29 красавіка, у гадавіну вызвалення ў 1945 годзе нямецкага канцлагера ў Дахау, адзначаецца Дзень пакутніцтва польскага духавенства. У яго рамках ушаноўваецца памяць святароў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны ад рук нямецкіх і савецкіх акупантаў, падвяргаліся пераследу і рэпрэсіям.
Немцы нішчылі духавенства, як прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі і Каталіцкага касцёла – духоўнага касцяка польскасці. З больш чым 10 тысяч дыяцэзіяльных святароў у Польшчы падчас Другой сусветнай вайны загінулі 20 адсоткаў. 3563 выжылі канцлагеры, турмы і рэпрэсіі.
Месцамі разні духавенства былі, між іншым, лагеры: Дахау, Майданек, Маўтхаўзен, Заксенхаўзен і Штутгоф, куды ўжо 3 верасня 1939 года немцы прывезлі каля сотні святароў з Гданьска.
Гісторык з Бюро ўшанавання барацьбы і пакутніцтва Інстытута нацыянальнай памяці Анна Ягадзіньска(Anna Jagodzińska), падкрэсліла, што немцы планавалі знішчэнне Касцёла ў Польшчы, духавенства і інтэлігенцыі яшчэ да вайны:
- Немцы прызналі Касцёл у Польшчы адной з найбольш небяспечных польскіх арганізацый. Касцёл быў правадыром польскага народа – клапаціўся пра традыцыю, польскасць, патрыятызм. Немцы рэалізавалі нішчэнне Касцёла ў Польшчы шляхам перакрыцця святыняў, арыштавання і забівання святароў у канцлагерах.
Арцыбіскуп Казімір Майданскі (Kazimierz Majdański) ў верасні 1939 года быў накіраваны спачатку ў Заксенхаўзен, а затым у Дахау, дзе быў вызвалены амерыканскай арміяй 29 красавіка 1945 года. У размове з гісторыкамі Інстытута нацыянальнай памяці распавядаў, як немцы выбіралі зняволеных для злачынных псеўдаэксперыментаў, падчас якіх заражалі іх рознымі хваробамі і правяралі эфектыўнасць лячэння:
- Нас завялі да нейкага памяшкання і арганізавалі жараб’ёўку. Я выцягнуў нумар 18Б. Я не ведаў, што гэта значыць. Выбар быў катастрафічны. Аказалася, што мяне будуць лячыць толькі лекамі ў таблетках.
Дахау быў галоўным канцлагерам, прызначаным немцамі для каталіцкага, пратэстанцкага і праваслаўнага духавенства. Сярод амаль 2 800 зняволеных там духоўных асоб была амаль 1 800 святароў з Польшчы. У Дахау былі забітыя 868 з іх, нагадаў прафесар Ян Жарын(Jan Żaryn) з Інстытута нацыянальнай памяці:
- Для палякаў канцлагер Дахау – гэта сімвал пакутніцтва польскіх святароў. Там змяшчалі, перш за ўсё, святароў, якія працавалі на тэрыторыі Гнезненскай і Улацлаўскай дыяцэзяў. Сярод тых, якія выжылі канцлагер было шмат асобаў, якія пазней сваім жыццём сведчылі пра тое, якімі выдатнымі святарамі былі тыя, хто загінуў.
У Дахау зняволеных прымушалі да працы звыш сілаў на тарфяніках і ў пешчаных шахтах. Святарам не дазвалялі служыць імшы і маліцца. Духоўная дапамога паміраючым таксама была забаронена.
У красавіку 1945 года святары, зняволеныя ў Дахау, маліліся аб вызваленні да св. Юзафа Каліскага і абяцалі, што - калі яны выжывуць – будуць паломнічаць да месца яго пакланення. Яны не ведалі, што немцы планавалі ліквідаваць канцлагер і забіць усіх зняволеных.
29 красавіка, за чатыры гадзіны да выканання загаду рэйхсфюрэра СС Генрыха Гімлера, лагер быў звызвалены невялікім падраздзяленнем амерыканскіх жаўнераў. Гэты момант так успамінаў вязень-айцец Марыян Жэлязэк (Marian Żelazek):
- Гэта была велізарная радасць. Немагчымае раптам здзейснілася. Тым больш, што нам ад пачатку паўтаралі, што адсюль можна выйсці толькі праз печку ў крэматорыі. Адбылося інакш. 22 красавіка мы ахвяравалі сваё жыццё святому Юзафу Каліскаму, а вызвалілі нас 29 красавіка. Верагодна ў той жа дзень немцы рыхтаваліся знішчыць канцлагер. Несўмненна гэта быў цуд.
Польскіх святароў і законнікаў забівалі з першых дзён Другой сусветнай вайны, у тым ліку яны былі ахвярамі масавых расстрэлаў у Памор'і і ў Вялікапольшчы. Святары гінулі ў нямецкіх канцлагерах, такіх як Аўшвіц-Біркенаў, дзе айцец Максіміліян Марыя Кольбэ аддаў жыццё за іншага зняволенага.
Падчас Другой сусветнай вайны 11 законніцаў назарэтанак з Наваградка, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, добраахвотна аддалі жыццё за 120 жыхароў, арыштаваных акупантам у адказ на дзейнасць партызанскіх арганізацый. Немцы расстралялі законніцы 1 жніўня 1943 года. Яны былі беатыфікаваныя ў 2000 годзе.
У нямецкім канцлагеры ў Дахау 26 студзеня 1943 года ін'екцыяй фенолу быў забіты біскуп Міхал Козаль, які служыў хворым і паміраючым. Ён быў беатыфікаваны ў Варшаве 14 чэрвеня 1987 года. У групе святароў, якія загінулі ў Дахау быў таксама блаславёны Стэфан Фрэліхоўскі.
Святары, вызваленыя з канцлагера Дахау з 1948 года паломнічалі ў санктуарый св. Юзафа ў Калішу. У падзяку за вызваленне ў падвале святыні была створана Капліца пакутніцтва і ўдзячнасці. Па ініцыятыве біскупа Ігнація Ежа, які выжыў Дахау, у 2002 годзе Канферэнцыя Біскупаў Польшчы пастанавіла, што працягам паломніцтва святароў у дзень вызвалення лагера - 29 красавіка - будзе Дзень пакутніцтва польскага духавенства.
Сёлетнія мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня пакутніцтва польскага духавенства праходзяць, між іншым, у санктуарыі ў Калішу.
аз