Беларуская Служба

Кліматычны саміт: Апублікаваная ўсёабдымная справаздача аб клімаце

21.04.2021 11:14
Гэта больш за 120 артыкулаў, напісаных экспертамі, відэа і інфаграфіка.
Аўдыё
  • Кліматычны саміт: Апублікаваная ўсёабдымная справаздача аб клімаце
  Togetair
Кліматычны саміт TogetairPAP/Rafał Guz

У Польшчы распачаўся кліматычны саміт TOGETAIR. Гэта маштабная падзея, якая з розных бакоў падыходзіць да кліматычных праблем і выклікаў. На працягу трох дзён пройдзе каля дзясятка дэбатаў па ахове навакольнага асяроддзя і польскай кліматычнай палітыцы.

На пачатку саміту была апублікаваная мультымедыйная справаздача аб клімаце TOGETAIR. Гэта больш за 120 артыкулаў, напісаных экспертамі, відэа і інфаграфіка.
Старшыня Фонду чыстага паветра Агата Смея кажа, што гэта першая такая ўсёабдымная справаздача аб клімаце.

-У сваёй справаздачы да тэмы мы падыходзім вельмі шырока, паколькі засяроджваемся на тэме чатырох стыхій: паветра, вады, агню і зямлі. Апошнім элементам з'яўляецца чалавек – яго пазітыўная і негатыўная роля ў ахове клімату і дзейнасці на яго карысць. Навізна заключаецца не толькі ў шырокай праблематыцы, але і ў тым, што мы запрасілі да падрыхтоўкі дакументу ўсе сектары.

Справаздача ўключае матэрыялы і рэкамендацыі, падрыхтаваныя для кожнай часткі краіны цэнтральнай адміністрацыяй, прадстаўнікамі мясцовага самакіравання, навукоўцамі, а таксама прадстаўнікамі дзелавога свету і няўрадавых арганізацый. У артыкулах прадстаўлена сітуацыя ў кожным з ваяводстваў, а таксама рэкамендацыі, прыярытэты і мэты на бліжэйшыя гады ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і змякчэння наступстваў кліматычных змен. Матэрыялы таксама даступныя на англійскай мове.

Саміт TOGETAIR адкрыў міністр па справах клімату Міхал Куртыка. Ён сказаў, што Польшча справіцца з праблемай пераўтварэння энергіі і клімату, калі прадстаўнікі ўсіх сектараў – урада, мясцовага самакіравання, прамысловасці і няўрадавых арганізацый будуць супрацоўнічаць паміж сабой.

Міністр Міхал Куртыка сказаў, што тэматычны абʼём, узняты падчас саміту TOGETAIR, адпавядае амбіцыям і памкненням міністэрства ў кантэксце трансфармацыі. Ён нагадаў, што два месяцы таму ўрад прыняў дакумент – Польская энергетычная палітыка да 2040 года, які вызначае напрамкі змен у паліўна-энергетычным сектары.

-Нашыя энергетычныя актывы старэюць. Ян паходзяць з 60-70-х гадоў. Гэта традыцыйная вугальная энергетыка, занядбаныя цеплаэлектрастанцыі, часта вельмі неэфектыўныя энергетычна будынкі, састарэлыя катлы. Усё гэта – велізарныя выклікі і інвестыцыі, якія нас чакаюць. Але па другім боку гэтага балансу – велізарныя шанцы. Мы, як краіна, можам далучыцца да міжнароднага тэхналагічнага спаборніцтва, у які цяпер уваходзяць усе краіны планеты.

Міністр Куртыка падкрэсліў, што працэс пераходу ад вугалю да больш экалагічна чыстых новых тэхналогій павінен быць справядлівым, каб у выніку пераўтварэння не пацярпелі рэгіёны, якія абапіраюцца на выкапнёвае паліва, а іх жыхары атрымалі працу ў новых сектарах.

-Такім чынам гэта велізарны выклік, але і велізарны шанец. Для нас, на сённяшнім саміце Togetair велізарны выклік, каб будаваць нашую агульную мабілізацыю, саюзы і кааліцыі на карысць таго, каб рабіць Польшчу і свет лепшымі.

Падчас першых дэбатаў на саміце міністр абмяркоўвае польскую энергетычную палітыку з іншымі экспертамі. Усяго сёння адбудзецца шэсць. Таксама суразмоўцы абмяркуюць перспектывы развіцця электрамабільнасці ў нашай краіне, барацьбу са смогам і рацыянальнае кіраванне воднымі рэсурсамі.

У сувязі з пандэміяй саміт праходзіць у гібрыднай форме – дэбаты транслююцца ў прамым эфіры з тэлестудыі, і за імі можна сачыць у Інтэрнэце. Трансляцыя ідзе таксама на сайце Польскага радыё 24.

ав