Сённяшняя Gazeta Wyborcza публікуе інтэрв’ю з Мартай Бэйнар-Бэйнаровіч, якая з’яўляецца кіраўніком Кангрэсу гарадскіх рухаў, пра выклікі, якія стаяць перад гарадамі ў выніку зменаў клімату. У першую чаргу яна падкрэслівае ўплыў дэпапуляцыі і дэагламерацыі на становішча сённяшніх гарадоў. У малых мясцінах, дзе не знойдзем ні ўніверсітэту, ні аддзелаў цэнтральных інстытутаў, цяжка казаць пра светлую будучыню. Маладыя людзі будуць з’язджаць з маленькіх гарадоў, каб атрымаць лепшую адукацыю і працу. Калі не распачнецца дэцэнтралізацыя, такім гарадам пагражае павольнае знікненне. У Польшчы палітыкі часам напамінаюць аб тым, каб перанесці ўстановы з Варшавы ў меншыя гарады, аднак, паводле эксперткі, сам перанос не дапаможа сітуацыі. Для лепшага эфекту варта палепшыць кантакт між органамі ўлады і грамадзянамі.
Марта Бэйнар-Бэйнаровіч звяртае ўвагу таксама на шкодную тэндэнцыю будаўніцтва на ўскраінах гарадоў. Гэтая з’ява не з’яўляецца спробай дэцэнтралізацыі, бо людзям усё роўна патрэбны горад. Калі будуем новыя раёны па-за межамі горада, але не дабудоўваем інфраструктуры, гэта спрычыняецца толькі да таго, што ў цэлым такое будаўніцтва і жыццё каштуе больш.
У сённяшнія трэнды ўваходзіць таксама патрабаванне жыхарамі больш «зялёнай» забудовы. Людзі бачаць, што кліматычны крызіс не датычыць толькі лясоў у Амазоніі або ледавікоў у Антарктыдзе. Ён дайшоў і да нас. І ў гарадах, дзе дамінуе бетонная забудова, становіцца больш горача. І да такіх галасоў палітыкі павінны прыслухоўвацца, кажа ў інтэрв’ю Gazeta Wyborcza кіраўнік Кангрэсу гарадскіх рухаў Марта Бэйнар-Бэйнаровіч.
аев