Беларуская Служба

«Носьбіты беларускай мовы маюць унікальнае права фармаваць мову»

10.08.2021 08:00
Сям’я Антона Караваева прыняла рашэнне размаўляць па-беларуску пасля падзей жніўня 2020 года.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: orsha.eu

Антон Караваеў – праграміст з Беларусі, які вясной гэтага года пераехаў разам з жонкай і трыма дзецьмі жыць у Польшчу. Нягледзячы на тое, што Антон – расіянін па нацыянальнасці, ён прынцыпова размаўляе на беларускай мове, у тым ліку з беларусамі Польшчы. Такое рашэнне – гаварыць па-беларуску – сям’я Антона прыняла пасля падзей жніўня 2020 года, гэта быў своеасаблівы адказ на фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.

- Гэта была рэакцыя на падзеі. Мы пачалі па выходных размаўляць з жонкаю на беларускай мове. З дзеткамі не было проста на пачатку, яны супраціўляліся, не разумелі, навошта гаварыць па-беларуску. Гэта патрабуе вытрымкі, каб працягваць працэс пераходу на мову. Неабходна чытаць кнігі, каб папаўняць слоўнікавы запас. Дарэчы, я, як носьбіт, маю ўнікальнае права рабіць мову, таму што вельмі мала людзей на ёй размаўляе. Гэта мастацтва – фармаванне сучаснай мовы. Я сябе лічу рускім, які перайшоў на беларушчыну. Я вельмі люблю таксама рускую мову, не хачу ад яе адмаўляцца. Я хачу, каб мае дзеткі цяпер размаўлялі на трох мовах.

поўная гутарка ў далучаным гукавым файле аўдыё

нг