Беларуская Служба

Палякі святкуюць 100-годдзе заканчэння ІІІ Сілезскага паўстання

05.07.2021 11:21
У яго выніку да Польшчы была далучаная значная частка Верхняй Сілезіі.
Аўдыё
  • Палякі святкуюць 100-годдзе заканчэння ІІІ Сілезскага паўстання.
  100-    .
Палякі святкуюць 100-годдзе заканчэння ІІІ Сілезскага паўстання.PAP/Andrzej Grygiel

«Сілезцы хацелі стаць часткай Польшчы і былі гатовыя змагацца за гэта са зброяй у руках» – заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда падчас цырымоніі ля Помніка сілезскім паўстанцам у Катавіцах. Сёлета палякі святкуюць 100-годдзе заканчэння III Сілезскага паўстання, у выніку якога значная частка Верхняй Сілезіі была далучаная да Польшчы.

Прэзідэнт Анджэй Дуда параўнаў III Сілезскае паўстанне да іншых ключавых момантаў у міжваеннай гісторыі Польшчы – з аднаўленнем незалежнасці, Вялікапольскім паўстаннем альбо разгромам бальшавіцкіх войскаў. Кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсліў, што далучэнне часткі Верхняй Сілезіі да адроджанай Польшчы мела для краіны прынцыповае значэнне:

-Заканчэнне ІІІ Сілезскага паўстання і ў выніку далучэнне да Польшчы значнай часткі Верхняй Сілезіі – найважнейшай часткі, бо індустрыялізаванай, багатай прыроднымі рэсурсамі, стаў для Польшчы, важным імпульсам развіцця; важным стымулам для Польшчы, якая толькі што адраджалася.

Падчас цырымоніі ля Помніка сілезскім паўстанцам у Катавіцах прэзідэнт уручыў пасмяротны Ордэн Белага Арла сям'і камандзіра і ўдзельніка Сілезскага паўстання Альфонса Згжабнёка(Alfons Zgrzebniok). У сваю чаргу мясцовыя ўлады з гарадкоў і гмінаў з Сілезскага і Апольскага ваяводстваў атрымалі памятныя дошкі з надпісам: «Месца памяці Сілезскага паўстання».

Нагадваем, III Сілезскае паўстанне, як і два папярэднія, было накіравана на далучэнне Верхняй Сілезіі да Польшчы. Яно пачалося ноччу з 2 на 3 траўня 1921 года і закончылася поспехам 5 ліпеня. Вынікам паўстання стаў новы падзел Сілезіі, у выніку якога Польшча атрымала трэць спрэчнай тэрыторыі. У 1922 годзе частка Верхняй Сілезіі была канчаткова ўключана ў склад Польскай рэспублікі.

Лёс Верхняй Сілезіі, на тэрыторыі якой пражывалі палякі і немцы, вырашаўся з моманту атрымання Польшчай незалежнасці ў 1918 годзе. У 1919-1921 гадах там прайшлі тры паўстанні, выкліканыя расчараваннем палякаў рашэннямі Версальскага дагавора.

Асноўнай прычынай выбуху III Сілезскага паўстання стаў падзел Сілезіі, пра які вырашыла Міжсаюзніцкая камісія пасля плебісцытa з 20 сакавіка 1921 года, у выніку якога амаль увес рэгіён прыпаў Германіі. Паводле яго Польшча атрымала б толькі два паветы, то бок пшчыньскі і рыбніцкі. Нагадваем, расчараванне палякаў паглыбіў факт, што да ўдзелу ў галасаванні былі дапушчаныя асобы, якія з’ехалі з Сілезіі, а з Германіі для ўдзелу ў галасаванні былі прывезеныя амаль 200 тысяч эмігрантаў. У выніку прыхільнікі прыналежнасці рэгіёну да Польшчы, апынуліся ў меншасці.

Паўстанне, якому папярэднічала ўсеагульная забастоўка, ачоліў актывіст хрысціянскай дэмакратыі Войцех Карфанты. Паўстанне было ўзброеным адказам жыхароў Сілезіі на вынік плебісцыту, нагадаў гісторык з Інстытута нацыянальнай памяці Анджэй Шнайдэр (Andrzej Sznajder):

- Як казаў кіраўнік паўстання Войцех Карфанты – гэта была спроба ўзброенага супраціву ў дачыненні да падзелу Верхняй Сілезіі, пра які вырашў плебісцыт. На 5 траўня былo запланаваяе паседжанне Cавета амбасадараў, падчас якога Міжсаюзніцкая камісія мела запрапанаваць вельмі некарысны для Польшчы падзел Сілезіі.

