Ужо больш як два тыдні трывае масавая вакцынацыя супраць каранавіруса ў Вялікабрытаніі, і дзесяць дзён у ЗША. Агулам прышчапілася больш за 2 мільёны людзей ва ўсім свеце, а ў краінах Еўразвязу працэс вакцынацыі плануюць пачаць яшчэ да Новага года. За гэты час пабочныя эфекты занатавалі толькі ў 8 чалавек, – ёсць чаму радавацца – чытаем у артыкуле на партале onet.pl. Адначасова навукоўцы, якія актыўна слядзяць за рэакцыямі арганізму на прышчэпку, інфармуюць, што бліжэйшыя тыдні будуць вызначальнымі і павінны даць адказ на пытанне, ці мы ўсе зможам атрымаць вакцыну без непажаданых наступстваў для нашага арганізму.
Ва ўсіх васьмі выпадках пабочных эфектаў, у пацыентаў адбыўся анафілактычны шок, які безумоўна нясе пагрозу жыццю. Ён выступае ў людзей з алергіяй, арганізмы якіх, у выніку ўвядзення адной з субстанцый вакцыны – паліэтыленгліколю, пачынаюць абаронную рэакцыю. Некаторыя навукоўцы асцерагаюць, што ў выпадку, калі будзе назірацца больш падобных эфектаў, можа аказацца, што вакцынаваць можна будзе толькі тых, у каго няма алергій, а гэта запаволіць працэс стварэння калектыўнага імунітэту. Нягледзячы на гэта навукоўцы заклікаюць зрабіць прышчэпку.
8 выпадкаў на 2 мільёны прышчэпак гэта досыць нізкі працэнт, а даследаванні аб прычынах і магчымасцях пазбегчы пабочных эфектаў, адмыслоўцы будуць весці ў бліжэйшыя тыдні. Краіны свету замовілі ўжо 8 мільярдаў 200 мільёнаў прышчэпак – гэта на 400 мільёнаў. Паспяховая вакцынацыя вымагае двух прышчэпак, зробленых з перапынкам прыкладна, у тры-чатыры тыдні. Замоўленай колкасці вакцын павінны хапіць на палову насельніцтва Зямлі. Пакуль масавыя вакцынацыі праводзяцца ў шасці краінах, аднак пасля каталіцкага Божага Нараджэння да гэтага ліку далучацца новыя дзяржавы.
onet.pl/аев