Беларуская Служба

Бежанства Ціманоўскай ад беларускіх чыноўнікаў - як галівудскі фільм

07.08.2021 10:18
Крысціна пераклала праз перакладчык на смартфоне некалькі фразаў на японскую мову і звярнулася да японскіх паліцыянтаў.
Kryscina Cimanouska
Kryscina Cimanouska BSSF/Belarusian Sport Solidarity Foundation

Выданне Rzeczpospolita піша пра беларускую лёгкаатлетку, удзельніцу алімпійскіх гульняў у Токіа Крысціну Ціманоўскую. Яна ў сераду прыбыла ў Польшчу, а яе гісторыя, якую дзяўчына расказала журналістам, нагадвае галівудскі фільм. Калі яна ўжо ехала на лётнішча разам з беларускімі калегамі, ёй пазваніла бабуля і сказала, што яна не можа вярнуцца ў Беларусь. Тады Крысціна пераклала праз перакладчык на смартфоне некалькі фразаў на японскую мову і звярнулася да японскіх паліцыянтаў, паказваючы ім просьбу «Мне патрэбная дапамога». Тыя не адразу зразумелі, у чым справа, але прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Токіа дапамаглі патлумачыць, хто такі Лукашэнка. Спартсменку хутка аддзялілі ад яе таварышаў.

Крысціна адзначыла, што перад інцыдэнтам у Японіі ў яе не было праблем з беларускімі чыноўнікамі, яна не ўмешвалася ў палітыку. Спартсменка падзякавала польскай дыпламатыі за хуткую дапамогу і заклікала сваіх суайчыннікаў не баяцца гаварыць. Яна не была ў стане сказаць, ці будзе працягваць кар’еру ў Польшчы ці ў Аўстрыі, дзе знаходзіцца яе трэнер.

Крысціна прыме ўдзел у марафоне свабоды, які ладзіць Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці з 7 па 16 жніўня. Ціманоўская будзе ўдзельнічаць у панядзелак, у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, у забегу пад лозунгам «Да новай Беларусі». Сродкі, сабраныя ад удзельнікаў марафону, будуць перададзеныя беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.

Rzeczpospolita/нг