Сёння не толькі ў Польшчы, але таксама ў розных кутках свету праходзіць X «Нацыянальнае чытанне» – штогадовая акцыя, арганізаваная прэзідэнтам Польшчы. Сёлета прэзідэнцкая пара і тысячы палякаў у краіне і за яе межамі чытаюць грамадска-сатырычную камедыю Габрыелі Запольскай «Мараль пані Дульскай».
Галоўная мэта «Нацыянальнага чытання», якое сёлета праходзіць ужо дзясяты раз, гэта папулярызацыя чытання і польскай культуры. Грамадская кампанія, арганізаваная прэзідэнтам, таксама нагадвае пра шэдэўры польскай літаратуры і паказвае іх новае вымярэнне, лічыць Войцех Калярскі (Wojciech Kolarski) з Канцылярыі прэзідэнта Польшчы:
- Іншы аспект акцыі – гэта магчымасць сустрэцца ў тысячах месцаў у Польшчы і за яе межамі, разам пачытаць і адчуць сябе часткай гэтай вялікай супольнасці чытачоў.
Войцех Калярскі нагадаў, што кампанія таксама рэальна спрыяе папулярызацыі чытання ў Польшчы:
-Пасля дзесяці гадоў можна смела сказаць, што «Нацыянальнае чытанне» паўплывала на статыстыку чытання ў Польшчы. Апошняе даследаванне Нацыянальнай бібліятэкі сведчыць пра зварот адмоўнай тэндэнцыі. Нагадваю, апошнім часам назіралася падзенне папулярнасці чытання ў краіне. Цяпер гэтая тэндэнцыя мяняецца. Я не сумняюся, што менавіта гэтая буйная кампанія, якая прасоўвае чытанне, мае свой удзел у згаданым поспеху.
Як штогод, Нацыянальнае чытанне распачне прэзідэнцкая пара падчас урачыстага мерапрыемства ў Саксонскім парку ў Варшаве.
На сцэне выступіць некалькі дзясяткаў акцёраў. Рэжысёрам пастаноўкі з’яўляецца дырэктар Тэатра Польскага радыё Януш Кукула (Janusz Kukuła). Ён паведаміў, што ролю галоўнай гераіні згуляюць тры выдатныя польскія акторкі:
-У першым акце выступіць Гражына Баршчэўска, якая сёлета адзначае 50-годдзе артыстычнай працы. У другім – Эдыта Юнгоўска, а ў трэцім – Анна Дэрашоўска. Выканаўцы апошніх роляў не будуць мяняцца, хоць яны пройдуць, скажам так, унутраныя перамены. Гэта цікавы акторскі выклік. Спадзяюся, што для ўсіх гэта будзе выдатна праведзены час.
За гукавое афармленне спектаклю адказвае Анджэй Бжоска. Медыя-партнёрам «Нацыянальнага чытання» з’яўляецца грамадскае Польскае радыё.
«Ва ўсіх праграмах будуць прадстаўлены спецыяльныя перадачы і рэпартажы з «Нацыянальнага чытання». Трансляцыю падзеі будуць весці тры першыя каналы грамадскага Польскага радыё – кожны па адным акце.
У сваю чаргу партал Польскага радыё падрыхтаваў спецыяльны вэб-сайт, прысвечаны гэтаму і папярэднім выданням «Нацыянальнага чытання», нагадала старшыня праўлення грамадскага Польскага радыё Агнешка Каміньска (Agnieszka Kamińska):
- Як заўсёды, рэдакцыя партала polskajeradyio24.pl сабрала ўсе найважнейшыя інфармацыі, іканаграфію, выказванні. Усё гэта можна паглядзець і паслухаць па адрасе narodoweczytanie.polskieradio.pl. Там можна знайсці цікавінкі з жыцця Габрыелі Запольскай, гісторыі з часоў жыцця гераіні ейнай камедыі спадарыні Дульскай. Там можна знайсці таксама ўсе перадачы, датычныя Запольскай і ейнай камедыі, якія паяўляюцца ў эфіры праграмаў Польскага радыё. Сачыць за ўсімі падзеямі можна будзе таксама на YouTube-канале Польскага радыё і на сайце narodoweczytanie.polskieradio.pl.
