Беларуская Служба

Польскія ўлады плануюць рэканструяваць Саксонскі палац у Варшаве (ФОТА)

07.07.2021 14:31
Сёння прэзідэнт Польшчы ўрачыста ўнёс на разгляд Сейма законапраект аб пабудове з нуля знішчанага ў вайну Саксонскага палаца ў Варшаве.
Аўдыё
  • Польскія ўлады плануюць рэканструяваць Саксонскі палац у Варшаве.
   , 1930
Саксонскі палац у Варшаве, 1930Autorstwa The source didn`t provide an information who personally the author is. - The book of A. Jankowski "Warszawa" Publisher:Wydawnictwo Polskie, Poznań, (1920-1925 no precise date of publishing included) page 81, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1514113

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўнёс на разгляд Сейма законапраект аб пабудове з нуля знішчанага ў вайну Саксонскага палаца ў Варшаве. Дакумент быў уручаны спікеру Сейма падчас адмысловай цырымоніі на плошчы імя Пілсудскага.

Падчас цырымоніі на плошчы Пілсудскага ў Варшаве, прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што запланаваная рэканструкцыя – гэта асаблівая, прэстыжная інвестыцыя, якая нагадвае пра прыгажосць даваеннай Варшав

- Калі мы ўспамінаем даваенную Варшаву, да моманту, калі яна была знішчаная немцамі, то мы думаем пра вельмі прыгожы горад. Галоўныя вуліцы сталіцы былі поўнымі дэталёва і багатаўпругожаных дамоў, якія сведчылі пра магутнасць і патэнцыял горада, багацце і эстэтычнае пачуццё архітэктараў і жыхароў.

Прэзідэнт Анджэй Дуда. PAP/Marcin Obara Прэзідэнт Анджэй Дуда. PAP/Marcin Obara

У сваю чаргу прысутны на ўрачыстасці прэм'ер Матэвуш Маравецкі заклікаў усе палітычныя сілы ў Польшчы да падтрымкі рэканструкцыі Саксонскага палаца. Кіраўнік урада падкрэсліў, што рэканструкцыя будзе апошнім акордам аднаўлення сталіцы, разбуранай падчас Другой сусветнай вайны:

- Хай гэты акорд будзе сапраўдным праектам, рэалізаваным па-за партыйнымі падзеламі. Гэта вельмі важнае, каб ён меў агульнанацыянальны характар і аб’яднаў усіх палякаў.Саксонскі палац можа стаць сэрцам адроджанай Польшчы.

Прэм'ер Матэвуш Маравецкі. PAP/Marcin Obara Прэм'ер Матэвуш Маравецкі. PAP/Marcin Obara

У адпаведнасці з праектам, плануецца рэканструкцыя фасада плошчы маршала Юзафа Пілсудскага з Саксонскім палацам, палацам Брыля і дамамі на вуліцы Каралеўскай.

Міністр з Канцылярыі прэзідэнта Войцех Калярскі(Wojciech Kolarski) заявіў Польскаму радыё, што ініцыятыва Анджэя Дуды – гэта рэалізацыя абʼявы з 2018 года, прадстаўленай у форме дэкларацыі да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы:

- З аднаго боку, гэта прыклад, паслядоўнасці прэзідэнта Анджэя Дуды ў імкненні да рэалізацыі гэтай інвестыцыі. З другога боку – гэта заканчэнне шматгадовых дыскусіяў пра тое, ці наогул Саксонскі палац павінен быць рэканструяваны і ў якой форме.

Пытанне рэканструкцыі Саксонскага палаца абмяркоўвалася таксама падчас нядаўняй сустрэчы прэзідэнта са спікерам Сената (вышэйшай палаты польскага парламента) Томашам Гродзкім. Войцех Калярскі нагадвае, што рэканструкцыя Саксонскага палаца з’яўляецца адным з пунктаў новай сацыяльна-эканамічнай праграмы «Польскі парадак». Аднак міністр прызнаў, што рэалізацыя гэтай інвестыцыі зʼяўляецца доўгатэрміновым працэсам:

-Калі гаворка ідзе пра час, неабходны для рэалізацыі згаданай інвестыцыі, то неўзабаве па гэтай справе выкажуцца эксперты. Тым ня менш зразумела, што гаворка ідзе пра больш за адзін тэрмін паўнамоцтваў.