У баях III Сілезскага паўстання прынялі ўдзел каля 60 тысяч палякаў, з якіх каля 2 тысяч загінулі. Паўстанцам удалося ўзяць пад кантроль амаль усю спрэчную тэрыторыю, якой датычыў плебісцыт, а потым абараніць яе ад нямецкіх сіл.

Паўстанне было арганізавана па ўзгадненні з польскімі ўладамі, якія, хаця і не маглі дзейнічаць адкрыта, каб не парушаць палажэнняў Версальскага мірнага дагавора з 1919 года, то аказалі паўстанцам значную дапамогу. Хоць кабінет Вінцэнта Вітаса афіцыйна асудзіў узброеныя дзеянні, то на самой справе, яны былі стратэгічна распрацаваныя афіцэрамі Войска Польскага. Урад накіраваў у Сілезію транспарт людзей і ваеннай тэхнікі, а таксама прадуктаў харчавання і лекаў.

Гісторык прафесар Гжэгаж Бембнік(Grzegorz Bębnik) з Інстытута нацыянальнай памяці, падкрэсліў, што паўстанне ў Верхняй Сілезіі было прадуманай і добра падрыхтаванай акцыяй:

- Пра гэта сведчыць, у тым ліку аперацыя «Масты», якую правяла група пад камандаваннем капітана Тадэвуша Пушчыньскага, у выніку якой у Сілезію не магло дабрацца ваеннае падмацаванне з Германіі; шматлікія афіцэры Войска Польскага ў шэрагах паўстанцаў, зброя і ваенная тэхніка, якая пастаўлялася з Польшчы, усё гэта прычынілася да поспеху паўстання.

Самыя жорсткія баі прайшлі з 21 па 26 траўня за гару Святой Анны, а таксама за Лясніцу, ля Янушкавіцаў, Красавай, Казельскіх Лугоў і чыгуначнага вузла ў Кендзежыне. Нягледзячы на поспехі, немцам не ўдалося зламаць паўстанцкага фронту.

Пасля спынення баявых дзеянняў Савет амбасадараў прыняў рашэнне аб больш выгадным для Польшчы падзеле Сілезіі. З тэрыторыі, якой датычыў плебісцыт і на якой пражывала больш за 2 мільёны чалавек, да Польшчы была далучаная 29 адсоткаў плошчы і 46 адсоткаў насельніцтва. На згаданай тэрыторыі знаходзіліся ажно 53 з 67 дзеючых шахтаў і 9 з 14 металургічных заводаў.

Лейтэнант Мечыслаў Хмялеўскі(Mieczysław Chmielewski), адзін з паўстанцкіх камандзіраў, расказаў у эфіры Радыё «Свабодная Еўропа» пра поспех III Сілезскага паўстання:

- Больш за мільён палякаў вярнуліся ў Польшчу, а польская эканомікa разбагацела на сур’ёзны патэнцыял у выглядзе атрыманай назад часткі прамысловага басейна.

Прафесар Марʼян Марэк Драздоўскі(Marian Marek Drozdowski) з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук падкрэсліў, што III Сілезскае паўстанне таксама спрыяла росту значэння маладой польскай дзяржавы на міжнароднай арэне:

- Гэтае паўстанне, як раней пераможныя Варшаўская, Нёманская, Львоўская, Падольская, Валыньская бітвы, будавала міжнародны аўтарытэт Польшчы, замацаваны дамовамі з Францыяй і Румыніяй. Такім чынам Польшча стала дзяржавай, якую трэба браць пад увагу на міжнароднай арэне. Да гэта прычынілася таксама вяртанне краіне прамысловага патэнцыялу Верхняй Сілезіі.

15 траўня 1922 года быў падпісаны польска-нямецкі дагавор, які пацвердзіў падзел Верхняй Сілезіі, а 16 ліпеня 1922 года ў Катавіцах прайшла цырымонія сімвалічнага абʼяднання Верхняй Сілезіі з Польшчай, шляхам падпісання Акта аб далучэнні Верхняй Сілезіі да Польшчы.

IIІ Сілезскае паўстанне было адным з пяці пераможных нацыянальных паўстанняў у гісторыі Польшчы.

аз