Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Хто на думку польскай газеты галоўная асоба беларускіх пратэстаў?

05.01.2021 15:56
Узгадваюцца прозвішчы Ціханоўскай, Калеснікавай, Стрыжака, Вячоркі ды іншых.
    ,  2020
Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава, ліпень 2020 года EPA / TATYANA ZENKOVICH Пастаўшчык: PAP/EPA

У адным з артыкулаў сённяшняй Газеты Выборчай прачытаем кароткія біяграфіі важных для 2020 года ў Беларусі асоб. Аўтарка нагадвае, што за 26 гадоў кіравання Лукашэнкі, беларуская апазіцыя была паступова знішчаная рэжымам. Нягледзячы на тое, што мінулыя рэвалюцыі, з якіх найбольш яскравай была Плошча 2010, не ўдаліся, народ у 2020 годзе сказаў «хопіць» і выйшаў паказаць сваю волю. Гэты год прынёс перадусім новых людзей для беларускай апазіцыі і зараз гэтыя асобы вядомыя ўсім у Беларусі, у якасці лідараў пратэсту.

Першай у артыкуле згадваецца Святлана Ціханоўская. Яе гісторыя, якая можа служыць натхненнем не адной жанчыне, апісаная як эвалюцыя са звычайнай гаспадыні ў палітыка, які сустракаецца з прэзідэнтамі і кіраўнікамі еўрапейскіх дзяржаў. Падкрэслена таксама тое, што Ціханоўская не імкнецца займаць галоўны пост даўжэй чым на пераходны перыяд, а яе галоўная мэта – адабраць уладу Лукашэнку. Побач з Ціханоўскай – Марыя Калеснікава. Аўтарка артыкула піша, што ўжо ў жніўні чалец Каардынацыйнай Рады казала, што не мае намераў пакідаць краіну ды не адчувае сябе палітыкам. Апісана таксама вядомая падзея знішчэння пашпарту ў моманце, калі Калеснікаву спрабавалі вывезці ва Украіну. Важнымі жанчынамі для беларускіх падзеяў, паводле аўтаркі, з’яўляюцца таксама Святлана Алексіевіч ды Ніна Багінская. Іх роля вельмі важная – нобэлеўская лаўрэатка, якая была вымушана пераехаць у Нямеччыну, спрабуе выкарыстаць свой уплыў, каб лабіраваць за беларускі народ за мяжой. Багінская ў сваю чаргу стала вядомая ледзь не кожнаму ў Беларусі, яна з’яўляецца натхненнем многіх маладых, пра якіх сама кажа, што «маладыя – наш рухавік і трэба іх слухаць».

У гэтую кампанію жанчын далучаюцца і мужчыны: Павел Латушка, Андрэй Стрыжак ды Франак Вячорка. Латушка прадстаўлены, як былы чыноўнік, які ўжо на самым пачатку выказаў сваю падтрымку беларускаму народу і перайшоў на бок пратэсту. Пра Стрыжака даведаемся, што ён многія гады арганізуе і каардынуе дабрачынную дзейнасць у краіне, а пра Вячорку – што гэта вельмі прынцыповы ды адукаваны чалавек, які стаў галоўным дарадцам Ціханоўскай.

Gazeta Wyborcza/аев