Такім чынам беларускія ўрачы могуць хутчэй пераехаць і ўладкавацца ў польскія шпіталі. А як наконт таго, каб увогуле прайсці ўсю адукацыю ў Польшчы? Пра гэта са студэнткай апошняга курса Медыцынскага ўніверсітэта ва Уроцлвае Лізаветай Сарокай размаўляў Альберт Ежы Вяжбіцкі.
Прывітанне Лізавета! Скажы на пачатку, я так разумею, ты прыехала на вучобу па Карце паляка ў Польшчу. Якая розніца між тым каб вучыцца па карце, а без яе?
-Калі ёсць Карта паляка, тады нашмат лягчэй паступіць. Тады і ўсё бясплатнае і гэта таксама спрашчае жыццё. Бо калі няма карты паляка, то ў большасці ўніверсітэтаў вучоба платная.
У цябе напэўна ёсць сябры, якія вучацца на лекараў у Беларусі. Ці чула ты можа, каб хтосьці хацеў пераехаць на вучобу ў Польшчу?
-Наконт таго, каб хтосьці змяніў вучобу – не, я не чула. Ёсць знаёмыя, якія закончылі зараз медыцынскі ўніверсітэт і яны працуюць урачамі. Некаторыя з іх хацелі б змяніць, некаторыя не. А такіх, хто б хацеў пераехаць, каб вучыцца за мяжой на медыцынскім, не ведаю. Вучоба на медыцынскім у Беларусі таксама падабаецца. Медыцынскі паўсюль медыцынскі.
Медыцынскі паўсюль медыцынскі, але ж у Польшчы трэба прайсці настрыфікацыю. Беларускія дыпломы не прымаюцца як доказ, што ты лекар. Хоць нядаўна гэта спрасцілі і працэс павінен быць хутчэйшым.
-Гэта нашмат цяжэй: пераехаць і пацвярджаць дыплом чым ісці на ўніверсітэт ад пачатку. У Польшчы, нават зараз у час кавіда, калі кажуць, што спрасцілі ўсю працэдуру, то гэта не зусім так. Шмат людзей, якія зараз пераехалі і хочуць тут працаваць як урачы – усё роўна трэба пісаць да Міністэрства адукацыі, там яны не вельмі актыўна займаюцца прыманнем заявак. Некаторыя чакаюць на гэта па два гады, таму гэта цяжка. Шмат дакументаў трэба сабраць, перакладаць іх і шмат грошай у гэта ўкласці.
Калі кажам пра якую-небудзь вучобу ў Польшчы, то неад’емлімым фактарам з’яўляецца мова. На любым факультэце трэба ведаць як агульную мову, так і спецыялістычную. А як з медыцынай? Бо тут, падаецца, шмат прафесійных словаў усё ж такі міжнародныя?
-Раскажу пра свой досвед. Я хадзіла да рэпетытара ў Беларусі. Не ўмела добра размаўляць, біялогію і хімію не вельмі добра ведала на польскай мове. На гэтыя прадметы я хадзіла да рускамоўных настаўнікаў... Скажам так, яно ў працэсе ідзе нядрэнна. Аднак Польшча ў тым плане можа быць на пачатку трошкі цяжкавата, калі казаць пра медыцыну. Кажуць, што ў медыцыне міжнародныя словы, але палякі вельмі любяць сваю мову і нават у медыцынскім увялі свае назвы. Там дзе мы маем міжнароднае слова – у палякаў яно свае. Таму ў гэтым можа быць цяжка, але ў прынцыпе калі ты тут знаходзішся, вучышся, палякі досыць адкрытыя, мяне добра прынялі і дапамагалі мне. Я лічу, што не трэба браць ніякіх дадатковых заняткаў звязаных з медыцынай. Калі трэба будзе вывучыць анатомію, то возьмеш і яе вывучыш.
А як адносяцца палякі агулам да студэнтаў-замежнікаў? Шмат студэнтаў з па-за Польшчы вучыцца на медыцынскім?
-Я закончыла вучэльню ў Белай Падляскай. Там нас было трое замежнікаў: я беларуска, яшчэ адзін беларус і ўкраінец з намі вучыўся. Я была прыемна здзіўлена, што палякі досыць адкрыта прынялі і я ў прынцыпе не мела ніякіх праблемаў. Зараз я вучуся ва Урославе – гэта вялікі горад, дзе можа быць іншыя адносіны. Я зараз адна беларуска на курсе, акрамя мяне самі палякі. І праблемаў у мяне няма з таго, што я іншай нацыянальнасці. Нават больш – мне дапамагаюць і не робяць з мяне іншага чалавека.
А як з прафесарамі? Яны таксама па-чалавечы адносяцца да вас?
-З прафесарамі ў мяне таксама не было праблемаў. Былі некалькі разоў такія пытанні: напрыклад настаўніца запыталася, чаму я няправільна складаю сказы па-польску, я кажу, што я з іншай краіны і яна тады, што тады няважна. Больш нічога такога не было. Ад прафесараў я не чула тэкстаў у мой бок. Мая знаёмая таксама вучылася на ратавальніка і ў яе была праблема. Адзін з яе прафесараў быў расістам і адносіўся дрэнна. Але аднагрупнікі абаранялі яе.
Тады скажам, што хтосьці прыязджае ў Польшчу на медыцынскі ўніверсітэт. Але не ведае як потым з працай. Што можам параіць у доўгім плане? Ці варта неяк старацца збіраць практыку ад пачатку ці з працай няма вялікіх праблемаў?
-Гэта залежыць ад таго, які канкрэтна факультэт ты закончыў. На кожным з іх свае правілы. Калі я закончыла медыцынскую дапамогу – у мяне проста дыплом, няма «права на выконванне працы» і гэта адрозніваецца ад таго, што я зараз заканчваю – акушэрства. Зараз я ўжо працую ў хуткай дапамозе па сваёй першай адукацыі. І ніякіх праблемаў няма. Калі ёсць польскі дыплом, ты проста прыходзіш куды хочаш на працу: у шпіталь, або як я на хуткую. Яны бяруць без праблемаў. Глядзяць, што ты закончыў і бяруць. Калі ідзе гаворка пра медыцыну ў Польшчы то ў палякаў таксама не хапае людзей і калі ты прыходзіш і ты адкрыты, то яны будуць цябе браць з задавальненнем.
Ну і здаецца, што з іншага боку польскія маладыя ўрачы часта з’язджаюць за мяжу пасля вучобы і на іх месца прыязджаюць беларусы і ўкраінцы і такі працэс усё больш заўважальны.
-Часткова гэта праўда, таму што палякі выязджаюць у іншыя краіны. У Польшчы Міністэрства аховы здароўя таксама па рознаму ставіцца да маладых лекараў. Палякі з’язджаюць, калі ў каго ёсць дыплом на руках і практыка то яго ў такой Швецыі або Нямеччыне з рукамі і нагамі возьмуць. Таму што перасяляецца насельніцтва. Таму што яны едуць далей у Амерыку, напрыклад немцы. Таму ёсць трошкі такое, што намі: беларусамі і ўкраінцамі хочуць трохі запоўніць гэтыя месцы. Але ж з іншага боку не так лёгка пацвердзіць гэты дыплом.
Альберт Ежы Вяжбіцкі