На дадзены момант дакладна невядома, што будзе размяшчацца ў адноўленым комплексе палаца. Міністр Войцех Калярскі падкрэсліў, што праект мае грамадскі і дзяржаўны характар:

- Саксонскі палац быў адным з сімвалаў міжваеннай Польшчы, а пасля рэканструкцыі стане сімвалам працягласці нашай гісторыі. Тым ня менш згаданая інвестыцыя будзе мець таксама сваё практычнае вымярэнне. У будынках будуць размяшчацца сядзібы публічных установаў. Комплекс будзе адкрыты для грамадзян.

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўнёс на разгляд Сейма законапраект аб рэканструкцыі Саксонскага палаца ў Варшаве. PAP/Marcin Obara Прэзідэнт Анджэй Дуда ўнёс на разгляд Сейма законапраект аб рэканструкцыі Саксонскага палаца ў Варшаве. PAP/Marcin Obara

Першы палац у стылі барока з чатырма вежамі па вуглах, на месцы пазнейшага Саксонскага, быў пабудаваны пасля 1661 года. У першай палове XVIII стагоддзя будынак набыў кароль Аўгуст ІІ «Моцны» і пачаў яго перабудову. Працы пад кіраўніцтвам архітэктараў Карла Фрыдрыха Пёпельмана (Karl Friedrich Pöppelmann) і Даніэля Раўха (Daniel Rauch) доўжыліся да 1748 года, але ўжо ў 1724 годзе палац стаў каралеўскай рэзідэнцыяй. З заходняга боку палаца кароль Аўгуст «Моцны» заснаваў на пачатку XVIII стагоддзя Саксонскі сад – рэгулярны парк, які з 1727 года быў адкрыты для жыхароў Варшавы.

Пасля смерці караля Аўгуста ІІІ у 1763 годзе палац страціў статус рэзідэнцыі і паступова прыходзіў да заняпаду. З усходняга боку палаца ў 1791 годзе была створана Саксонская плошча, цяперашняя плошча маршала Юзафа Пілсудскага. Палацавы комплекс належаў каралям Саксоніі да 1816 года.

Разбураны падчас паўстання 1830 года, аб’ект пазней быў перабудаваны і пашыраны па загадзе новага ўласніка расійскага купца Івана Скварцова. Замест разбуранай сярэдняй часткі будынка архітэктар пабудаваў у 1839–1842 гадах каланаду на адзінаццаці аркадах. Фасады палаца былі перабудаваны ў стылі класіцызму.
Пазней комплекс выкарыстоўваўся армія Расійскай Імперыі.

У міжваеннай Польшчы тут размяшчаўся Генеральны штаб Войска Польскага. У 1923 годзе перад каланадай быў усталяваны помнік князю Юзафу Панятоўскаму працы дацкага скульптара Бертэля Торвальдсена, прывезены польскімі войскамі з гомельскага палаца Паскевіча.

У 1925 годзе пад аркадамі каланады быў створана Помнік -магіла Невядомага жаўнера. Да 1939 года ў палацы знаходзіўся генеральны штаб Войска Польскага, а таксама Бюро шыфраў, дзе ў 1932 годзе польскія матэматыкі ўпершыню расшыфравалі код пераноснай шыфравальнай машыны «Энігма».

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і капітуляцыі Варшавы Саксонскі палац быў заняты немцамі, якія ў снежні 1944 года, адступаючы са сталіцы, узарвалі комплекс. Пасля вайны разваліны палаца былі знесены, астатнія падмуркі былі засыпаны зямлёй і засеяныя травой.

Помнік-магіла Невядомага жаўнера, які захаваўся, быў адноўлены. У 2006 годзе пачаліся даследаванні на прадмет магчымасці адбудовы палаца. Былі адкапаны падмуркі, абвешчаны конкурс на праект аднаўлення комплекса.

IAR/аз