19 чэрвеня 1953 года быў выкананы смяротны прысуд савецкім шпіёнам – амерыканцам, мужу і жонцы Розенбергам.
Юліюс і Этэль Розенберг былі актывістамі «Маладзёжнай камуністычнай Лігі», якая дзейнічала ў ЗША. У 1945 годзе, пасля таго як кіраўніцтва амерыканскага войска даведалася аб тым, што Розенберг з’яўляецца сябрам камуністычнай партыі, звольніла яго з пасады інжынера.
НКВД завербавала Юліюса Розенберга ў 1942 годзе. Потым ужо сам Розенберг завербаваў сваю жонку і яе брата, а таксама яшчэ некалькіх чалавек, якія мелі дачыненне да працы з сакрэтнымі праектамі, у тым ліку «Манхэтэнскі праект» па распрацоўцы атамнай бомбы.
За перыяд сваёй супрацы з НКВД Розенберг здолеў перадаць тысячы вельмі важных дакументаў, якія датычылі амерыкансіх распрацовак ў вайсковай сферы. Паводле вынікаў следства, Розенберг перадаў СССР чарчажы амерыканскай атамнай бомбы, якая была кінута на Нагасакі.
Сетку савецкіх шпіёнаў у амерыканскіх навуковых колах удалося выкрыць пасля таго, як у Вялікабрытаніі быў ідэнтыфікаваны савецкі шпіён былы нямецкі фізік-ядзершчык, які непасрэдна ўдзельнічаў у распацоўках атамнай бомбы, Клаўс Фукс. Менавіта пры дапамозе перададзенай Фуксам інфармацыі СССР змог збудаваць бомбу ў 1949 годзе.
Розенберг і ягоная жонка былі арыштаваныя ў 1950 годзе. Суд над імі пачаўся ў сакавіку 1951. У тым жа годзе суд прыгаварыў іх да смяротнага пакарання за шпіянаж. Суддзя, калі выносіў ім смяротны прыгавор, таксама абвінаваціў іх у гібелі амерыканскіх салдат у Карэі. «Ваша злачынства, горш за забойства. Я ўпэўнены, што вы паспрыялі таму, што ў руках Савецкага Саюзу апынулася бомба значна раней, чым гэта прадказвалі нашыя лепшыя навукоўцы«. Суддзя ўсклаў на Розенбергаў адказнасць за смерць 50 тысячаў амерыканскіх салдат у карэйскай вайне.
Этэль і Юліюш Розенбергі да канца сцвярджалі, што яны не супрацоўнічалі з СССР, але ўсе сабраныя доказы аказаліся супраць іх.
Справа Розенбергаў была палітычнай справай. Шмат вядомых людзей у заходнім свеце выступалі супраць смяротнага пакарання Розенбергаў. Між іншымі, Альберт Эйнштэйн, Жан-Поль Сартр, Пабло Пікаса, Папа Рымскі Пій ХІІ, які прызываў прэзідэнта Эйзенхаўэра памілаваць Розенбергаў. Прэзідэнт ЗША адмовіўся.
19 чэрвеня 1953 года Юліюс і Этэль Розенбергі былі пазбаўлены жыцця на электрычным крэсле ў вязніцы Сінг-Сінг.
Павал Усаў