Беларуская Служба

Эксперт пра Чарнобыльскую катастрофу: праблемай былі хібы ў канструкцыі атамнага рэактара

26.04.2021 17:49
35 гадоў таму адбыліся аварыя, выбух і пажар на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Аўдыё
  • 35 гадоў з дня Чарнобыльскай катастрофы
       .  ,
Жанчына ўскладае кветкі на магіле ахвяры Чарнобыльскай катастрофы. Міцінскія могілкі, Масквафота: PAP/EPA/YURI KOCHETKOV

У панядзелак спаўняецца роўна 35 гадоў з дня, калі здарылася самая буйная тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. 26 красавіка 1986 года адбыліся аварыя, выбух і пажар на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

Гэта быў трагічны вынік эксперыменту супрацоўнікоў АЭС, якая знаходзілася на тэрыторыі Украіны, вельмі блізка ад мяжы з Беларуссю. Мэтай выпрабавання была праверка сістэмы бяспекі электрастанцыі. Аднак падзеі пайшлі ў іншым напрамку, на адным з энергаблокаў наступіў рэзкі перагрэў, магутны выбух і пажар. Адбыўся выкід вялізнай колькасці радыенуклідаў у паветра, тысячы людзей атрымалі высокую дозу радыяцыі, з зоны радыусам у 30 кіламетраў неабходна было адсяліць усіх жыхароў. Адразу пасля аварыі і падчас гашэння пажару загінуў 31 выратавальнік. Паводле розных падлікаў, колькасць пазнейшых ахвяр, якія памерлі ад хранічнай прамянёвай хваробы, складае ад чатырох да двухсот тысяч асобаў.

Улады Савецкага Саюза доўга не прызнаваліся ў тым, што на ЧАЭС адбылася катастрофа. Пазней адказнасць за яе была ўскладзена на аўтараў выпрабавання, якія парушылі элементарныя правілы бяспекі і інструкцыю абслугі рэактара. На думку Мацея Ліпкі (Maciej Lipka) з Нацыянальнага цэнтру атамных даследаванняў, галоўнай праблемай быў сам рэактар RBMK-1000, яго канструкцыя.

- Самую вялікую ролю адыгралі заганы ў праекце самога рэактара. Ён быў вельмі нестабільны, асабліва калі працаваў на адносна невялікай магутнасці. Аварыя ў Чарнобылі здарылася ў ’86 годзе, але канструктары рэактара ведалі ўжо ў ’75 годзе пра яго хібы.

У выніку радыяцыйнага забруджвання вялікай тэрыторыі, было прынята рашэнне пра эвакуацыю больш чым трохсот пяцідзесяці тысяч чалавек. Сярод перасяленцаў былі ўсе жыхары гораду Прыпяць, які знаходзіўся непадалёк ад атамнай станцыі, – 50 тыс. людзей.

Жыхары не атрымалі ніякай інфармацыі пра тое, як сябе паводзіць, што рабіць, каб ахаваць сябе і сваіх блізкіх ад апраменьвання. Пра значна павышаны радыяцыйны фон паведамлялі замежныя даследчыя цэнтры, а ўлады Савецкага Саюза доўга маўчалі. У Польшчы дзеці атрымлівалі раствор ёду, спецыялісты выказвалі боязі за чысціню прадуктаў харчавання, ці яны не забруджаныя радыяцыяй.

Мацей Ліпка мяркуе, што паніка, якая пачалася на свеце пасля катастрофы, была неабгрунтаваная.

- Цяпер, праз 35 гадоў пасля аварыі, мы ведаем, што паніка была неабгрунтаваная, але тады людзі не маглі гэтага ведаць. І таму ў Польшчы была праведзеная шырокамаштабная акцыя, у рамках якой дзеці атрымлівалі ёдавы раствор, ім таксама забаранілі піць свежае малако. Я думаю, што гэта акцыя была зладжаная па прычыне адсутнасці інфармацыі, што неабходна рабіць. Цяпер мы ведаем, што яна не была патрэбная, дозы радыяцыі ў Польшчы былі невялікія. Цяпер мы ведаем, што наступствы нават непадалёк ад рэактара былі значна менш небяспечныя, чым меркавалася адразу пасля катастрофы.

Магчыма, горшыя, чым медычныя, былі сацыяльна-грамадскія наступствы аварыі. Сотні тысяч людзей страцілі сваю маёмасць, месца жыхарства, ім прыйшлося пакінуць родны дом, амаль нічога не забіраючы з сабою. Яны пачыналі жыццё з нуля на новым месцы, але частка вярнулася на старасць у родныя мясціны.

Польскі фатограф Мацей Набрдалік (Maciej Nabrdalik) пабываў у Чарнобыльскай зоне звыш дзесяці разоў, каб размаўляць з людзьмі, якія туды вярнуліся, і рабіць ім здымкі. Вынікам васьмігадовай працы стаў фотаальбом пра людзей і прыроду. Па яго словах, вельмі цікава назіраць, як прырода адраджаецца там, дзе няма цывілізацыі, а мясцовыя людзі захапляюць сваёй шчырасцю.

- Гэтыя людзі, якія засталіся або вярнуліся ў зону, змірыліся ўжо з абставінамі. Часта ў размове яны звяртаюць увагу на свой узрост, што яны прыехалі дажыць свой век на роднай зямлі. Некаторыя з іх, пераважна жанчыны, казалі, што яны не маглі сабе ўявіць жыцця ў іншым месцы, не ў родным доме, які шмат пакаленняў належаў іх сям’і. Яны вяртаюцца, паколькі вельмі сумуюць. Кажуць, што нідзе няма такіх салодкіх яблыкаў, як у родным садзе. Размаўляючы з людзьмі, якія туды вярнуліся, мне здавалася, што я бачу гэтыя мясціны такімі, як яны выглядалі калісьці.

Паводле дакладу арганізацыі Лекары супраць атамнай вайны, каля дзесяці тысяч людзей захварэла ракам шчытападобнай залозы пад уздзеяннем радыяцыі. Наступныя 50 тыс. можа захварэць у будучым. Акрамя таго, з павышаным узроўнем радыяцыі звязаныя выпадкі дэфармацыі плоду і, як вынік, смерці немаўлятаў (агулам каля 15 тысяч). Аднак да нашага часу не было заўважана якіх-небудзь негатыўных наступстваў для здароўя дзяцей, якія нарадзіліся пасля аварыі.

Паводле дадзеных хаўрусу, які яднае ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы, каля дзесяці адсоткаў з шасцісот тысяч асобаў, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі, ужо памерла, а прыкладна 165 тысяч сталі інвалідамі.

нг

Больш за мільён беларусаў жыве на зямлі, забруджанай радыяцыяй

26.04.2020 15:46
Пра ліквідацыю аварыі на ЧАЭС і яе наступствы расказвае фізік, сябра «Чарнобыльскай камісіі» Вярхоўнага Савету СССР Юрый Варонежцаў.

Чалавецтва не забывае пра Чарнобыль

26.04.2021 15:34
35 год таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі - адна з найвялікшых катастроф у гісторыі атамнай энергетыкі.