Беларуская Служба

Беларускія ўлады ліквідуюць грамадскія арганізацыі, многія вырашаць перанесці працу за мяжу

26.07.2021 17:22
У краіне ідзе татальная зачыстка трэцяга сектару і медыйнай прасторы.
Аўдыё
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: StelaDi/pixabay.com/CC0 Public Domain

З Беларусі прыходзяць сумныя навіны. У краіне ідзе татальная зачыстка трэцяга сектару і медыйнай прасторы. Падобна на тое, што ўлады паставілі сабе задачу ліквідаваць або выцесніць за мяжу ўсе структуры, якія засведчылі сябе як нелаяльныя ў адносінах Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння.

У пятніцу стала вядома, што ідзе працэс ліквідацыі звыш сарака арганізацый трэцяга сектару. Так, у працэсе ліквідацыі знаходзяцца: журналісцкая майстэрня «Прэс-клуб», шматлікія праваабарончыя ўстановы (між іншым, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, праваабарончая арганізацыя Human Constanta, праваабарончая платформа «Тэрыторыя правоў»), арганізацыі, якія займаліся экалагічнымі пытаннямі ды аховай правоў жывёл (у прыватнасці, Цэнтр экалагічных рашэнняў), шматлікія культурна-асветніцкія арганізацыі, напрыклад, курсы беларускай мовы «МоваНанова» ды шмат іншых.

Раней Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазовы аб ліквідацыі РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр», які ўзначальвае нобэлеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Як у такіх умовах працаваць у Беларусі, скажам, аналітыкам? Ці гэта агулам магчыма? Надоечы адбылася дыскусія прадстаўнікоў аналітычнай супольнасці, наладжаная ў партнёрстве з Прэс-клубам, сайтам экспертнай супольнасці Беларусі «Наша думка» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS). Раней Валерыя Касцюгова («Наша думка») і Таццяна Кузіна (SYMPA) былі затрыманыя сілавікамі, сярод абвінавачванняў аналітыкам – змова з мэтай захопу ўлады і заклікі да нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы. Многіх іншых прадстаўнікоў экспертнай супольнасці ціскам і пагрозамі вымусілі выехаць з Беларусі.

Аналітык Наталля Рабава, дырэктар школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA праекту BIPART адзначае, што працэс зачысткі некамерцыйных арганізацый ідзе хаатычна, яго логіка незразумелая. Адно зразумела – была пастаўлена задача ліквідаваць усе нелаяльныя структуры.

- Я не ведаю, як яны збіраюцца ўсіх ліквідаваць: хутка і без праверак, ці гэта будзе доўгі працэс, калі патрабуецца ўзаемадзеянне з дзяржорганамі. Я разумею, што была пастаўлена задача – зачысціць, працэдзіць, пакінуць карысных, прыбраць непатрэбных. І хтосьці можа адрапартаваць аб выкананні пастаўленай задачы. Як нам дзейнічаць далей? Не такая вялікая праблема сабраць каманду анлайн. Праблема ў тым, што гэта іншыя схемы працы, праблема ў інфраструктуры. Псіхалагічна гэта цяжка, але гэта ўжо не першы ўдар, не першая дрэнная навіна. Таму парог уражлівасці створаны, вялікай трагедыі няма. Больш таго, сітуацыя стане больш празрыстай, гэта прыводзіць фармальнасці бюракратыі ў адпаведнасць з жыццём, зрывае маскі.

У выніку рэпрэсіяў Беларусь пакідаюць ужо нават тыя асобы, якія раней казалі, што іх не цікавіць жыццё на эміграцыі. За апошнія некалькі тыдняў з краіны з’ехалі вядомыя аналітыкі і журналісты, між іншым, Арцём Шрайбман, які яшчэ восенню адзначаў, што не разглядае варыянту эміграцыі. Цяпер жа сітуацыя на столькі моцна змянілася, што нават устойлівыя псіхічна адзінкі не вытрымліваюць псіхалагічнага ціску і з’язджаюць.

Тым болей, што нельга шукаць логіку ў тым, па каго прыйдуць і каго затрымаюць, а каго пакінуць у спакоі. Няма ўражання, што беларускія сілавікі дзейнічаюць сістэмна, – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

- Пакуль што я не бачу ў гэтым логікі, якая была б зразумелая для ўсіх. Там, відаць, аб усім вырашае адзін чалавек або вузкае кола людзей, якія кіруюцца сваімі ўяўленнямі, прыярытэтамі. Іх суб’ектыўнае меркаванне больш важнае, чым пазіцыя, скажам, ідэолагаў.

У выніку масавага наступлення на грамадскія арганізацыі ў Беларусі, за мяжу ўжо будуць уцякаць не толькі асобныя людзі, але і цэлыя арганізацыі трэцяга сектару, якім прыйдзецца зварочваць сваю працу на радзіме і шукаць магчымасць дзейнічаць у іншай дзяржаве. Пра гэта казаў падчас дыскусіі дырэктар па даследаваннях Цэнтру новых ідэяў Рыгор Астапеня.

- Нейкі фармат рэпрэсіяў быў чаканы, невядома было, як ён будзе выглядаць. Непакоіць тое, што гэта павальны працэс, ідзе ў спісачным фармаце. Цяжка прагназаваць, як можа развівацца сітуацыя, калі такія рашэнні могуць прымацца ў дачыненні вялікай колькасці арганізацыяў літаральна за некалькі дзён. Што важна разумець у рэпрэсіях у дачыненні да даследчых інстытутаў – што насамрэч нас не рэпрэсуюць як саміх даследчыкаў, нас рэпрэсуюць як частку чагосьці агульнага. Гэта барацьба супраць грамадскіх арганізацый, барацьба супраць Захаду, а мы ў гэтым трэку знаходзімся, і нам дастаецца. Што далей? Часткова – гэта перанос за мяжу нейкіх арганізацый, што ўжо адбылося з многімі людзьмі. Мы павінны жыць у новай рэальнасці.

Раней Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі «актыўна пачалі працу ў дачыненні да розных НКА, НУА». Пасля гэтага прайшлі масавыя ператрусы ў арганізацыях і ў дамах праваабаронцаў ды прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Некаторыя з арганізацый працуюць у Беларусі ўжо шмат гадоў, таксама шматлікія з іх не адзін год супрацоўнічалі з дзяржорганамі.

нг