Прайшоў ужо амаль год з моманту, калі нашыя жыцці змяніліся на 180 градусаў. Найбольш мы гэта ўсведамляем менавіта зараз, калі амаль па ўсяму свету і ва ўсіх культурах святкуецца Новы год, Каляды, Ханука ды іншыя святы. На працягу апошніх месяцаў амаль кожны з нас сустрэўся з тым, што нейкі юбілей, дзень нараджэння або сямейнае свята праходзіла ў абмежаваных умовах, без традыцыйных рытуалаў ды часта без некаторых людзей.
Пандэмія каранавіруса ўплывае на кожную галіну грамадскага жыцця. Найбольш аднак яна ўдарыла па маладых людзях, для якіх каранавірус не з'яўляецца так вялікай пагрозай у прамым сэнсе, як для старэйшых, аднак іх жыццёвыя планы часта рухнулі ў адзін момант, а сітуацыя не палепшылася да сёння. Праблемы моладзі бачныя як у сацыяльнай, так і працоўная сферы. Так, напрыклад, на мінулым тыдні ў Францыі паліцыя ўварвалася ў будынак, дзе адбывалася нелегальная імпрэза на 2500 чалавек. Як казалі самыя прысутныя, «мы хацелі правесці гэты час у прыемнай атмасферы, з-за абмежаванняў нам не хапала кантакту з людзьмі, і гэта ўплывае на нашае самаадчуванне». Падобную дыскатэку сарвала іспанская паліцыя непадалёк ад горада Барселона, чытаем на сайце BBC.
Сярод маладых людзей моцнае не толькі жаданне пайсці на тусоўку. За апошнія месяцы яны страцілі таксама магчымасць «жыць нармальна», як кажуць многія. Канал «Нямецкая хваля» апублікаваў матэрыял, у якім запытаў маладых жыхароў Берліна пра іх цяжкасці і тое, як змянілася іх жыццё за час пандэміі:
-Калі думаю пра 2020 год, на думку прыходзіць...
нечаканасць, закрытыя межы, праблемы з дыгіталізацыяй,
тое што ніхто не чакаў, што хвароба можа нас усіх так паралізаваць у дзесяцігоддзі, калі развіццё тэхналогіі было так хуткім.
Не маю паняцця, колькі гэта ўсё будзе трываць. Ці змагу я скончыць сваю практыку ў новым годзе, так як планавала? Ці буду яшчэ ў стане застацца ў Берліне? Гэта адкрытае пытанне, якое моцна мяне турбуе.
«Карона» змяніла маё жыццё ў такім сэнсе, што пасля школы я не магла ўвайсці ў гэтае «берлінскае жыццё», не магла пазнаёміцца з новымі людзьмі, я не магла тусавацца.
Закрыццё эканомікі і некаторых галін сацыяльнага жыцця спрычынілася да таго, што моладзь пачала адчуваць сябе менш упэўненай часткай грамадства. Для людзей ва ўзросце 16-25 гадоў сусветная пандэмія і крызіс супалі з уваходам на рынак працы і агулам у дарослае жыццё, якое пачынаецца паступленнем на вучобу ды першай, паралельнай працай.
-Большая частка майго жыцця – гэта трэніроўкі і перформансы ва ўсім свеце, так што ад пачатку «кароны» ўсе падарожжы былі адмененыя.
Я ўяўляла сабе, што буду сядзець ва ўніверсітэце, сустракаць іншых студэнтаў, размаўляць з імі. Зараз усё праходзіць анлайн.
Момант, у якім я зразумеў, што ўсё дрэнна, быў тады, калі я ўбачыў, што мой гаманец пусты. У мяне не было сродкаў не толькі на тое, каб заплаціць за кватэру, але і на тое, каб купіць прадуктаў. Адзінае, што мне засталося, гэта быў танец. Такім чынам я дазваляў сваім эмоцыям і думкам пакінуць мяне.
Разам з «каронай» я навучылася, што мы не жывём вечна, і людзі, якія побач, таксама не жывуць вечна. І часам варта задумацца над тым, што яны кажуць, паразмаўляць з імі, каб не аказалася, што на размову позна.
У доўгатэрміновай перспектыве «карона» змяніла маё жыццё ў пазітыўнам напрамку. Я даведалася шмат пра сябе. Перш за ўсё трэба быць цярплівым, нельга здавацца толькі таму, што нешта ідзе не так.
Уплыў пандэміі і крызісу, які пачаўся ў сувязі з хваробай, будзе маштабным – лічаць эканамісты і адмыслоўцы рынку працы. Дагэтуль маладыя еўрапейцы часта працавалі ў няпоўным часавым вымярэнні і на часовых кантрактах, што дазваляла ім спалучыць вучобу з працай і практыкай. Зараз у шматлікіх кампаніях не прымаюць новых працаўнікоў. Больш за тое, шмат прадпрыемстваў зачыняецца па ўласным рашэнні або ў сувязі з новымі законамі. Так, напрыклад, у Польшчы ў мінулым годзе Кар’ерны офіс Варшаўскага ўніверсітэту атрымаў 8190 прапановаў ад фірмаў, што хочуць браць на працу студэнтаў. У гэтым годзе лічба скарацілася амаль на палову – да 4288 прапановаў працы. Так сітуацыю ў эфіры тэлебачання TVN пракаментавала экспертка рынку працы Агнешка Цецвеж.
-Калі казаць пра набор, то большасць зараз праходзіць дыстанцыйна, таму што ў некаторых галінах няма магчымасці інакш правяраць кандыдатаў. Напрыклад, у харчовай галіне, калі шукаюць касіраў або кладаўшчыкоў, падчас размовы няма як паказаць краму ці склад, таму працадаўцы больш ахвотна набіраюць людзей з досведам. І тут пачынаюцца цяжкасці для недасведчаных маладых людзей, бо працадаўцы аддаюць перавагу людзям з досведам, якіх не трэба вучыць. Паглядзім, як гэта будзе развівацца, але пакуль што гэта пэўная перашкода.
Так, некаторыя фірмы пачынаюць ствараць адмысловыя праграмы для людзей з гэтак званага «пакалення Covid-19». Французская гандлёвая сетка Carrefour плануе ў гэтым годзе ўзяць на працу 15 тысяч маладых людзей. Паводле дырэктара кампаніі, гэты захад мае дапамагчы ўратаваць моладзь ад наступстваў крызісу, які дакрануў іх і іх сем’і. New York Times у сваю чаргу назваў ужо гэтых людзей «няшчаснымі пачынальнікамі». Які будзе маштаб гэтай з’явы і ці «пакаленне Covid» увойдзе ў гісторыю развіцця чалавецтва, мы даведаемся толькі праз некалькі гадоў.
Альберт Ежы Вяжбіцкі