Прадстаўнік каманды Святланы Ціханоўскай па правах чалавека юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла заявіў пра намер падаць у польскія органы правасуддзя заявы супраць беларускіх сілавікоў. Рыхтуюцца падобныя справы, як у Літве, дзе была пададзеная на расследаванне справа жорстка збітага ў Мінску Максіма Харошына.
Гары Паганяйла нагадаў, што ў Беларусі органы правасуддзя адмаўляюць ва ўзбуджэнні крымінальных спраў. У Польшчы магчыма ўзбудзіць справу паводле ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, паколькі справы могуць разглядацца не толькі ў той дзяржаве, дзе злачынства было здзейснена, – кажа юрыст.
- Як польскія грамадзяне, якія былі затрыманыя, прайшлі праз збіццё і катаванне ў Беларусі, так і беларускія грамадзяне, якія пражываюць у Польшчы, могуць скарыстаць гэтай працэдурай. Праваахоўныя органы, пракуратура вельмі неахвотна карыстаюцца гэтай працэдурай, паколькі яна невядомая, шырока не выкарыстоўвалася ў Польшчы ці суседніх дзяржавах – Літве, Латвіі ці іншых краінах ЕЗ. Аднак яна існуе, патрэбная палітычная воля ўрадаў гэтых дзяржаў, у прыватнасці, Польшчы, каб спрабаваць прыцягнуць да адказнасці грамадзян не польскай дзяржавы за злачынствы, якія былі здзейсненыя на іншай тэрыторыі, чым польская. Гэта злачынствы, здзейсненыя супраць міру і бяспекі чалавецтва.
Нават калі б гэтыя крымінальныя справы былі ўзбуджаныя, удалося б сабраць дастаткова моцны матэрыял для замежнага, у прыватнасці, польскага суду, і беларускія злачынцы былі б асуджаныя, ці гэтыя прысуды не засталіся б чыста тэарэтычнымі, бо беларуская дзяржава не згодзіцца выдаць злачынцаў за мяжу?
- Не трэба так разумець, што неабходна абавязкова асудзіць і дабіцца выдачы злачынцы. Працэдура палягае ў тым, каб прыняць заяву аб злачынстве, сабраць доказы ўдзелу тых або іншых асоб, прыняць рашэнне пра арышт. Дзейнічае прававы прынцып: або выдай злачынцу, або асудзі сам. У такім выпадку, калі гэтыя асобы не будуць выдадзеныя Беларуссю, яны будуць аб’яўленыя ў міжнародны вышук. Як вядома, беларускія ўлады бяздзейнічаюць. З двух тысяч заяваў пра катаванні не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы, хаця прайшло ўжо больш за тры месяцы. Калі ўлады не выдаюць злачынцаў, неабходна звярнуцца ў органы іншых дзяржаваў, каб злачынцы былі затрыманыя, калі паявяцца ў гэтых дзяржавах. Дзеля гэтага працуе Інтэрпол, які будзе іх шукаць па ўсім свеце. Калі злачынца будзе затрыманы ў нейкай дзяржаве і дастаўлены ў Польшчу, яго тут асудзяць. Калі не, гэтая справа будзе адкладзена, але такія справы не маюць тэрміну даўніны.
Тыя, хто, на жаль, стаў смяротнай ахвярай беларускіх сілавікоў, самі ўжо не могуць абараніцца. Свежая справа – Раман Бандарэнка, які быў закатаваны на смерць за тое, што заступіўся за бел-чырвона-белую сімволіку. Ці яго сваякі таксама могуць шукаць справядлівасць за мяжой?
- Абсалютна так. Калі хтосьці з сям’і Бандарэнкі будзе на тэрыторыі заходняй краіны, яны могуць прасіць аб узбуджэнні крымінальнай справы, паколькі беларускія ўлады бяздзейнічаюць. Мы сочым за практыкай па ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі. Добрая практыка ў Германіі, Бельгіі, Нідэрландах. Такія злачынствы, як цяпер у Беларусі, здзяйсняюцца па ўсім свеце. Гэта не рэдкасць – афрыканскія краіны, Судан, Нігерыя. Да нашых часоў ідзе вышук чылійскіх вайскоўцаў, справы яшчэ 70-ых гадоў. Гэта міжнародны абавязак – змагацца з злачынствамі, калі ў той краіне, дзе яны адбыліся, правасуддзя не было.
Нядаўна беларускі бок абвясціў стваральніка тэлеграм-канала НЕХТА Сцяпана Пуцілу экстрэмістам і звярнуўся да польскага боку з заявай аб яго выдачы. Ці гэтыя дзве справы можна параўноўваць?
- Чаму гэтыя міжнародныя працэдуры існуюць: таму што кожны бок, у тым ліку польскі, калі да яго ўлады Беларусі звярнуліся аб выдачы беларускага грамадзяніна, абавязаны правесці праверку, ці ёсць склад злачынства ў дзеяннях таго, каго абвінавачвае беларуская дзяржава. У дзеяннях Пуцілы і шэрагу іншых няма складу крымінальных дзеянняў, гэта прыдуманыя абвінавачанні, якія не маюць ні доказаў, ні прававой падставы. Гэта проста жаданне нашых уладаў крымінальнымі метадамі змагацца з іншадумствам.
Гары Паганяйла паведаміў таксама пра намер узнавіць працу па справах знікнення палітычных апанентаў Лукашэнкі, што мела месца звыш 20 гадоў таму. Тады прапалі без вестак, між іншым, былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка і намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар. Праваабаронца перакананы, што калі ўлада ў Беларусі зменіцца, органы правасуддзя пачнуць расследаваць гэтыя справы.
нг