Беларуская Служба

Самыя буйныя польскія дыяспары пражываюць у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы

02.05.2021 09:00
Другога мая адзначаецца Дзень палякаў замежжа.
Аўдыё
  • Палякаў на свеце звыш 50 мільёнаў
Członkowie Polonii w strojach tradycyjnych, Chicago, Illinois, USA.
Członkowie Polonii w strojach tradycyjnych, Chicago, Illinois, USA.Shutterstock

2 мая святкуецца Дзень палякаў замежжа. У польскай дзяржаве пражывае амаль 38 мільёнаў жыхароў, а за межамі Рэспублікі Польшча, паводле розных падлікаў. Жыве нават 20 мільёнаў асоб польскага паходжання. Частка гэтых людзей, або іх продкі, з’ехалі з Айчыны, іншыя нікуды не адпраўляліся, але ў выніку розных гістарычных падзей апынуліся за межамі Польшчы. 

Ёсць нямала арганізацый, якая клапоцяцца пра кантакт з палякамі замежжа. Адна з іх – Wspólnota Polska. Мы запыталі старшыню аб’яднання Дар'юша Пятра Баніслаўскага (Dariusz Piotr Bonisławski), якія былі важнейшыя прычыны эміграцыі палякаў і дзе знаходзяцца самыя вялікія польскія дыяспары.

- Людзі з’язджалі з Польшчы па розных прычынах – палітычных, эканамічных, а часам і нікуды не з’язджалі, а мяняліся межы польскай дзяржавы, таму значная частка палякаў апынулася па-за Айчынай. Самыя буйныя групы палякаў пражываюць у вялікіх гарадах Злучаных Штатаў Амерыкі – Чыкага, Нью-Ёрку. У ЗША можа пражываць каля 10 млн. нашых суайчыннікаў. Таксама другі амерыканскі кантынент – Паўднёвая Амерыка – быў месцам, куды сто гадоў таму адпраўляліся караблі, на борце якіх было шмат палякаў, якія шукалі лепшай долі. Каля двух мільёнаў іх нашчадкаў жыве ў Бразіліі, Аргентыне ды іншых дзяржавах. Нямала таксама новай эміграцыі, якая паявілася пасля адкрыцця межаў Еўрапейскага Саюзу – у Германіі, Вялікабрытаніі. Трэба сказаць, што, бадай, няма на свеце краіны, дзе не было б ніводнага паляка.

Трэба адрозніваць палякаў, якія эмігравалі па ўласным жаданні з Польшчы (хаця часам па неабходнасці) і тых людзей, хто апынуліся паза Польшчай у выніку змены межаў. Ці іх падыход да польскасці ў чымсьці адрозніваецца? Ці тыя другія больш сумуюць па Айчыне, ці цяжка гэта акрэсліць?

- На маю думку, пытанне тугі абсалютна індывідуальнае. З аднаго боку, тыя, хто выехаў добраахвотна, павінны сумаваць менш, але з іншага боку, як правіла яны жывуць далей, ім цяжэй прыехаць у Польшчу. Скажам, палякам у Літве, з якой няма межаў, лёгка прыехаць у Польшчу, у адрозненні ад людзей, якія пражываюць у Паўднёвай Амерыцы. Для іх падарожжа ў Польшчу параўнальнае з паломніцтвам мусульманаў у Мекку. Палякаў можна падзяліць на тых, каму польскасць патрэбная, і на тых, хто даўно асіміляваўся, і толькі прозвішча можа сведчыць пра яго польскае паходжанне. Вельмі важна аказваць падтрымку і адным, і другім, у пошуку шляху да Польшчы, да таго, што з’яўляецца скарбніцай нашай гісторыі, культуры. І гэтым займаецца Wspólnota Polska.

А ці мова можа быць такім крытэрам польскасці, ці асобы польскага паходжання, якія не ведаюць польскай мовы або яе забылі, надалей застаюцца палякамі?

- Сапраўды, частка палякаў замежжа ведае мову, а іншыя – ужо не. Маім меркаваннем, польская мова не можа быць той прыкметай, паводле якой кагосьці лічым палякам. Прычыны адсутнасці валодання мовай бываюць розныя. Напрыклад, у Бразіліі на пачатку мінулага стагоддзя была густая сетка польскіх школ, але ў выніку дзяржаўнага дэкрэту, які ўводзіў забарону навучання на іншых мовах, прыйшлося гэтыя школы закрыць. А палякі атрымалі сігнал, што вывучэнне польскай мовы не вітаецца. З таго часу мясцовыя палякі страцілі магчымасць размаўляць на польскай мове, але пры гэтым яны выдатна клапоцяцца пра польскую культуру і традыцыю: арганізуюць мастацкія мерапрыемствы, гатуюць традыцыйныя польскія стравы, ганарацца тым, што яны – палякі. Сапраўды, не ведаюць мовы, але я б не сказаў, што яны – горшыя палякі, проста трэба ім дапамагчы.

Сітуацыя палякаў у Беларусі вельмі спецыфічная. Беларускія ўлады па нейкай надуманай прычыне выбралі менавіта гэтую нацыянальную групу аб’ектам сваіх нападзенняў. Некалькі актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі было затрымана, ім пагражае шматгадовае турэмнае зняволенне за «распальванне нацыянальнай варожасці». Ваша арганізацыя, відаць, мела кантакт з гэтымі людзьмі, ці іх дзейнасць сапраўды можа ўспрымацца як варожая ў адносінах да іншых людзей, жыхароў Беларусі?

- Ад самага пачатку існавання арганізацыі мы супрацоўнічаем з беларускімі палякамі. Трэба адзначыць, што гэта адносна буйная дыяспара, па мерках беларускай дзяржавы, якая ж даволі невялікая. У Беларусі пражывае каля 300 тыс. палякаў. Мы разам з імі ладзілі шмат мерапрыемстваў – запрашалі дзяцей на канікулы ў Польшчу, паказвалі ім краіну. Канешне, і Wspólnota Polska, і польскія арганізацыі з Беларусі ніколі не займаліся і не займаюцца палітыкай, нас цікавіць толькі культура, мова. І таму нам вельмі прыкра, што цяпер гэтая дзейнасць немагчымая. Я спадзяюся, што гэты час хутка пройдзе, і настане такі час, калі зноў змогуць развівацца добрыя адносіны і кантакты паміж Польшчай і палякамі Беларусі. Мы добра ведаем і Анжэліку Борыс, і Анджэя Пачобута, і кіраўніцтва польскіх школаў, якія цяпер пазбаўленыя свабоды. Гэта трагедыя, паколькі дадзеныя асобы не рабілі і не збіраліся рабіць нічога дрэннага, што магло б стаць прычынай пазбаўлення волі. Яны сумленна выконвалі сваю працу, не выходзячы за рамкі дзейнасці польскіх арганізацый, якія працуюць у іншых краінах свету, маючы добрыя ўмовы дзейнасці.

Застаецца спадзявацца, што такі час хутка наступіць. Дзякуем за гутарку. Госцем нашай перадачы быў старшыня аб’яднання Wspólnota Polska Дарʼюш Пётр Баніслаўскі.

нг