Беларуская Служба

Без рэвальвера на начной тумбачцы Юзэф Пілсудскі не мог заснуць - малавядомыя факты з жыцця маршала Польшчы (ФОТА)

16.05.2021 12:10
Пілсудскі піў шмат чорнага чаю і вельмі многа курыў: яго любімыя цыгарэты называліся «Маршальскія» і выпускаліся спецыяльна для яго. 
Аўдыё
  • Без рэвальвера на начной тумбачцы Юзэф Пілсудскі не мог заснуць - малавядомыя факты з жыцця маршала Польшчы
Józef Piłsudski
Józef PiłsudskiFOTONOVA

Постаць Юзэфа Пілсудскага палякам перш за ўсё вядомая як дзяржаўнага мужа, бацькі польскай незалежнасці і шматгадовага кіраўніка Польшчы міжваеннага перыяду. Але нямногія ведаюць пра Пілсудскага як чалавека: што ён любіў, як апранаўся і чым любіў займацца ў свабодны час. Пра гэта мы сёння раскажам у гістарычнай рубрыцы.
Расказаць пра Юзэфа Пілсудскага не як пра палітыка, а як пра чалавека мы вырашылі з той нагоды, што ў маі споўнілася 86 гадоў са дня смерці маршала Польшчы. Юзэф Пілсудскі памёр 12 мая 1935 года.

Юзэф Пілсудскі – лідар польскіх сацыялістаў, рэвалюцыянер, удзельнік Першай сусветнай вайны, змагар за незалежнасць Польшчы, кіраўнік дзяржавы, першы маршал Польшчы і галава санацыйнага кіравання ў 1926-1935 гадах. Нарадзіўся ён на тэрыторыі сённяшняй Літвы ў 1867 годзе.

У часы міжваеннай Польшчы шматлікія факты пра Пілсудскага скрываліся і траплялі пад цэнзуру. Няма нічога дзіўнага, бо маршал павінен быў выглядаць выключна як адважны і ганаровы чалавек, які не думае пра сябе, а толькі пра краіну.


Юзэф Пілсудскі ў акопах Першай сусветнай вайны, жнівень 1916 года Юзэф Пілсудскі ў акопах Першай сусветнай вайны, жнівень 1916 года

Для прыкладу, прыхільнікі Пілсудскага і гісторыкі, якія падтрымлівалі яго лагер, пісалі пра тое, як будучы кіраўнік Польшчы па-геройску збег з варшаўскай цытадэлі, куды яго пасадзіў царскі рэжым. Насамрэч Пілсудскі пайшоў на хітрыкі і прыкінуўся псіхічна хворым, дзякуючы чаму яму ўдалося ўсыпіць увагу аховы ды збегчы. Зразумела, такі факт не мог трапіць да шырокай грамадскай думкі, таму пра яго да вайны мала хто ведаў.

Таксама не гаварылася пра тое, што Юзэф Пілсудскі быў нямецкім агентам і супрацоўнічаў з нямецкай выведкай у часы Першай сусветнай вайны. Зразумела, такі крок быў прадыктаваны тым, што немцы абяцалі аўтаномію Польшчы.


Warszawa, po 1926 r. Józef Piłsudski z żoną Aleksandrą Szczerbińską i córkami Wandą (P) i Jadwigą (L) w Belwederze Warszawa, po 1926 r. Józef Piłsudski z żoną Aleksandrą Szczerbińską i córkami Wandą (P) i Jadwigą (L) w Belwederze

У часы незалежнай Польшчы Юзэф Пілсудскі амаль заўсёды хадзіў у ваеннай форме. Здымкі, на якіх Пілсудскі ў касцюме, можна палічыць на пальцах адной рукі. Але, як заўважалі сучаснікі, форма на ім ляжала неідэальна, а сам ён апранаўся неахайна. Пры гэтым нават яго крытыкі зазначалі, што Пілсудскі меў талент прыцягваць да сябе людзей, бо валодаў нейкай невытлумачальнай энергетыкай. Маршал Польшчы меў вялікае пачуццё гумару, прычым любіў смяяцца не толькі з іншых, але і з самога сябе. Любіў, для прыкладу, карыкатуры на сваю тэму.

Пілсудскаму не падабаліся балі і прыёмы. Свабодны час праводзіў, раскладваючы карты пасьянса. Яго любімым быў пасьянс «Піраміда», які да вайны называлі пасьянсам Пілсудскага.

Маршал любіў шмат хадзіць. Часта выходзіў на прагулку па палацава-паркавым комплексе «Лазенкі», побач з якім размяшчалася яго рэзідэнцыя Бельведэр. Прычым шпацыраваць любіў адзін і не жадаў, каб побач быў хоць бы адзін афіцэр аховы.

На кароткія адпачынкі любіў ездзіць у Друскенікі на сваю любімую Віленшчыну.


Naczelnik Państwa Józef Piłsudski z oficerami i żołnierzami Wojska Polskiego Naczelnik Państwa Józef Piłsudski z oficerami i żołnierzami Wojska Polskiego

Юзэф Пілсудскі піў шмат чорнага чаю і вельмі многа курыў. Яго любімыя цыгарэты называліся «Маршальскія» і выпускаліся спецыяльна для яго. Пры гэтым маршал піў гарбату са шклянкі, якая знаходзілася ў падшклянаку, а кіпень заліваў з самавара. Гэта была традыцыя, вынесеная яшчэ з расійскіх часоў.

Юзэф Пілсудкі быў савой і часта працаваў ноччу. Акрамя таго, ён мала еў, пра што сведчаць памеры яго мундзіраў, якія захаваліся ў музеях.

Заўсёды ў спальні маршала на тумбачцы ляжаў заражаны рэвальвер. Без пісталета ля ложка Пілсудскі не мог заснуць. Аднойчы здарылася трагедыя, бо маршал стрэліў у ахоўніка, які праходзіў ля вакна, падумаўшы, што гэта нехта чужы. Вайсковец загінуў на месцы.

Кіраўнік Польшчы таксама не любіў лекараў і іх да сябе амаль не падпускаў. Магчыма, з-за гэтага рак ныркі, ад якога ён памёр, быў выкрыты позна, што і прывяло да смерці бацькі польскай незалежнасці.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу