Беларуская Служба

На думку міністра аховы здароўя Польшчы, пандэмія змяніла наш свет назаўсёды

17.04.2021 08:00
Адам Нядзельскі параўноўвае каранавірус з джынам, выпушчаным з бутэлькі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnefaboi/ Shutterstock

Тыднёвік Sieci правёў інтэрв’ю з міністрам аховы здароўя Польшчы Адамам Нядзельскім. Артыкул носіць загаловак «Пандэмія змяніла наш свет», зразумела, пра што пойдзе гаворка. Меркаваннем міністра, мы ніколі ўжо не вернемся ў рэальнасць, якая была перад пандэміяй. Цяпер у людзей будзе значна большае разуменне пагроз, якія нясуць мікраарганізмы. А такіх пагроз у бліжэйшых гадах будзе ўсё больш.

Нядзельскі параўноўвае каранавірус з джынам, выпушчаным з бутэлькі. Яго ўжо немагчыма назад загнаць. Паяўляюцца новыя варыянты, некаторыя могуць быць устойлівыя на вакцыну. «Будзем спадзявацца, што нам удасца давесці каранавірус да таго ўзроўню, на якім знаходзіцца грып. Аднак нельга забываць, што свет стаў менш бяспечны таксама па той прычыне, што чалавек занадта ўмешваецца ў натуральнае асяроддзе, таму паяўляецца рызыка стварэння новых мікробаў», – кажа міністр.

Журналіст пытае таксама, ці варта было ўводзіць лакдаўны, можа трэба было прызначыць грошы, страчаныя ў выніку іх, або выдаткаваныя на дапамогу для бізнесу, лепш на новыя шпітальныя аб’екты? Канешне, можна паставіць і сто бальніц, але хто будзе ў іх працаваць? Лекары з-за мяжы крыху дапамагаюць, але гэтага мала. На працягу апошняга года польская сістэма аховы здароўя праходзіць жорсткую праверку. Шмат людзей памірае не толькі ад Covid-19, але перш за ўсё ад анкалогіі ды кардыялагічных захворванняў. У сувязі з тым, што ўсе сілы кінутыя на барацьбу з пандэміяй, іншыя хворыя атрымліваюць менш эфектыўную дапамогу. Высокая смяротнасць – гэта таксама вынік у цэлым дрэннага стану здароўя палякаў.

Чаму каранавірус такі небяспечны? Гэты мікроб аказвае жахлівы ўплыў на лёгкія. Цэлыя фрагменты лёгкіх адміраюць. Гэта страшная хвароба, яна можа пакідаць сёр’зныя наступствы не толькі ў тых, хто перажыў цяжкую форму захворвання. Вельмі памыляюцца тыя людзі, хто кажа, што пандэміі няма, – кажа Нядзельскі.

Калі ўсё можа закончыцца? На думку міністра аховы здароўя, летам, калі пачнуцца канікулы, можна будзе вяртацца да нармальнага жыцця. Новы навучальны год у верасні павінен пачацца ў школах, на што разлічваюць не толькі школьнікі і бацькі, але таксама міністр аховы здароўя. Чацвёртая хваля, калі і паявіцца, не будзе ўжо такой высокай дзякуючы праграме вакцынацыі і натуральнаму імунітэту жыхароў.

нг