Узмоцненае патрыятычнае выхаванне, ідэалогія, рэлігія. «Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам не каштавала!», – заклікаў Лукашэнка на нарадзе перад новым навучальным годам. Размаўляем пра гэта з настаўніцай Ганнай Севярынец і намесніцай старшыні грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай школы» Тамарай Мацкевіч.
– Тыя людзі, якія не сядзяць у сацсетках, а жывуць у рэальным жыцці, не баяцца, бо ведаюць сваіх настаўнікаў, ведаюць, што гэтыя ідэалагічныя прамовы кіраўніка паўтараюцца дзесяцігоддзямі. І калі прэса не разносіць, то самі настаўнікі да гэтага ставяцца, як да дажджу, – гаворыць Тамара Мацкевіч.
– Вы, ваша ініцыятыва шмат працавала з настаўнікамі, займаліся інавацыйнымі рэчамі, ці шмат настаўнікаў гатовыя працаваць з новымі падыходамі, уносіць у працу нешта інавацыйнае?
– Мы, як Таварыства беларускай школы, даўно працуем з настаўнікамі, можа, гадоў 20 ужо ў галіне інавацыйных тэхналогій. І, я вам скажу, Міністэрства хай і не вельмі гэта прасоўвае, але настаўнікі самі засвойваюць гэтыя падыходы, тэхналогіі. І я не магу сказаць, што наша школа несучасная ў плане методык.
Настаўніца Ганна Севярынец – педагог з вялікім досведам і выдатна ведае беларускую сістэму адукацыі знутры. Яна акурат той педагог, які мае высокую планку прафесійных патрабаванняў да сябе. Вось што яна кажа пра дыскусіі ў сацыяльных сетках наконт прысутнасці на лінейках ідэолагаў, міліцыянтаў.
– Негатыўная павестка на паверхні, а пазітыўную павестку мы проста не можам апрылюдніваць цяпер. Няхай учора, па маёй стужцы Facebook, было 10-15 школ, дез прысутнічалі сілавікі, вайскоўцы і г. д. Але на гэтых 15 школ было 250 школ, дзе першы ўрок прайшоў цалкам прыгожа, сімпатычна, дзе былі нармальныя гутаркі першавераснёвыя – нармальных настаўнікаў з нармальнымі дзецьмі. Але ніхто не будзе посціць гэта, каб не зрабіць дрэнна настаўнікам. Трэба разумець, што інфармацыйная прастора цяпер моцна скажоная. Не трэба абагульняць і думаць, што тое, што вы бачыце ў сеціве, у любым СМІ з любога боку, і ёсць карціна рэальнасці. Трэба глядзець вакол сябе, разумець, што добрых людзей значна болей, чым дрэнных, што шмат хто на сваім месцы, у сваім горадзе, у сваім класе працягваюць заставацца людзьмі.
– Атрымліваецца, што цяпер добрыя справы мусяць рабіцца ў цішыні?
– Давайце так: мы жывем не для публічнасці, не для таго, каб посціцца ў Facebook, Instagram, каб пахваліцца зробленым. Давайце прывыкаць наноў, як гэта было раней, рабіць нешта правільнае не таму, каб гэтым хваліцца, а таму, што ты проста робіш нешта правільнае.
– Які, з вашага досведу, сярэдні партрэт школьніка, і наколькі яму цікава тое, што спрабуюць прыкласці ў дадатак да непасрэдна адукацыі?
– Можна проста ўспомніць сябе ў такім узросце. Усё, што ненатуральнае, штучнае – дзеці ад гэтага добра «марозяцца», гэта ні пра што. Я б не стала пужацца гэтага. Бо сучасныя дзеці моцна інтэграваныя ў свабодную інфармацыйную прастору інтэрнэта, яны чытаюць іншыя кнігі. Глядзяць фільмы, мультфільмы, якія працуюць з каштоўнасцямі дэмакратычнага кшталту, у іх свае субкультуры. Смешна: бацькі выхоўваюць дзіця ў сям’і і перажываюць, што за адзін-тры ўрока нейкі ваенрук зменіць тое, што прывіта ў сям’і. Калі гэта добрае выхаванне, то хто яго зменіць?
МК