Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Студэнтка БДЭУ, якая заснавала ўніверсітэцкі стачкам, выехала ў Польшчу

22.12.2020 17:45
Наста Пятровіч, як многія беларускія маладыя актывісты была вымушана пакінуць краіну. Яна расказвала нам пра сваю дзейнасць у стачкаме, студэнцкіх арганізацыях і тое, як уцякла з Беларусі.
Аўдыё
  • Інтжрв'ю з настай, у якім яна распавядае пра сваю пратэстную актыўнасць і вымушаны пераезд
Наста Пятровічфота ўласнае

Рухавіком кожнай перамены, кожнага пратэсту заўсёды з’яўляліся маладыя людзі, у тым ліку студэнты ў вялікіх гарадах. Іх супрацьстаянне і ў Беларусі застаецца надалей актыўным. Пасля некалькіх тыдняў штодзённых маршаў і спеўных сходаў распачаўся пераслед студэнцкага руху. Адной са студэнтак, якая была вымушаная з’ехаць з краіны, з’яўляецца Наста Пятровіч з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. З ёй размаўляе Альберт Ежы Вяжбіцкі.

АЕВ: Наста! Ты прыехала з Беларусі праз Кіеў і збіраешся застацца ў Польшчы, наколькі добра вядома. Раскажы, калі ласка, як усё пачалося? Як ты апынулася ў сітуацыі, што трэба было пакінуць радзіму?

НП: Я была актывісткай Задзіночання беларускіх студэнтаў на працягу двух гадоў, але вясной я вырашыла сысці ў адпачынак. Але калі пачаліся пратэсты, я вырашыла што не магу застацца ў баку. і таму я вырашыла заснаваць стачкам у маім універсітэце – БДЭУ. І яна пачала гэта рабіць, даведалася, што іншыя студэнты, у тым ліку актывісты і актывісткі Задзіночання робяць стачкамы і робіцца агульны стачкам. тады ма пачалі працаваць разам і мне падаецца – плёны пачалі працаваць і ў нас шмат новых планаў.

АЕВ: Але як усё пачалося, калі? Ужо 9 жніўня?

НП: Не, гэта было не 9 жніўня. Мне тады было вельмі цяжка эмацыйна, таму я амаль нічога не рабіла. Амаль не выходзіла на пратэсты, таму што проста хацелася плакаць ад усяго. Але потым напрыканцы жніўня я вырашыла сустрэцца з сяброўкамі і мы абгутарылі, што трэба штосьці рабіць ва ўніверы. Спачатку мы планавалі толькі на нашым факультэце, але потым з пачатку вучобы гэта перайшло на ўсю навучальную ўстанову.

АЕВ: А колькі людзей у вашым стачкаме? Афіцыйна і неафіцыйна.

НП: Нельга казаць афіцыйна, таму што мы крыху падпольны камітэт. Але ў самім стачкаме было прыкладна 20 чалавек. А на акцыях, якія мы ладзілі, у нас былі маршы на сотню чалавек. І актыўны акрамя нас 20-ці было чалавек 40.

АЕВ: І якія дзеянні вы прадпрымаеце? Ці надалей ваша праца працягваецца ці ўсе апынуліся за мяжой?

НП: Першага верасня мы рабілі агульны марш студэнтаў усіх універсітэтаў. Мы таксама паўдзельнічалі, а потым мы сапраўды думалі, што дыялог з адміністрацыяй можа адбыцца, але мы паспрабавалі паразмаўляць з рэктарам і ён такі непрыемны чалавек. Ён казаў адно, а ў выніку рабіў зусім другое. І потым мы рабілі маршы ўніверсітэцкія. Мы, падаецца, першы ўніверсітэт, які зрабіў лакальны марш. І потым мы рабілі іх кожны панядзелак. Таксама былі адзіночныя пікеты, групавыя пікеты, з залепленымі ратамі, сідзячыя акцыі, дзе людзі спявалі, крычалі лозунгі. А зараз праз тое, што ідзе дыстанцыйнае навучанне мы перайшлі больш у анлайн-фармат, мы аналізавалі сайт дзржзакупак, знайшлі што адміністрацыя траціць грошы на нейкую дурнату і мы спрабуем раззлаваць студэнтаў на адміністрацыю, каб яны змагаліся далей разам з намі.

АЕВ: А колькі было адлічэнняў у вашым універсітэце? Колькі з’ехала агулам? Ці ёсць нейкія прапановы для тых, хто быў адлічаны?

