Даследаванні паказваюць, што падчас эпідэміі палякі праводзяць дома каля 90% свайго часу. Гэта прама звязанае з тым, што ўсё больш людзей заўважае наколькі важнае добрае асяроддзе для жыцця, працы і вучобы. Таму і разам з пачаткам пандэміі паднялося зацікаўленне ў рамонтных працах. Гэтую тэндэнцыю адчулі як рамонтныя брыгады, так і крамы з будаўнічымі матэрыяламі. Паводле справаздачы групы ARC Rynek i Opinia аж 40% людзей плануе ў бліжэйшыя два гады правесці рамонт або пераехаць у новае жытло. Палякі пачалі таксама больш клапаціцца пра такія фактары ў будаўніцтве як даступнасць сонечнага асвятлення і чыстае паветра. Таму і попыт на больш якасныя сучасныя вырабы падняўся. Пра гэта агенцтву Newseria Biznes расказаў кіраўнік аднаго з буйнейшых польскіх вытворцаў вокнаў Velux Яцэк Сівіньскі:
-У праведзеным намі даследаванні сярод дзевяці самых важных аспектаў жыцця ажно чатыры датычаць жыллёвых умоваў. Яны вышэй чым актыўны лад жыцця ці здаровая дыета. Гэтыя фактары то напрыклад добрае працоўнае месца ці прастора для вучобы. Падняліся такія паказчыкі як важнасць сонечнага, натуральнага святла, доступ да свежага паветра і кантакт з натурай праз прысутнасць балкону, тэрасы ці магчымасці трапіць у лес. Пандэмія ўзмацніла гэты лад мышлення і стварыла праграмы па перапрацоўцы будаўнічых матэрыялаў. Трэба думаць не толькі пра інфраструктуру, але і годнае, бяспечнае і здаровае жыццё жыхароў нерухомасці. Здароў’е і якасць жыцця не менш важныя за інжынерныя і архітэктурныя нормы.
За апошнія 12 месяцаў на рамонт жылля адважыліся 32% жыхароў вёсак і маленькіх гарадоў. Сярод людзей, якія пражываюць у сярэдніх маясовасцях, вынік склаў 22%. Найменш гатовыя ўкладваць сродкі ў абнаўленне жылля жыхары найбуйнейшых гарадоў – усяго 16 адсоткаў з іх вырашылі правесці рамонт. Гэта можа быць звязана з тым, што ў горадзе больш увагі звяртаецца на ўзгаданыя вышэй фактары. Свежае паветра і святло ў вёсках не праблема, а ў гарадах знайсці задавальняльныя ўмовы цяжэй.
Вынікі змены падыходу да жыллёвай прасторы заўважаюць і крамы, якія прадаюць будаўнічыя і дэкаратыўныя матэрыялы. Найбольшае павелічэнне продажаў заўважаецца на рынку садовых прылад, драўлянай мэблі і прыладаў для апрацоўкі дрэва. Буйныя крамы тыпу Bricomarche, IKEA ці OBI пачалі хутка развіваць сваю дзейнасць у інтэрнэце. Такой магчымасцю карыстаюцца перадусім людзі, якія не хочуць прыязджаць у вялікія крамы з прычыны эпідэміі каранавіруса. Таму крамы пашыраюць асартымент даступны ў інтэрнэт-крамах. У 2020 годзе некаторыя з іх адкрылі паслугу аўтаматаў, з якіх можна забраць заказаныя вырабы. Яны размешчаны каля галоўных крамаў, але для таго каб забраць свой тавар не трэба ўваходзіць унутр. Хопіць заказаць мэблю ў інтэрнэце і прыехаць пад аўтамат нават дзве гадзіны пасля заказу. Такія аўтаматы палягчаюць працу і спрычыняюцца да больш хуткага і бяспечнага працэсу закупкі будаўнічых матэрыялаў. Больш пра тэндэнцыі, якія назіралася за час пандэміі расказаў агенцтву Newseria Biznes бізнес-дырэктар польскага аддзелу сеткі Bricomarche Павел Стэфаняк.
-Вясной і ўлетку палякі не толькі пачалі рэмантаваць свае кватэры, але таксама масава рушылі да працаў у агародзе. Шмат людзей праводзіла час дома і гэта спрычынілася да таго, што яны рэмантавалі нутро памяшкання і наваколле. Такім чынам у 2 і 3 квартале 2020 года ў нас павялічыліся паказчыкі продажу. У чацвёртым квартале назіралася падобная тэндэнцыя, уласцівая і мінулым гадам. Бачым і іншы трэнд. Уведзеныя абмежаванні прывялі да большай колькасці анлайн-заказаў, але і да змены паводзінаў у стацыянарных магазінах. Колькасць трансакцый падобная, але іх сярэдняя вартасць вышэйшая. Гэта абазначае, што людзі пачалі хадзіць за пакупкамі радзей, але выдаюць аднаразова больш грошай.
У сувязі з тым, што сёлета канікулы, паводле адмыслоўцаў, будуць адбывацца ў сістэме last minute з прычыны няпэўнай эпідэмічнай сітуацыі, людзі зноў жа могуць звярнуцца да наладжвання ўласнага наваколля коштам адпачынку на пляжы. І хаця адным з інстынктаў чалавека з’яўляецца прага да адкрывання новага, задумацца пра камфорт «роднага кута» варта. На адпачынак паедзем усяго на 2-3 тыдні ў год, а астатніх 50 прыйдзецца правесці ў адной і той жа прасторы. Варта аднак прыкласці да рамонтаў усе свае і сілы і зрабіць гэта так, каб потым жыць ва ўтульным памяшканні чарговых некалькі гадоў, а магчыма і дзесяццігоддзяў.
Альберт Ежы Вяжбіцкі