушаюць поўзаць па бетоннай падлозе калідораў, здзяйсняць сотні прысяданняў і скачкоў, часта несучы на спіне тых, у каго ўжо скончыліся сілы. За кожнае непадпарадкаванне альбо недакладна выкананы загад затрыманых збівалі гумовымі дубінкамі па спінах, па нагах, галаве і грудзях.
Аднак не ўсіх затрыманых пратэстоўцаў дастаўляюць у ізалятар. Некаторых з міліцэйскага аўтобуса альбо з участка адвозяць прама ў бальніцу. Так было з акцёрам Іллёй Ясінскім, якога супрацоўнікі АМАП затрымалі ў Мінску падчас акцыі пратэсту 15 лістапада. Моцна збіты мужчына быў дастаўлены ў шпіталь з сур’ёзнымі траўмамі пазваночніка. Пакуль ён не можа хадзіць, паведамляе Gazeta Wyborcza.
аз