Ужо 21 чэрвеня беларусы Варшавы збіраюцца на беразе Віслы, каб адсвяткаваць традыцыйнае свята Купалле. Пра тое, што чакае ўдзельнікаў на гэты раз, расказвае адна з арганізатараў Купалля Вольга Гардзейчык-Мазярская.
— Формула Купалля вельмі шырокая. Мы стараемся, каб і моладзі было куды сваю энергію і радасць прымяніць, і для дзяцей каб было цікава, і каб для сталых людзей былі свае адмысловыя плюшачкі. Чаму Купалле – гэта важна? Таму што нас тут стала шмат, і беларусам патрэбныя моманты яднання па-над падзеламі, поглядамі, палітыкай і ўзростамі. Штосьці, што абсалютна яднае і радуе. Купалле – гэта ідэальна, таму што яно ў нашай генетычнай памяці ёсць, гэта імкненне – скочыць праз вогнішча, зрабіць вянок, заспяваць “Купалінку”пашукаць папараць-кветку.
І павучыцца танцаваць беларускія танцы. У папярэднія разы танцы карысталіся вялікай папулярнасцю. І былі людзі, якія ўкладвалі шмат сэрца і высілку ў тое, каб вучыць беларускім танцам, хаця б элементарным крокам.
— Ведаеце, сэрца – гэта аснова і пульс Купалля. Таму што тут няма праекту. Мы ўсе прызвычаеныя, што гэтыя актыўнасці неяк падтрымліваюцца фінансава. Дык вось, Купалле – бадай, адзіная ініцыятыва, якая не падтрымліваецца нікім і нічым. Таму не толькі выдатны Аляксей Бурносенка, але і іншыя вядоўцы працуюць па поклічы сэрца. Падрыхтаваная выдатная праграма, якая ўлічвае не толькі танцы, але яна разлічаная на інтэрактыў. Канешне, можаш ляжаць збоку на пледзіку і назіраць, як многія беларусы – “Мая хатка з краю”, але доўга ты не паляжыш. Зараз цябе паклічуць на нейкі конкурс, танец або гульню, або вогнішча, або трэба будзе пускаць вяночкі, або канцэрт.
І ўсё гэта на беразе маляўнічай ракі Віслы. А дзе дакладна?
— Гэта на Пляжы Саскай, па праскім беразе Віслы. Крышачку ў бок ад папярэдняга месца, якое было на вышыні заапарку, таму што на гэты раз партнёрам стаў Беларускі дом, а яны вельмі блізка ад гэтага пляжа. І там значна больш прыгожа. Сёлета будзе яшчэ і з украінскім дамесам. Украінцы не ладзяць свайго Купалля, але яны з радасцю пагадзіліся заспяваць украінскія песні і паказаць свае адметныя традыцыі
На Купалле запрашаюць арганізатары - тэатральная студыя "Купалінка" і Беларускі дом у Варшаве. 21 чэрвеня, пачатак у 16.00, Plaża Saska.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
нг