Габрыеля Запольская, на самой справе Марыя Габрыеля Стэфанія Корвін-Пятроўская, нарадзілася 30 сакавіка 1857 года ў Падгайцы каля Луцка, памерла 21 снежня 1921 года ў Львове. Польская пісьменніца-натуралістка, драматург, актрыса і аўтар фельетонаў. Напісала 41 п'есу, 23 раманы, 177 апавяданняў, 252 журналісцкія артыкулы, адзін сцэнарый да фільму і каля 1 500 лістоў, нагадвае прафесар Марыя Яланта Альшэўска (Maria Jolanta Olszewska) з Інстытута польскай літаратуры Факультэта паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта:
- Габрыеля Запольска была незвычайнай жанчынай. Нават сёння ейная адвага, свабода выказвання і шырокія гарызонты выклікаюць нашую пашану. Яна нарадзілася скандалісткай, але перш за ўсё выдатнай пісьменніцай і драматургам. Яна была таксама тэатральным крытыкам. У яе быў вялікі тэмперэмент і самаўпэўненасць. Але ў яе было таксама гаротнае жыццё.
Найбольшую папулярнасць Запольская здабыла сваімі грамадска-сатырычнымі камедыямі. Трагіфарс пра дробную буржуазію «Мараль пані Дульскай» яна напісала восенню 1906 года. Твор стаў вельмі папулярным і лічыцца адным з найважнейшых творчых дасягненняў пісьменніцы. Ён характарызуецца гумарам, багаццем назіранняў і моцным сацыяльным пасланнем. Сусветная прэмʼера спектакля адбылася 15 снежня 1906 года ў муніцыпальным тэатры ў Кракаве. Праз некалькі тыдняў ён быў пастаўлены ў Варшаве, а потым у Львове, дзе аўтарка асабіста назірала за падрыхтоўкай і ўдзельнічала ў рэпетыцыях. Усе гэтыя пастаноўкі публіка прыняла з энтузіязмам.
Тэатральныя пʼесы Запольскай перакладаліся на шэраг замежных моў і ставіліся на польскіх і еўрапейскіх тэатральных сцэнах. Сама Запольская брала ўдзел у больш за 200 пастаноўках у Варшаве, Кракаве, Познані, Львове, Санкт-Пецярбургу і Парыжы.
Сёлета «Нацыянальнае чытанне» адбываецца ўжо дзясяты раз. Цягам гэтага часу акцыя стала папулярнай не толькі ў краіне, але таксама за мяжой. У рознай форме яе арганізоўваюць польскія амбасады, Польскія інстытуты і польскія арганізацыі па ўсім свеце. Традыцыйна ў Нацыянальным чытанні ўдзельнічае таксама Беларусь.
У сваю чаргу сёлетняе «Нацыянальнае чытанне» ў Літве прайшло на два дні раней, чым у Польшчы па простай прычыне, кажа дырэктар Польскага інстытута ў Вільні Малгажата Стэфановіч-Пэцэля (Małgorzata Stefanowicz-Pecela):
- Мы планавалі мерапрыемства яшчэ ў чэрвені, паколькі мы думалі, што ў акцыі прымуць удзел польскія школы. Аднак, сітуацыя з пандэміяй нашыя планы памяняла.
Чытанне фрагментаў камедыі Габрыелі Запольскай «Мараль пані Дульскай» у адной з польскіх кавярняў у Вільні папярэдзіла кароткая лекцыя пра эпоху ўзнікнення пʼесы і яе аўтарку. У сваю чаргу Польскі тэатр «Студыя» ў Вільні паказаў фрагменты п’есы.
Нацыянальнае чытанне 2021/www.prezydent.pl
Акцыя «Нацыянальнае чытанне» арганізоўваецца прэзідэнтам Польшчы з 2012 года. Яна пачалася чытаннем «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У 2013 годзе ўдзельнікі акцыі чыталі творы Аляксандра Фрэдры, а ў наступных гадах: «Трылогію» Генрыка Сянкевіча, «Ляльку» Баляслава Пруса, «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча, «Вяселле» Станіслава Выспяньскага, «Прадвесне» Стэфана Жаромскага, «Польскія навелы» – збор з 8 твораў Элізы Ажэшкі, Марыі Канапніцкай, Баляслава Пруса, Бруна Шульца, Уладзіслава Рэйманта, Стэфана Жаромскага, Генрыка Сянкевіча і Генрыка Жэвускага. Раманы былі выбраны прэзідэнцкай парай з больш чым ста прапаноў, накіраваных у Канцылярыю прэзідэнта. Летась удзельнікі акцыі чыталі «Баладыну» Юльюша Славацкага.
Сёлета акцыя праходзіць у некалькіх сотнях месцаў па ўсёй Польшчы, а таксама ў 23 краінах свету. У ёй традыцыйна прымуць удзел, між іншым, арганізацыі, установы і групы актывістаў, прадстаўнікі польскай дыяспары за мяжой і дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
аз