Беларуская Служба

Haarec: Змены ў польскім заканадаўстве – гэта не вынік антысемітызму

02.07.2021 15:32
Аўтар артыкула вяртаецца да зменаў, унесеных у Кодэкс адміністрацыйных працэсаў, якія выклікалі рэзкую рэакцыю Ізраіля.
Flaga Izraela
Flaga IzraelaRi_Ya/pixabay.com/CC0 Public Domain

Змены ў польскім заканадаўстве не з'яўляюцца вынікам антысемітызму. Можна зразумець палякаў, якія хочуць, каб тэрмін даўнасці патрабаванняў, датычных былой габрэйскай маёмасці закончыўся, тым больш, што з моманту заканчэння вайны прайшло амаль 80 гадоў, каментуе ізраільская штодзёнка Haarec, якую цытуе старонка wgospodarce.pl.

Гаворка ідзе пра папраўкі ў Кодэкс адміністрацыйных працэсаў, якія выклікалі рэзкую рэакцыю Ізраіля.
Пасольства згаданай краіны ў Польшчы ацаніла, што папраўкі «зробяць немагчымым вяртанне габрэйскай маёмасці альбо кампенсацыі за яе». Міністр замежных спраў Ізраіля заявіў, што «новы польскі закон зʼяўляецца ганьбай» і «балючым парушэннем правоў людзей, якія перажылі Халакост» і «сурʼёзна нашкодзіць адносінам абедзвюх краін».

Газета дадае, што «паводле дадзеных польскага ўрада, пацверджаных у справаздачы Дзярждэпартамента ЗША, апублікаванай у мінулым годзе, з часоў падзення камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе Польшча выплаціла каля 2,3 млрд. долараў кампенсацыі за прыватную маёмасць, адабраную нацыстамі і падчас улады камуністаў», хаця невядома, колькі з іх было габрэямі.

«Сярэднестатыстычны паляк у сельскай мясцовасці ці ў горадзе, з уласнага пункту гледжання правільна задумоўваецца: чаму мае падаткі павінны кампенсаваць злачынствы, учыненыя іншай краінай, Германіяй, за дзесяцігоддзі да майго нараджэння? За злачынствы, ахвярамі якіх сталі таксама палякі, якія не былі габрэямі», – адзначае Haarec.

Штодзенка нагадвае, што час, які прайшоў ад вайны, зʼяўляецца спрыяльнай глебай для карупцыі і дзейнасці, у тым ліку крымінальных груп, якія выкарыстоўваюць бюракратыю ў сваіх інтарэсах і захапляюць маёмасць, якая да вайны належала габрэям альбо іншым уладальнікам, а пазней была нацыяналізаваная.

Газета нагадвае, што ў апошнія гады ў польскіх СМІ было шмат такіх жахлівых выпадкаў працавітых арандатараў, чый дом, дзе яны жылі дзесяцігоддзямі, цяпер мае новага гаспадара, які хоча выкінуць іх на брук.

«Габрэі не заўсёды паяўляюцца ў гэтых гісторыях, але грамадская думка ў Польшчы стала баяцца любых маёмасных прэтэнзій», – падкрэслівае аўтар артыкула і прыводзіць таксама асабліва трагічную гісторыю грамадскай актывісткі Яланты Бжэскай, якая ўзначальвала барацьбу арандатараў супраць спробаў высялення іх новымі ўласнікамі і загінула ў 2011 годзе пры абставінах, якія да гэтага часу расследуюцца.

аз