Беларуская Служба

Прадстаўніца дэмсілаў Беларусі ва Украіне: Тут ад палітвязняў хацелі пачуць адназначную пазіцыю пра вайну. Яна не прагучала

15.12.2025 15:00
Пасля выдалення больш як ста беларусаў Украіна забяспечыла ім гуманітарныя ўмовы, а публічныя заявы асобных палітвязняў сталі прадметам вострых спрэчак. 
Аўдыё
  • Беларуская служба пацікавілася ў старшыні Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне Святланы Шацілінай, што адбываецца са 114 беларускімі палітвязнямі, выдаленымі без пашпартоў ва Украіну
-
Прэс-канферэнцыя ў Чарнігаве PAP/EPA/STRINGER

У панядзелак, 15 снежня, выдаленыя з Беларусі палітвязні паразмаўлялі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У размове бралі ўдзел Уладзь Лабковіч, Максім Знак, Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Віктар Бабарыка і Аляксандр Фядута.

«Сёння раніцай я пагутарыў з вызваленымі палітычнымі вязнямі з Беларусі. Вельмі цаню добрыя словы пра Украіну і ўкраінцаў, а таксама выразную, прынцыповую пазіцыю адносна расійскай агрэсіі. Гэта важна. Украіна і надалей будзе дапамагаць усім, хто дапамагае нам абараняць незалежнасць і жыццё людзей», — напісаў украінскі лідар.

Напярэдадні, у нядзелю, 14 снежня, у Чарнігаве адбылася першая прэс-канферэнцыя пасля вызвалення беларускіх палітвязняў. У ёй узялі ўдзел паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, праваабаронца Уладзь Лабковіч, палітык Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Былыя палітвязні, сярод іншага, выказаліся пра вайну. Пры гэтым Бабарыка і Калеснікава не змаглі адназначна сфармуляваць сваю пазіцыю адносна Палка імя Кастуся Каліноўскага і свайго стаўлення да Расіі.

Беларуская служба Польскага радыё пацікавілася ў старшыні Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне Святланы Шацілінай, што адбываецца са 114 беларускімі палітвязнямі, выдаленымі без пашпартоў ва Украіну, які іх далейшы лёс ды як арганізоўвалася рэзанансная прэс-канферэнцыя:

— Скажу толькі як чалавек, які прысутнічаў на гэтай канферэнцыі, бо я не была далучана да працэсу падрыхтоўкі,  я не вызначала  таго, хто будзе выступаць. Але, па-першае, выступілі тыя, хто пагадзіўся выступаць, а па-другое — гэта мусілі быць медыйныя асобы. Пасля таго, што я пачула на прэс-канферэнцыі, ёсць розныя меркаванні, але першае, што я хацела б сказаць: людзі, якія былі на прэс-канферэнцыі, шмат гадоў правялі за кратамі.

І, на мой погляд, даваць аб’ектыўную ацэнку таму, што яны сказалі, варта крыху пазней. Бо, з аднаго боку, існавалі інфармацыйныя абмежаванні для гэтых людзей, а з другога — родныя, сябры, калегі па руху супраціву, якія застаюцца ў Беларусі, безумоўна, як я мяркую, уплываюць на тое, што было сказана ўчора. Вось, коратка так.

Як наогул цяпер выглядае сітуацыя з гэтымі людзьмі? Гэта больш за сто чалавек. Дзе яны размешчаныя? Што з імі адбываецца? Мы ведаем, што, напрыклад, у выпадку Калеснікавай і Бабарыкі ўжо выказаўся міністр замежных спраў ФРГ пра тое, што ім, умоўна кажучы, адкрываюць калідор у Германію. А што з рэштаю? У людзей няма дакументаў.

— Далей усё будзе адбывацца паводле ўкраінскага заканадаўства. Таксама далейшыя крокі залежаць ад дамоўленасцей, на жаль дэмакратычная Беларусь не з'яўляецца суб'ектам гэтых дамоўленасцей.  Украіна ў гэтых умовах павінна прадэманстраваць, што яна з’яўляецца дэмакратычнай краінай, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў стане вайны, і што яна выконвае ўсе абавязкі ў дачыненні да людзей, якія апынуліся ў такой сітуацыі.

Гэта значыць, згодна з міжнароднымі нормамі, будуць выкананыя ўсе абавязкі Украіны ў дачыненні да гэтых людзей. Я асабіста ўчора мела магчымасць убачыць, паразмаўляць з гэтымі людзьмі, паглядзець на ўмовы, у якіх яны знаходзяцца. Гэтыя ўмовы цалкам прыдатныя: там цёпла, светла, ёсць ежа, доступ да медыкаментаў. Людзі знаходзяцца ў камфортных умовах — у тым ліку маральна камфортных, а таксама ў бяспечным месцы настолькі, наколькі гэта магчыма. Усе меры бяспекі, якія павінны прымяняцца ў краіне, што знаходзіцца ў стане вайны, Украіна выконвае. Таму з гуманітарнага боку ніякіх пытанняў няма: людзі выказвалі толькі вялікую падзяку ўкраінскай дзяржаве за тое, што яна стварыла для іх добрыя ўмовы.

