Познім вечарам у нядзелю 18 красавіка была апублікаваная заява пра стварэнне футбольнай еўрапейскай Суперлігі, чытаем сёння ў шматлікіх спартовых газетах ды сайтах. Паводле журналістаў газеты Przegląd Sportowy, гэта сапраўдная рэвалюцыя. Суперліга – гэта аб’яднанне лепшых еўрапейскіх клубаў, якія ўчора заявілі аб стварэнні новага фармату чэмпіянату. Такія каманды як Рэал Мадрыд, Ювентус, Ліверпул, Барселона сталі заснавальнікамі Суперлігі. Пакуль у такой ролі выступіла 12 клубаў з Англіі, Італіі і Іспаніі. Канчаткова ў Лізе павінна выступаць 20 камандаў, аднак іх назвы пакуль невядомыя. Вядома, што ад удзелу адмовіліся такія брэнды, як Пары Сен-Жэрмен, Баварыя Мюнхен і Барусія Дортмунд.
Першым старшынёй суперлігі стаў прэзідэнт Рэала Мадрыд Фларэнціна Перэс. – Мы дапаможам футбольнаму спорту заняць яго правільнае месца ў свеце. Футбол – адзіны сусветны від спорту з 4-мільярднай аўдыторыяй, і наш абавязак, як вялікіх клубаў, – гэта адказ на яе патрэбы, – кажа Перэс.
Паводле планаў, 20 камандаў-удзельніц Лігі будуць падзеленыя на дзве групы, з якіх па 3 лепшыя каманды пяройдуць у турнірную фазу, да якой далучацца і дзве лепшыя каманды з плей-офаў, у якіх згуляюць 4-ая і 5-ая каманда кожнай групы. Спрэчкі выклікае таксама пытанне таго, што клубы-заснавальнікі будуць забяспечаны перад рэлегацыяй. Нягледзячы на вынікі іх матчаў, яны застануцца ў лізе на наступныя сезоны.
На планы стварэння Суперлігі, якая павінна пачаць дзейнічаць ужо ў жніўні, жорстка адрэагавалі УЭФА і ФІФА, якія прыгразілі збунтаваным клубам і футбалістам выключэннем з усіх арганізаваных імі турніраў, у тым ліку Чэмпіянатаў свету і Еўропы, чытаем на сайце газеты Przegląd Sportowy.