Часопіс Sieci прысвячае ўвагу дню Канстытуцыі 3 траўня. Праз тыдзень будзе адзначацца яе 230-ая гадавіна. У часе Польскай народнай рэспублікі свята 3 траўня знікла з календара дзяржаўных урачыстасцяў у 1951 годзе. Гадамі асобы, якія хацелі прадэманстраваць сваю памяць пра канстытуцыю з 1791 году, а перад усім выказаць пратэст супраць палітыкі камуністаў у Польшчы, былі розным чынам рэпрэсіраваныя. Выданне нагадвае, што гэта таксама адно з найважнейшых святаў у Каталіцкім касцёле, што дадаткова выклікала непрыхільнасць уладаў у ПНР.
Самыя вялікія антыўрадавыя дэманстрацыі ў дзень 3 траўня адбыліся ў 1946 годзе. У Кракаве свята стала нагодай для адназначнай падтрымкі Польскай сялянскай партыі і нагодай выказаць пратэст супраць новай улады. Шэсце складалася галоўным чынам са студэнтаў, вучняў сярэдніх школаў. Настрой быў вельмі напружаным. Камуністычныя функцыянеры пачалі разганяць дэманстрацыю. Неўзабаве пачало быць чутна стрэлы. Арыштаваныя былі многія ўдзельнікі, гаварылася таксама пра ахвяр, гэтага, аднак, не ўдалося пацвердзіць. У ліпені сем чалавек прыгаварылі да турмы – ад году да пяці гадоў.
Вялікая дэманстрацыя ў гэты дзень прайшла таксама ў Шчэціне. Па вуліцах маршыраваў натоўп гараджан. На чале калоны неслі труну з напісам «3 траўня» і дзяржаўныя сцягі з чорнай лентачкай, што сімвалізавала пахаванне дэмакратычных правоў і грамадзянскіх свабодаў у Польшчы. Ініцыятары шэсця былі асуджаныя да турэмнага зняволення нібыта за падрыхтоўку змены дзяржаўнага ладу ў Польшчы.
Пазней, цягам многіх гадоў, да 1980 году свята 3 траўня адзначалася пераважна ў касцёлах. Пра яго нагадвалі на ўлётках і напісах на мурах. Сітуацыя пачала мяняцца ў моманце ўтварэння дэмакратычнай апазіцыі.
ав