Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

53 гады таму пачалася Пражская вясна

05.01.2021 13:03
Спроба дэмакратызацыі камуністычнай сістэмы ў Чэхаславакіі прычынілася да пераменаў ва ўсім камуністычным блоку Еўропы.
Аўдыё
  • 53 гады таму адбыліся першыя падзеі Пражскай вясны.
       .
Дэманстранты нясуць нацыянальны сьцяг міма палаючага савецкага танка.Аўтар: The Central Intelligence Agency — 10 Soviet Invasion of Czechoslovakia, Грамадскі набытак, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=29195095

53 гады таму адбыліся першыя падзеі Пражскай вясны, то бок спробы дэмакратызацыі камуністычнай сістэмы ў былой Чэхаславакіі. 5 студзеня 1968 году падчас бурнага паседжання быў абраны новы старшыня Камуністычнай партыі Чэхаславакіі Аляксандр Дубчак. Неўзабаве новы кіраўнік абвясціў рэвалюцыйны праект рэформаў, які атрымаў назву „сацыялізм з чалавечым тварам”.

24 красавіка 1968 года прэм'ер Олджых Чэрнік прадставіў праграму, якая прадугледжвала захаванне канстытуцыйных свабод і грамадзянскіх правоў, адмену цэнзуры, стварэнне федэратыўнай дзяржавы і эканамічныя рэформы. У чэрвені ўрад зацвердзіў частку прапанаваных зменаў, якія былі з энтузіязмам успрынятыя народам.

Тым часам рэформы занепакоілі Маскву, якая палічыла іх пагрозай. Лідар Савецкага Саюза Леанід Брэжнеў некалькі разоў сустракаўся з Дубчакам і патрабаваў аднаўлення дысцыпліну ў краіне і ўзмацнення ролі партыі. Аднак першы сакратар Камуністычнай партыі Чэхаславакіі не рэагаваў.

Камуністычныя лідары бачылі ў спробе рэформаў у Чэхаславакіі пагрозу, лічыць былы старшыня  Інстытута нацыянальнай памяці Лукаш Камінскі(Łukasz Kamiński):

- Для Уладыслава Гамулкі, для Леаніда Брэжнева гэтыя падзеі былі пагрозай. Перш за ўсё, яны асцерагаліся, што поспех рэформаў у Чэхаславакіі прычыніцца да ўзнікнення падобных памкненняў у іх грамадствах. З другога боку, прапанаваныя рэформы пагражалі парушэннем камуністычнай сістэмы. Па ідэалагічных прычынах, яны не хацелі да гэтага дапусціць.   

У ноч з 20 на 21 жніўня 1968 году войскі пяці краін Варшаўскага дагавора, то бок СССР, Балгарыі, ГДР, Венгрыі і Польшчы ўвайшлі на тэрыторыю Чэхаславакіі. У аперацыі пад назвай „Дунай”, якая працягвалася месяц, прынялі ўдзел больш за 600 тысяч жаўнераў, былі задзейнічаныя танкі і самалёты. Загінула больш за 100 чалавек, а некалькі сотняў атрымалі раненні. Гэта была найбуйнейшая арганізаваная ваенная акцыя ў гісторыі пасляваеннай Еўропы.
 
Пра савецкія войскі на вуліцах Прагі паведамляла тамтэйшае радыё:

-  Учора, 20 жніўня, каля 23:00, войскі Савецкага Саюза, Польскай Народнай Рэспублікі, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, Венгерскай Народнай Рэспублікі і Народнай Рэспублікі Балгарыя перайшлі межы Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

У сваю чаргу радыё „Чэскaе-Будзеёвіцы” звярталася да агрэсараў на рускай мове:

- Вам сказалі, што ў нашай краіне ідзе контррэвалюцыя, што Чэхаславакія знаходзіцца пад пагрозай імперыялізму - вы бачыце, што гэта не так. Гэта была хлусня. Да нас прыехалі не амерыканскія танкі, не заходнегерманскія, а вашыя танкі. Вы агрэсары.

26 жніўня кіраўніцтва Камуністычнай партыі Чэхаславакіі на чале з ейным лідарам Аляксандрам Дубчакам было дэпартаванае ў Маскву і прымушанае падпісаць згоду на прысутнасць у іх краіне „саюзных” войскаў. Была адноўлена цэнзура і кантроль над СМІ. У красавіку 1969 года кіраўніцтва ў партыі пераняў Густаў Гусак.

У аперацыі па падаўленні Пражскай вясны прынялі ўдзел амаль 25 тысяч палякаў. Аднак насуперак афіцыйнай прапагандзе, якая апраўдвала агрэсію супраць Чэхаславакіі, польскае грамадства не падтрымлівала інтэрвенцыі. У краіне распаўсюджвалі нелегальныя ўлёткі, якія адкрыта крытыкавалі акцыю „Дунай”. У гарадах паяўляліся крытычныя надпісы на сценах. Доказам тагачаснага стаўлення грамадства з'яўляюцца шматлікія вершы і песні, якія тады ўзнікалі. Адным з самых папулярных стаў твор чэшскага барда Карэла Крыла „Bratříčku, zavírej vrátka” у польскім перакладзе вядомы пад назвай „Не плач, брат”:

- Не бойся, брат / Ніхто ў страхі не верыць / Ты ўжо занадта вялікі / Гэта проста салдатаў / Прывезлі ў зялёных / Вуглавых грузавіках.

Умяшальніцтва войскаў Варшаўскага дагавора на многія гады адтэрмінавала сістэмныя перамены ў Чэхаславакіі.  Толькі ў 1989 годзе падзеі ў іншых краінах усходняга блока, у тым ліку ў Польшчы, выклікалі хвалю мірных пратэстаў у Чэхаславакіі, то бок гэтак званую „Аксамітную рэвалюцыю”, якая прывяла да падзення камунізму ў гэтай краіне. Неўзабаве пасля гэтага Чэхаславакія спыніла сваё існаванне, а ў 1993 годзе былі створаны дзве асобныя дзяржавы - Чэхія і Славакія.

Прэзідэнт Бундэстага Вольфганг Шойбле, які ў 2019 годзе ў Празе прыняў удзел у святкаванні 30-годдзя аднаўлення свабоды чэхамі і славакамі нагадаў, што без Пражскай вясны не было б магчымым таксама аб'яднанне Германіі:

- Аб’яднанню Германіі папярэднічала барацьба людзей за незалежнасць і свабоду за жалезнай заслонай. Пражская вясна была для многіх грамадзянскіх рухаў у ГДР адпраўной кропкай у іх апазіцыйнай барацьбе.

Уварванне ў Чэхаславакію ў 1968 годзе выклікала хвалю абурэння ў Польшчы. Аперацыю параўноўвалі да акупацыі Заользя ў 1938 годзе і называлі здрадай. Пратэставалі польскія інтэлектуалы, у тым ліку: Ежы Анджэеўскі, Зыгмунт Мыцельскі і Славамір Мрожак, а таксама польская меншасць у Чэхаславакіі і пасляваенная эміграцыя.

Самую трагічную форму пратэсту абраў Рышард Сівец, які падпаліў сябе 8 верасня 1968 года падчас дзяржаўных урачыстасцяў на стадыёне 10-годдзя ў Варшаве (цяпер гэта Нацыянальны стадыён). Падобным чынам свой супраціў выказаў Ян Палах. Студэнт Карлавага ўніверсітэта ў Празе здзейсніў самаспаленне каля Нацыянальнага музея на Вацлаўскай плошчы. Яго смерць выклікала хвалю антысавецкіх пратэстаў.

iar/аз