Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польшча плануе выкарыстаць патэнцыял польскіх навукоўцаў за мяжой

25.11.2020 15:01
Польскі бок запусціў амбіцыйны праект, мэтай якога з’яўляецца падтрымка польскіх навукоўцаў і выкарыстанне іх патэнцыялу.
Print screen  : polacyzmieniajaswiat.plpolacy-zmieniaja-swiat
Print screen са старонкі: polacyzmieniajaswiat.pl/polacy-zmieniaja-swiatPhota: print screen са старонкі: polacyzmieniajaswiat.pl/polacy-zmieniaja-swiat

Польшча запусціла праект „Палякі мяняюць свет. Innovation Hub. Спалучаем навуку з бізнесам”. Яго мэта - падтрымка польскіх навукоўцаў, інжынераў і вынаходнікаў; выкарыстанне іх патэнцыялу для павелічэння дынамікі польскіх навуковых праектаў.

Гаворка ідзе таксама пра магчымасць супрацоўніцтва з буйнымі польскімі кампаніямі, у тым ліку дзяржаўнымі.

Навуковым лідарам праграмы з'яўляецца Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, а таксама Варшаўскі палітэхнічны ўніверсітэт і Горна-металургічная акадэмія ў Кракаве.

Рэктар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ксёндз прафесар Міраслаў Каліноўскі(Mirosław Kalinowski) запэўнівае, што ўніверсітэт плануе актыўна дзейнічаць у рамках згаданага праекта:

- Усе добра ведаюць, што на многіх кантынентах гэта рэлігйныя абшчыны аб’ядноўваюць найбольш людзей. Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт мае даволі разбудаваную сетку цэнтраў. Спадзяюся, што дзякуючы ім мы зможам паспяхова прасоўваць ідэю праекта „Палякі мяняюць свет”.  

У сваю чаргу рэктар Горна-металургічнай акадэміі ў Кракаве прафесар Ежы Ліс(Jerzy Lis), спадзяецца на кантакты з польскімі даследчыкамі за мяжой:

- Мы (Горна-металургічная акадэмія ў Кракаве – рэд.) падобным чынам, як Варшаўскі палітэхнічны ўніверсітэт інтэнсіўна супрацоўнічаем з федэрацыямі і асацыяцыямі польскіх інжунераў за мяжой. Кожныя чатыры гады разам з іншымі польскімі ВНУ арганізоўваем сусветныя з’езды польскіх інжынераў. Гэта велізарны патэнцыял. У нас кантакты, праекты, дапамога. Запрашаем да супрацы.

Віцэ-міністр дзяржаўных актываў Януш Кавальскі(Janusz Kowalski) падкрэсліў, што гэта вельмі важны праект. Ён дадаў, што супрацоўніцтва з польскай дыяспарай і палякамі замежжа з'яўляецца вялікай каштоўнасцю, тым больш, што сёння трэба пераадольваць розныя бар'еры:

- Трэба рашуча запрашаць да супрацы польскіх навукоўцаў, у тым ліку тых, хто не забывае пра сваё паходжанне. Запрашаць да супрацы з польскім бокам трэба палякаў не толькі ў Еўропе, але на ўсіх кантынентах.

Аб поўнай падтрымцы праекта запэўніў міністр адукацыі і навукі. Пшэмыслаў Чарнэк (Przemysław Czarnek) лічыць, што праект дазволіць лепш выкарыстоўваць патэнцыял польскіх навукоўцаў за мяжой.

- Зразумела, мы гэта рабілі таксама ў мінулым. Тым ня менш, я перакананы, што нашыя намаганні па гэтай справе былі недастатковымі, каб поўнасцю выкарыстаць гэты патэнцыял. Я сам зразумеў гэта, будучы яшчэ ваяводам, падчас арганізацыі Польска-амерыканскага дзелавога кангрэса.

Партнёрамі праекта з’яўляюцца найбуйнейшыя дзяржаўныя кампаніі ў Польшчы.
Член праўлення Grupa Azoty Puławy Анджэй Скварэк(Andrzej Skwarek) сказаў, што кампанія ўскладае вялікія надзеі на ўдзел у праекце. Ён падкрэсліў, што польскія навукоўцы працуюць у многіх інстытутах і даследчых цэнтрах па ўсім свеце:

- Менавіта дзякуючы ім мы зможам кантактаваць з замежнымі партнёрамі, якія падтрымаюць нашыя намаганні.

Ініцыятыву падтрымлівае таксама кампанія Enea Operator, запэўніў ейны старшыня Анджэй Койра(Andrzej Kojro) :

- Калі гаворка ідзе пра прасоўванне ўласных інтарэсаў у Еўропе і свеце назіраецца вялікая канкурэнцыя. Таму мы павінны, накіроўвацца гэтымі каштоўнымі ідэямі і падтрымліваць Польшчу.

Віцэ-старшыня кампаніі KGHM Катажына Крэчманьска-Гігаль(Katarzyna Kreczmańska-Gigol) падкрэсліла, што супрацоўніцтва паміж навукай і бізнесам з'яўляецца ўмовай развіцця:

- Спалучэнне сілы прадпрыемстваў, то бок бізнесу з навукай і ведамі навукоўцаў дае магчымасць выпрацавання рашэнняў, якія прычыняцца да развіцца дзяржаўных прадпрыемстваў і краіны.

Мэты праекта „Палякі мяняюць свет. Innovation Hub. Спалучаем навуку з бізнесам”: прыцягванне ў польскі бізнес навукова-даследчых праектаў , развіццё новых напрамкаў і магчымасцей для польскіх кампаній і даследчых цэнтраў, садзейнічанне наладжванню прафесійных і дзелавых кантактаў і абмен ведамі паміж польскімі экспертамі, якія працуюць за межамі Польшчы і кампаніямі ў краіне.

Праграма таксама павінна прасоўваць веды пра ўклад польскіх навукоўцаў і прадпрымальнікаў у развіццё навукі і эканомікі ў свеце.

аз