Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Традыцыйная дабрачынная акцыя «Вялікі аркестр святочнай дапамогi» адтэрмінаваная з-за пандэміі

24.12.2020 10:03
«Мы разумеем, што ў такой складанай сітуацыі, у якой апынулася Польшча, меры павінны быць рашучымі», - кажа кіраўнік фонду Ежы Оўсяк.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:_Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

У сувязі з новымі эпідэміялагічнымі абвастрэннямі сёлетняя традыцыйная дабрачынная акцыя „Вялікі аркестр святочнай дапамогі” былa перанесенaя з 10 студзеня на 31 студзеня 2021 году, паведамляе старонка onet.pl. Пра адтэрмінаванне мерапрыемства паінфармаваў кіраўнік фонду Ежы Оўсяк.

„Інфармацыя ўраду пра новыя абмежаванні, звязаныя з пандэміяй была для нас нечаканай. Тым ня менш, мы разумеем, што ў такой складанай сітуацыі, у якой апынулася Польшча, меры павінны быць рашучымі, паколькі толькі яны дазволяць узяць пад кантроль вірус і пандэмію”, - сказаў Оўсяк.

„На сённяшні дзень „Вялікі аркестр святочнай дапамогі” амаль поўнасцю падрыхтаваны. 1362 штабы аркестра застаюцца ў абсалютнай гатоўнасці і яны з поўным разуменнем успрынялі новы тэрмін мерапрыемства. У шматлікіх месцах можна ўжо ахвяраваць сродкі на акцыю. Таксама можна пералічаць узносы па інтэрнэце”, - дадаў старшыня Фонду „Вялікі аркестр святочнай дапамогі”.

Нагадваем, тыдзень таму міністр аховы здароўя паведаміў, што з 28 снежня па 17 студзеня ў Польшчы будзе дзейнічаць „нацыянальны каранцін”. Урад закрывае гасцініцы, гарналыжныя трасы і гандлёвыя цэнтры. З 19:00 31 снежня да 6:00 раніцы 1 студзеня будзе ўведзена абмежаванне ў перамяшчэнні.

У лістападзе ўрад абвясціў, што калі сем дзён запар сярэднясутачная колькасць новых інфекцый на 100 000 чалавек, перавысіць 70, то будзе ўведзены нацыянальны каранцін, а калі ўпадзе ніжэй узроўню 50, абмежаванні змогуць быць аблегчаныя, нагадвае onet.pl.

аз