Беларуская Служба

16 гадоў таму ў Рыме адбылося пахаванне святога Яна Паўла ІІ

08.04.2021 15:41
Пахаванне Папы-паляка было сімвалічнай падзеяй, якая сабрала рэкордную колькасць хрысціян і не толькі.
Аўдыё
  • 16 гадоў таму ў Рыме адбылося пахаванне святога Яна Паўла ІІ.
    , 2005.
Пахаванне святога Яна Паўла ІІ, 2005.Autorstwa Ricardo Stuckert/PR - Agência Brasil [1], CC BY 3.0 br, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=101466

16 гадоў таму, 8 красавіка 2005 года на плошчы Святога Пятра ў Рыме прайшлі жалобныя ўрачыстасці ў сувязі са смерцю Папы рымскага-паляка. Ян Павель ІІ, які ўзначальваў Каталіцкі касцёл амаль 27 гадоў, памёр 2 красавіка 2005 года. Яго пантыфікат аказаў значны ўплыў на лёс свету, у тым ліку садзейнічаючы падзенню камунізму ў цэнтральнай Еўропе.

Дырэктар музея Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага Пётр Дмітровіч(Piotr Dmitrowicz) падкрэслівае, што жыццё Папы-паляка, а асабліва „стаўленне Святога Айца да пакут і хваробы” стала крыніцай надзеі для мільёнаў людзі:

- Мы павінны дэманстраваць чалавечую годнасць – асноўную каштоўнасць. Менавіта гэта Ян Павел ІІ рабіў усё сваё жыццё. Пра гэта трэба памятаць. Нельга ўспамінаць Яна Паўла ІІ выключна ў кантэксце яго любімага пірожнага, Вадавіцаў  ці прамоваў. Але, перш за ўсё, у кантэксце гуманізму.

Папа Ян Павел ІІ падчас свайго пантыфікату здзейсніў 104 міжнародныя паломніцтвы і наведаў 129 краін на ўсіх кантынентах. Але для яго пантыфікату асноўным быў клопат пра слабых і забытых, дадае Пётр Дмітровіч:

- Ён казаў: Я хачу быць голасам тых, хто не можа гаварыць. Гэта не выпадак, што са сваімі першымі паломніцтвамі накіраваўся ў рэжымы, якія нішчылі і пераследавалі сваіх грамадзян – за веру, палітычныя погляды. Гаворка ідзе, напрыклад пра Мексіку, Ірландыю іг.д. Гэта быў Папа бедных і пакрыўджаных людзей, якія не мелі права гаварыць. Ён гаварыў ад іх імя.

Жалобнае набажэнства, якое служылі 140 кардыналаў і патрыярхаў каталіцкіх усходніх касцёлаў, узначаліў кардынал Ёзэф Ратцынгер, які пазней стаў Папам рымскім  Бенедыктам XVI.

Настаяцель Сабора Святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве пралат Богдан Барталд (Bogdan Bartołd) звяртае ўвагу, што пахаванне Яна Паўла ІІ было сімвалічнай падзеяй, якая сабрала рэкордную колькасць хрысціян:

- Кардынал Ратцынгер правільна сказаў, што Папа-паляк пакутаваў і кахаў разам з Хрыстом. Варта нагадаць таксама яго словы, што „Ян Павел ІІ зараз стаіць у акне Дома Айца, глядзіць на нас і блаславіць нам”. І гэтыя заклікі вернікаў : Santo subito – Святы неадкладна! І кніга, якая раптам закрылася на труне Папы і стала сімвалам заканчэння жыцця Яна Паўла ІІ на Зямлі.  

Пахаванне Яна Паўла ІІ было адным з найбуйнейшых рэлігійных сходаў у гісторыі. У Ватыкан прыбылі прэзідэнты, прэм'ер-міністры, каралі і рэлігійныя лідары з усяго свету. На цырымонію пахавання ў Рым прыехалі 5 мільёнаў чалавек.
У імшы на плошчы св. Пятра прынялі ўдзел некалькі соцень тысяч вернікаў. Па ўсім Рыме некалькі мільёнаў людзей глядзелі набажэнства на экранах, усталяваных у розных частках горада.

Прысутны на цырымоніі арцыбіскуп Балтымaра, кардынал Уільям Кілер сказаў, што прыбыццё ў Рым прадстаўнікоў розных канфесій было доказам дасягненняў і аўтарытэта Яна Паўла ІІ:

-  Гэта неверагоднае, але гэта доказ таго, як гэты Папа здолеў наблізіцца да звычайных людзей, закрануць іх сэрцы. Я памятаю яго візіт у Балтымaр (...), калі тэлепрадзюсер, дарэчы габрэйка, сказала, што гэта быў самы кранальны момант у яе жыцці.

Пасля смерці Яна Паўла ІІ да дня пахавання  яго цела было выстаўлена ў Саборы св. Пятра. За гэты час памерлага Папу ўшанавалі тры мільёны чалавек. Сярод іх было шмат тысяч палякаў, якія адмыслова прыбылі ў Рым з Польшчы.

Папу рымскага ўшаноўвалі таксама вернікі іншых канфесій. Набажэнствы праходзілі ў праваслаўных, мусульманскіх і габрэйскіх святынях. У маскоўскім саборы больш за тысячу чалавек глядзелі трансляцыю пахавання Папы-паляка, у тым ліку шмат праваслаўных хрысціян. Адзін з іх, які ўпершыню ў жыцці прыйшоў у каталіцкі касцёл, падкрэсліў, што Ян Павел ІІ любіў усіх, незалежна ад веравызнання:

- Я праваслаўны. Я лічу, што Ян Павел ІІ праявіў нам вялікую любоў. І вось зараз гэтую любой аказваюць яму.

Цела памерлага Папы рымскага было змешчанае  ў труне з кіпарысавага дрэва, што сімвалізуе бессмяротнасць. Падчас імшы, старонкі Бібліі, якая была змешчаныя на труне, гартаў вецер, а ў канцы цырымоніі кніга зачынілася. Шмат хто з вернікаў успрыняў гэта, як доказ святасці Яна Паўла ІІ.

Папа Бенедыкт XVI пагадзіўся пачаць працэс беатыфікацыі свайго папярэдніка праз месяц і 11 дзён пасля яго смерці без пяцігадовага тэрміну, прадугледжанага законам.
Праз тры гады, 27 красавіка 2014 года, Папа Францішак на сумеснай урачыстасці кананізаваў Яна XXIII і Яна Паўла ІІ.

Па сённяшні дзень памяць пра Яна Паўла ІІ жывая сярод вернікаў. Кожны год да яго магілы ў Саборы св. Пятра ў Рыме пілігрымуюць мільёны вернікаў, якія пакідаюць Святому карткі з малітвамі, просьбамі і падзякамі. 2020 год, паводле пастановы Сейма Польшчы адзначаўся як Год святога Яна Паўла ІІ.

Нагадваем, кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам рымскім 16 кастрычніка 1978 года. На працягу больш за 26 гадоў свайго пантыфікату Ян Павел ІІ беатыфікаваў і кананізаваў больш людзей, чым усе яго папярэднікі за пяць стагоддзяў.

Усяго падчас 51 цырымоніі ён абвясціў бласлаўвёнымі 1 338 чалавек, святымі - 482 чалавекі. Сярод бласлаўвёных былі 160 палякаў і два Папы рымскія - Ян XXІІІ і Пій ІX, а сярод святых - 11 палякаў.

аз