Першыя прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 1994 году былі, па сутнасці, першыя і апошнія дэмакратычныя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кропка на гэтых выбарах была пастаўлена 10 ліпеня 1994 году.
У выніку гэтых выбараў прэзідэнтам краіны стаў Аляксандр Лукашэнка, які ўжо 27 гадоў нязменна кіруе краінай і апошнія падзеі 2020-2021 гадоў паказалі, якое гэта кіраванне. Яно становіцца даволі трагічным для беларускай краіны і грамадства.
У другім туры Лукашэнка набраў 81% галасоў, а ягоны праціўнік Вячаслаў Кебіч, тагачасны прэм'ер-міністр Беларусі, набраў толькі 14% галасоў.
Гэта была безумоўна, трыумфальная перамога Лукашэнкі. Яе яшчэ называюць «электаральная рэвалюцыя». Чаму электаральная – таму што большасць грамадзянаў прагаласавала за мадэрнізаваны Савецкі Саюз, прагаласавала супраць нацыянальнага адраджэння, за глыбокую інтэграцыю з Расіяй, сацыялізм і папулізм.
Яўка склала каля 56%. Цікава зазначыць, што найбольш актыўнымі на выбарах былі людзі сярэдняга і пенсійнага ўзросту. І менавіта яны вырашылі лёс краіны, лёс сваіх унукаў на чвэрць стагоддзя. Гэтым унукам яшчэ прыйдзецца заплаціць за выбары сваіх бабуль і дзедаў. Гэта таксама паказвае, што калі нехта не хоча займацца палітыкай, потым палітыка непасрэдна будзе займацца ім.
На першым туры выбараў, які адбыўся 23 чэрвеня 1994 году, удзельнічала 6 кандыдатаў.
Акрамя Лукашэнкі, які ў першым туры набраў 44% і Кебіча, які выйшаў у другі тур набраўшы 17%, удзельнічалі Зянон Пазняк, лідар нацыянальнага руху БНФ – 12%, Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савета РБ – 10%, Аляксандр Дубко, старшыня Саюза аграрнікаў – 6% і Васілій Новікаў, першы сакратар Партыі камуністаў Беларусі – 5%.
Калі б прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнага руху Зянон Пазняк і Станіслаў Шушкевіч у той час абʼядналіся, то напэўна ў другім туры мог бы ўдзельнічаць Лукашэнка і Пазняк, і не вядома, які быў бы вынік гэтых выбараў.
На фоне Кебіча, старога наменклатуршчыка, Лукашэнка безумоўна выглядаў даволі жыва і актыўна, тым больш што ягоную каманду складалі гэтак званыя «маладыя ваўкі»: Аляксандр Фядута, Віктар Ганчар, журналісты, сярод іх Зміцер Завадскі – гэта яны зрабілі з Лукашэнкі прэзідэнта.
Пасля другога туру па-рознаму склаліся лёсы кандыдатаў: Аляксандр Лукашэнка па сённяшні дзень зʼяўляецца нелегітымным прэзідэнтам. Вячаслаў Кебіч да 2004 году быў дэпутатам парламенту, потым сышоў з палітыкі, цяпер ужо пайшоў з жывых. Зянон Пазьняк у 1996 годзе быў вымушаны зʼехаць за мяжу. Станіслаў Шушкевіч да 2019 году быў старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычмнай Грамады, а Аляксандр Дубко выконваў функцыі мэра горада Гродна, памёр у 2001 годзе.
10 ліпеня 1994 году на доўгі час змяніў лёс Беларусі і зʼяўляецца самым драматычным у сучаснай гісторыі РБ.
Павал Усаў