У выданні Sieci артыкул пра медыкаў у Польшчы. Усе ведаюць, што лекараў не хапае.
Яшчэ пару гадоў таму шмат медыкаў эмігравала за мяжу, але цяпер лекараў не хапае па іншай прычыне. Калі з Польшчы і выязджаюць выпускнікі медычных факультэтаў, то амаль выключна іншаземцы, якія прыязджаюць сюды атрымаць адукацыю, а пазней вяртаюцца на айчыну. У сваю чаргу, польскія лекары вельмі занятыя. Паводле статыстыкі парталу ELA, які адсочвае лёс выпускнікоў розных ВНУ, кожны медык працуе ў сярэднім у 1,8 месцах працы. Рэкардысты працуюць нават у пяці розных паліклініках і шпіталях. Гэтай прафесійнай групе беспрацоўе не пагражае.
Праблема ў тым, што лекараў у краіне катастрафічна не хапае. Так сталася таму, што пад канец 80-ых гадоў была рэзка паніжана колькасць месцаў для студэнтаў на медычных напрамках. З шасці тысяч месцаў у 1987 годзе ліміт зменшыўся да 3,3 тысячы ў 1990, а ў 2003 агулам было крыху больш за дзве тысячы. Такім чынам, на працягу паўтара дзясятка гадоў колькасць студэнтаў зменшылася практычна ўтрая. І толькі два гады таму ліміты былі значна павышаны – у навучальным годзе 2019/2020 было прынята звыш васьмі тысяч студэнтаў.
Аднак хутка праблема недахопу медыкаў не будзе вырашана. Адукацыя лекара працягваецца звыш дзесяці гадоў, уключаючы спецыялізацыю. Так што сітуацыя рэальна палепшыцца толькі праз 15-20 гадоў.
нг