Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусь у польскай журналістыцы знікае ці прыцягвае ўвагу?

25.11.2020 17:30
Выбары ў ЗША, другая хваля каранавіруса і вайна ў Нагорным Карабаху праз нейкі час займалі першыя старонкі газет і парталаў, выцясняючы пратэсты ў Беларусі на далейшы план
Аўдыё
  • Што пра падзеі ў Беларусі думаюць журналіст Славамір Серакоўскі і актывістка Яна Шостак
Сустрэча Новага Тэатру ў Варшаве прысвечалася тэме прысутнасці Беларусі ў СМІфейсбук: Nowy Teatr

Новы Тэатр у Варшаве ўжо другі раз арганізаваў адмысловую канферэнцыю, прысвечаную сітуацыі ў Беларусі і яе месцы ў медыя-прасторы, а таксама ў палітычнай сферы Польшчы і ЕЗ.  У якасці адмыслоўцаў выступалі журналіст Славамір Серакоўскі, які ад самага пачатку актыўна інфармаваў палякаў пра падзеі ў Беларусі, а таксама Яна Шостак, беларуска-польская актывістка і мастачка, якая займаецца актыўнай дапамогай беларусам, якія ўцяклі ў Польшчу.

Увага звярталася на некалькі тэмаў: як выглядае беларускі пратэст і чаму ён можа нас навучыць, роля СМІ ў пратэсце, а таксама сітуацыя ўцекачоў і рэальная дапамога польскага і еўрапейскага бакоў.

Славамір Серакоўскі назваў беларускі пратэст «інтэлігентным» і падкрэсліў, што тактыка эканамічнага знішчэння рэжыму самая эфектыўная:

 - Кожны, хто хоць трошкі разбіраецца ў беларускім пратэсце, бачыць, што гэты пратэст перадусім інтэлігентны. Ён умее эвалюяваць. Беларусы і беларускі дасканала апярэджваюць уладу ў сваіх дзеяннях. Улада тым часам інвестуе вялікія грошы ў сродкі абароны. І тут трэба падкрэсліць, бо мы гэтага не бачым наўпрост, але пратэст знішчае гэты рэжым фінансава. Кожнае здыманне сцяга каштуе, сцяг вяртаецца на наступны дзень і нават у большай колькасці месцаў. Гэта быццам бы спаборніцтвы па тым, хто больш рашучы і ў гэтым мы можам быць спакойнымі за беларусаў і беларускі.

Паводле Славаміра Серакоўскага, улада ў Беларусі абапіраецца на тым, што Лукашэнка трымае сваіх людзей і сілавікоў пры дапамозе грошай і лаяльнасці некаторых падначаленых, але гэты рэсурс таксама не не з’яўляецца бяздонным. Серакоўскі лічыць таксама, што Лукашэнку пагражае раптоўны выбух масавага пратэсту, яшчэ большы чым пасля смерці Рамана Бандарэнкі:

-Яго ўлада сёння абапіраецца не толькі на вельмі вузкай групе, перадусім сілавікоў, але таксама гэта ўжо не шчырая падтрымка. Людзі, калі стаяць пры Лукашэнку, робяць гэта са страху. Мала такіх, хто яшчэ яму давярае, а лаяльнасць, якую ён купляе ў сілавікоў і чыноўнікаў, абыходзіцца ўсё даражэй. У кожнага АМАПаўца сям’я, дзеці, ён жыве ў нейкім двары, вымушаны жыць у грамадстве хаваючыся ад яго. І гэта не абыякава для іх. Беларусы і беларускі ведаюць пра гэта. Таму пратэсты раскіданыя паўсюль. І Лукашэнку пагражае раптоўны выбух у любы момант. Настане эканамічны крызіс, АМАП зноў кагосьці заб’е, узнікне канфлікт паміж, напрыклад, арміяй і міліцыяй, паміж спецназам і АМАПам, што ўжо было блізка.

Нягледзячы на зацікаўленне тэмай Беларусі ў некаторых асяроддзях, Яна Шостак бачыць сітуацыю ў менш яркім святле. Яна, дапамагаючы беларускім ўцекачам, часта сустракаецца з неразуменнем сітуацыі і заклікае не забываць пра тое, што ў Беларусі ўсцяж праходзяць масавыя рэпрэсіі і ідзе сапраўдная грамадзянская вайна:

- Я разумею, што ў кожнай краіны ёсць свае праблемы, але напрыклад, справа Бандарэнкі не была дастаткова распаўсюджана.  Гэтая справа аднолькавая па мерках як справа Джорджа Флойда ў ЗША, а мала хто ведае пра Бандарэнку. Мы канешне размаўляем тут, але ў той жа момант, нікога не цікавіць, што адбываецца ў Беларусі. І, нажаль, сітуацыя паўтараецца, бо я памятаю што было ва Ўкраіне і што свет не рэагаваў такб як ён павінен.

Ролю медыяў у пратэстных дзеяннях і інфармаванні грамадства пра сапраўдныя падзеі ў Беларусі падкрэсліў Славамір Серакоўскі, які ад пачатку выбарчай кампаніі сочыць за актыўнасцю беларускіх СМІ. Выказаўся нават аб тым, што без журналістаў не было б пратэстаў у такім маштабе, які бачым сёння.

-Ёсць Белсат, Свабода, тут.бу. Трэба сказаць, што без іх не было б такіх пратэстаў. Яны праяўляюць неверагодную адвагу ў тым што робяць. Прафесіяналізм уражавае, бо калі казаць пра грашовы аспект іх працы, то гэта андэграўндавыя СМІ, а маштаб іх дзейнасці як у мэйнстрымавых. Гэта галоўная крыніца інфармацыі пра ўсё.

СМІ дапамагаюць таксама тым, хто падвяргаецца рэпрэсіям і быў вымушаны пакінуць краіну. Аднак у сферы дапамогі важная, калі не ключавая, роля іншых дзяржаў. Яна Шостак арганізуе ў Варшаве дапамогу ўцекачам, якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі і спрабуюць наладзіць новае жыццё ў Польшчы. Паводле актывісткі, дапамога з боку польскіх улад недастатковая.

-Чую ўжо ў 10-ты раз пра чалавека, які мусіў уцякаць, бо яму пагражала ад 3 да 8 гадоў і ён перайшоў нелегальна мяжу. Або пра людзей, якія псіхалагічна не вытрымлівалі таго, што адбываецца, пра людзей, якія пасля трэцяга "візіту" на Акрэсціна, вырашылі з'ехаць. І тыя людзі, калі глядзяць размову прэм’ер-міністра Польшчы з блогерам НЕХТА, што ёсць дапамога, што ёсць 50 мільёнаў злотых, вераць, што іх тут годна прымуць. А рэчаіснасць іншая – ужо на ўзроўні асноўнай дапамогі з карантынам, з візамі.  Людзі не атрымліваюць ніякай падтрымкі, бо гуманітарная віза ў рэчаіснасці не гуманітарная і толькі з 1 снежня можна будзе працаваць, маючы гэтую візу. Іншая дапамога, як псіхалагічная падтрымка, медычная або інфармацыйна, не даходзіць да гэтых асоб.

Новы Тэатр збіраецца арганізаваць чарговыя сустрэчы пра Беларусь з удзелам людзей звязаных з Беларуссю і заангажаваных у дапамогу беларусам. Сустрэчы прыцягваюць даволі шырокую аўдыторыю і паказваюць, што тэма Беларусі не знікае з балонак польскіх СМІ і сацсетак.

Альберт Ежы Вяжбіцкі