Што тычыцца таго, як будзе арганізаваны працэс вывазу людзей, дык цяпер гэта працэс, унутры якога ідуць перамовы. Ёсць папярэднія дамоўленасці, і я спадзяюся, што яны будуць выкананыя. Думаю, што праз некалькі дзён з’явіцца больш інфармацыі. На дадзены момант, як мне паведамляе ўкраінскі бок, праводзяцца адпаведныя працэдуры, якія Украіна павінна прымяняць да людзей такой катэгорыі. Я лічу, што такую інфармацыю могуць агучваць толькі кампетэнтныя органы ўкраінскага боку. Я знаходжуся тут у гасцях і не лічу мэтазгодным агучваць звесткі, якія ва ўмовах вайны могуць прывесці да небяспечных наступстваў.

Які агульны стан гэтых людзей? Мы бачылі афіцыйныя паведамленні, што ў межах гэтай працэдуры ўсе яны будуць праходзяць медычнае абследаванне. Мы ведаем, што людзі знясіленыя, хворыя пасля працяглага знаходжання ў турмах. Што цяпер з імі ў гэтым плане? Што вядома на сёння?

— Людзі знаходзяцца ў розным фізічным і маральным стане, але ўсе яны перажываюць пэўны эмацыйны шок, бо апынуліся ў краіне, у якой не чакалі апынуцца. З аднаго боку, яны шчаслівыя, што на волі, а з другога — у іх вельмі шмат пытанняў пра тое, што будзе далей. Ці надаецца медычная дапамога ў неабходным аб’ёме на сённяшні дзень? Мне паведамляюць, што так, яна надаецца. Гэтыя працэдуры ўжо адпрацаваныя ўкраінскім бокам — іх ужывалі, напрыклад, да ўкраінскіх ваеннапалонных, якіх вяртаюць. Менавіта штаб па працы з украінскімі ваеннапалоннымі з’яўляецца адным з бакоў, якія апякуюцца гэтымі людзьмі.

Вяртаючыся да рэзананснай прэс-канферэнцыі. Адразу пасля выдалення групы палітвязняў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі асабіста па тэлефоне паразмаўляў з Марыяй Калеснікавай. На наступны дзень адбылася прэс-канферэнцыя ў Чарнігаве, на якой тая ж Калеснікава і Віктар Бабарыка зрабілі шэраг двухзначны заяў на тэму вайны Расіі супраць Украіны. Як гэта ўспрыналя ва ўкраінскім грамадстве?

— Калі паглядзець на рэакцыю ва ўкраінскіх СМІ, негатыўных водгукаў, безумоўна, шмат. І гэта цалкам зразумела, бо Украіна зараз знаходзіцца ў стане вайны, і ўкраінская грамадскасць хоча пачуць вельмі выразную, зразумелую пазіцыю людзей, якія змагаліся за дэмакратыю, змагаліся і сядзелі за дэмакратычныя прынцыпы.Трэба канстатаваць, што гэтага не адбылося. Якія прычыны? Я вельмі спадзяюся, што Калеснікава і Бабарыка казалі пэўныя рэчы, маючы на ўвазе тое, што ў яго сын знаходзіцца ў турме, а ў Калеснікавай ёсць людзі, з якімі яна была ў тым руху, і гэтыя людзі таксама знаходзяцца ў беларускіх турмах. І яна кажа такія словы, каб павялічыць шанцы на вызваленне беларусаў, якія знаходзяцца ў турмах. Я магу патлумачыць гэта менавіта такім чынам.

Каб закрыць гэтую тэму,  удзел у канферэнцыі быў добраахвотны? Яны самастойна пагадзіліся выступаць і гаварылі свабодна, без прымусу?

— Я не была сярод арганізатараў гэтай канферэнцыі і не ведаю дакладна, як яна арганізоўвалася. Але ўдзел у ёй быў абсалютна добраахвотны. Гэта я вам кажу, як чалавек, які жыве тут амаль 30 гаоў. Я не ведаю, як менавіта гэта прапаноўвалася, але мне здаецца, што з пункту гледжання свабоды прэсы чалавек ва Украіне можа казаць тое, што лічыць патрэбным.

Эдуард Жолуд

 

Стаўленне да беларусаў ва Украіне становіцца больш пазітыўным — кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве

16.11.2025 18:15
Гэта звязана перш за ўсё з беларускімі добраахвотнікамі.

Уладзімір Зяленскі расказаў, чаму палітвязняў выдалілі з Беларусі ва Украіну 

14.12.2025 16:12
Беларускія ўлады не хацелі перадаваць палітвязняў праз краіны ЕС і звярнуліся да яго.