Беларуская Служба

У Польшчы пачасціліся выпадкі крадзяжу пчолаў. Знікаюць цэлыя пасекі

17.08.2021 13:26
На першы погляд яны не здаюцца вялікім скарбам – адна пчаліная сямʼя каштуе каля 200 злотых  (прыкладна 45 еўра).
Пчаляр падчас працы Эдуард Жолуд/Польскае радыё для замежжа

Пчаляры павінны сачыць не толькі за надвор'ем, хваробамі пчол і фермерамі, якія апырскваюць пасевы атрутнымі для пчолаў інсектыцыдамі. На працягу многіх гадоў яны таксама змагаюцца са злодзеямі, якія пад покрывам ночы крадуць іх пчол, пішуць на партале money.pl.

У адной вёсцы, што знаходзіцца ў польскім Падкарпацці за ноч з пасекі выкралі дваццаць вулляў, поўных пчол. За ўказанне злачынцы гаспадар абяцае тысячу злотых узнагароды. Пчолы да гэтага часу не знайшліся. У іншай прадкарпацкай вёсцы ў пчаляра выкралі 12 пчаліных семʼяў. Уладальнік ацэньвае страты ў 10 тысяч злотых (прыкладна 2200 еўра).

Аб крадзяжах уладальнікі пасек звычайна паведамляюць у сацыяльных сетках і на адмысловых форумах. Яны папярэджваюць іншых пчаляроў і дакладна апісваюць страчаную маёмасць. Звычайна такія крадзяжы здзяйсняюць людзі, якія жывуць побач. Таму ўладальнікі разлічваюць, што хтосьці ўкажа на злачынцу, у якога, раптам зʼявяцца новыя вуллі.

- На жаль, звычайна гэта пчаляры рабуюць пчаляроў, – кажа Пшэмыслаў Гірхатоўскі з Асацыяцыі пчаляроў «Палянка». – Яны робяць гэта дзеля нажывы, звычайна тады, калі самі страцілі раі, напрыклад, праз дрэннае ўцяпленне на зіму, – тлумачыць ён.

Са стацыянарных пасек, абароненых высокім плотам, вуллі гінуць рэдка. Часцей за ўсё здабычай злодзеяў становяцца вандроўныя пасекі, гэта значыць такія, якія мяняюць месца ў залежнасці ад таго, на якіх раслінах павінны гадавацца пчолы. Напрыклад цяперака пчол вывозяць у месцы, дзе можна збіраць нектар з кветак верасу або мімозы.

- Вуллі, выстаўленыя ў лесе або ў поле, вельмі лёгка скрасці. Проста падʼязджаюць ноччу, калі пчолы не лятаюць, зачыняюць адтуліны, звязваюць вуллі рамянямі і грузяць на машыны, – кажа Пшэмыслаў Гірхатоўскі. – Мы заклікаем пчаляроў выстаўляць вуллі заўсёды на участку пад кантролем, але мала хто прыслухоўваецца.

Пчолы, хоць і адчуваюць некаторы стрэс, выкліканы раптоўным падарожжам, звычайна выходзяць з такога крадзяжу цэлымі і адразу ж пачынаюць працаваць. А ім усё роўна, ці робяць яны гэта для законнага ўладальніка або злодзея.

Пчолаў крадуць перш за ўсё дзеля нажывы. На першы погляд яны не здаюцца вялікім скарбам – адна пчаліная сямʼя каштуе каля 200 зл. (прыкладна 45 еўра). Тыя семʼі, якія пасля зімоўкі адразу могуць пачаць працу, звычайна даражэйшыя, цана на іх даходзіць нават да 500 злотых (120 еўра).

Скрадзеную пчаліную сямʼю можна паспрабаваць прадаць, але часцей за ўсё злодзеі спрабуюць самі выкарыстоўваць яе для вытворчасці мёду.

- Колькі мёду здольная вырабіць адна сямʼя, залежыць перш за ўсё ад надворʼя і пчаляра, – тлумачыць Пшэмыслаў Гірхатоўскі. – Калі пчаляр спраўны і дае сабе рады, то з адной сямʼі ён можа «выціснуць» да 100 літраў мёду за сезон.

З пасек рэдка крадуць толькі адну сямʼю, злодзеі крадуць звычайна адразу некалькі дзясяткаў семʼяў. Калі ўявіць, што рабаўнік Падкарпацця, які скраў 20 вулляў – добры пчаляр, то за сезон ён мог бы атрымаць да 2 тыс. літраў мёду, а яго цана можа дасягнуць нават 100 тысяч злотых (22 тысячы еўра).

эж

На еўрапейскім рынку не хапае сапраўднага мёду

18.02.2020 15:45
Польшча з’яўляецца адным з самых буйных вытворцаў мёду.

Пчаляр: «Бортніцтва яднае народы былой Рэчы Паспалітай»

15.02.2021 14:27
«У XV і XVI стагоддзі, карысць ад бортніцтва была больш, чым прыбытак ад палявання і лесагаспадаркі разам узятых».

8 жніўня адзначаецца Дзень пчолаў

08.08.2021 07:19
Традыцыйнага пчалярства з Польшчы і Беларусі ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.