НП: Ну, пра БДЭУ я ведаю, што было дзесьці 17 адлічаных студэнтаў, але большасць з іх, 15, калі добра памятаю, вярнулі. Не вярнулі толькі двое, хто быў у маім стачкаме. За мяжу з БДЭУ з'ехалі чалавек 7. Калі казаць пра астатнія ўніверы то я ведаю, што ў Кіеве больш за 30 студэнтаў і студэнтак. У Вільнюсе таксама шмат. І ў Варшаве чалавек 5-10, калі не памыляюся. А адлічэнняў агулам было шмат. Але наколькі я ведаю, студэнтаў прымаюць назад. Іх просяць вярнуцца назад.

АЕВ: А калі ўсё пачалося? Я маю на ўвазе рэпрэсіі. Ты апынулася ў КДБ, але яны цябе адпусцілі. Былі, аднак, людзі, якім не пашанцавала, і некаторыя да сёння сядзяць на сутках. Якім чынам дзяржаўны апарат узяўся за студэнтаў?

НП: Я ведала, што некаторых актывістаў і актывістак затрымліваюць і бяруць на допыты, або проста забіраюць. Я не вельмі аб гэтым думала і ніякіх кіберзабеспячэнняў у нас не было. Мы ніяк сябе не абаранялі. Адной раніцы я выйшла на пары, калі мой хлопец, які таксама ў стачкаме, ужо сядзеў, за мной прыехаў дэпартамент фінансавых расследаванняў зранку і я з імі паразмаўляла нейкія дзве гадзіны і потым за мной прыехалі ўжо мужчыны з КДБ. Яны дапытваліся не толькі пра стачкам, але таксама пра нашыя размовы з арганізацыяй БАСТА. Яны сказалі, што мне свеціць 293 і 342 КК Беларусі. Як мінімум, узялі таксама падпіску аб не агучванні і некалькі разоў я яшчэ з імі сустракалася на допытах. І калі 12 лістапада у чацвер, які мы зараз называем «чорным чацверам», затрымалі шмат актывістаў і актывістак, у тым ліку Ксюшу Сармалот і Алану Гебрэмарыям з ЗБС, мы вырашылі, што трэба ехаць. За 20 хвілін прынялі рашэнне і ехалі ва Ўкраіну.

АЕВ: І ўрэшце вам удалося праехаць праз мяжу. Але я разумею, што было не проста. У вас былі праблемы з памежным кантролем?

НП: Праблемы былі. На беларускай мяжы нас спынілі. Вельмі доўга разглядалі мой пашпарт, потым майго хлопца і потым нам сказалі «Пачакайце, калі ласка». Усе астатнія пасажыры і пасажыркі ўжо прайшлі, а мы чакалі. Прыйшоў нейкі «старэйшы па змене», нічога не казаў, потым быў вобшук. У хлопца знайшлі лістоўкі, якія ён забыўся выкінуць. Адправілі іх на экспертызу на экстрэмізм, таму на мяжы ён атрымаў чарговую «угалоўку». І мы правялі так 5 гадзін. Хаця людзі там працуюць нармальныя, яны нас адпусцілі і знайшлі нам машыну, якая павезла нас да Кыева.

АЕВ: Я як разумею, ты кажаш толькі пра сябе і свайго хлопца, то бок вы не ехалі ўсе разам як прадстаўнікі студэнцкіх арганізацый? Я ведаю, што ЗБС зараз увесь за мяжой – ва Ўкраіне і Польшчы. Ці ў кагосьці з тваіх калег былі праблемы з пераездам? Як яны справіліся?

НП: Мы не ехалі ўсе разам, але ёсць адна дзяўчынка, якой напрыклад у той жа дзень пашанцавала. Да яе бабулі прыйшлі з вобшукам, а яна тады сядзела ў суседкі. Яна там была і планавала там спаць, а потым толькі даведалася, што былі ў яе з вобшукам. Потым неяк легальна яна ўсё ж такі выехала ў краіну. Таксама іншыя ЗБСаўцы Данік і Ліза, яны зʼехалі на нейкім ваенным УАЗіку праз лес у Расею, а потым з Расеі ва Ўкраіну. Вось гэта тыя, пра якіх цікавыя гісторыі я ведаю.

Ёсць студэнты, якім удалося перасекчы мяжу і ўцячы ад апарату рэпрэсій, сярод іх – Наста. Студэнтам, якія з’ехалі, некаторыя ўніверсітэты суседніх дзяржаў прапануюць вучобу, каб яны маглі працягваць тое, што ім было забаронена роднай дзяржавай з-за грамадзянскай актыўнасці. Ёсць яшчэ і тыя, хто за тую ж пазіцыю сёння пакутуе у СІЗА. Студэнцкі рух напэўна з’яўляецца адным з рухавіком перамен і менавіта гэтыя людзі – будучыня Беларусі.

Альберт Ежы Вяжбіцкі