Масавы ад’езд моладзі польскага паходжання ў Польшчу можа ўяўляць небяспеку для захавання польскай культуры і спадчыны на былых польскіх тэрыторыях. Каб захаваць баланс, польскі ўрад запрапануе стыпендыі для моладзі з польскімі каранямі на месцы, у краінах іх пражывання. Між іншым, пра гэта на выходных ішла гаворка на канферэнцыі «Роля людзей польскага паходжання, якія пражываюць за межамі краіны, у абароне добрага імя Польшчы і палякаў». Канферэнцыю арганізавала Асацыяцыя «Рэспубліка Палонія», мэтай якой з'яўляецца інтэграцыя і актывізацыя польскіх патрыятычных колаў у свеце.
Асноўнай тэмай канфэрэнцыі прадстаўнікоў польскай меншасці ў замежжы сталі выклікі, якія стаяць перад Польшчай і прадстаўнікамі польскіх меншасцяў.
Міністр канцылярыі прэзідэнта Адам Квяткоўскі адзначыў, што такія сустрэчы павінны быць рэгулярнымі, у чым апошні год перашкаджаў каранавірус. Паводле яго, гэта надзвычай важна, паколькі прадстаўнікі польскай меншасці клапоцяцца пра добрае імя і рэпутацыю Польшчы за мяжой.
-Прэзідэнт Анджэй Дуда, калі больш за шэсць гадоў таму займаў пасаду прэзідэнта, казаў: польская супольнасць – гэта ўсе тыя, хто адчувае сябе палякамі, няважна, дзе яны жывуць. Гэта выразны сігнал уладам дзяржаваў, дзе вы жывеце, што для польскіх прэзідэнта, парламенту і ўраду гэтае будаванне супольнасці з’яўляецца вельмі важным. Жывучы ў розных месцах свету вы знаходзіцеся на першай лініі фронту. Калі адбываецца нешта, што адбывацца непавінна, то менавіта вашая актыўнасць з’яўляецца вельмі важнай. Гэта паказвае, што не толькі ўлады Польшчы, але і вы змагаецеся за справы, вельмі важныя для Польшчы.
Мудрая палітыка ў дачыненні да польскай меншасці заключаецца не толькі ў тым, каб спрыяць яе вяртанню ў Польшчу, але таксама і ў стварэнні моцных структур у месцах, дзе палякі жывуць. Асаблівым выклікам для польскіх уладаў з’яўляецца сітуацыя за ўсходняй мяжой, дзе чальцы польскіх арганізацый – гэта пераважна людзі сталага ўзросту. Пераняццё іх працы маладымі значна ўскладнена ў выніку міграцыі ў Польшчу. Пра гэта кажа ўпаўнаважаны ўраду па справах польскай меншасці за межамі Ян Дзядзічак.
- Мы адкрылі Польшчу для палякаў замежжа. Гэта ваш дом. Таксама мы сочым за балансам, каб на былых польскіх тэрыторыях нехта застаўся і клапаціўся пра польскую спадчыну. Гэта для нас таксама вельмі важна, каб моладзь, актывісты, лідары, якія дбаюць пра польскую культуру, засталіся там на месцы. Многія гады адбываўся працэс, што ўсе ехалі атрымліваць адукацыю ў Польшчу і ніхто не вяртаўся. Але трэба глядзець на некалькі дзесяцігоддзяў наперад. Што далей? Таму акрамя шматлікіх стыпендый для польскай моладзі з усходу ў Польшчы, мы вырашылі зрабіць вялікі націск на ступендыі для палякаў на месцах, у краінах, дзе яны жывуць. Павінен быць баланс. І мы сочым за гэтым.
Ян Дзядзічак падкрэсліў, што Польшча павінна сцісла супрацоўнічаць з польскімі меншасцямі ва ўсім свеце. “Так робяць краіны, якія дасягаюць поспехаў на міжнароднай сцэне. Яны дзейнічаюць сумесна са сваімі суайчыннікамі за мяжой, разам з імі рэалізоўваючы розныя праекты”, - адзначаў упаўнаважаны ўраду па справах польскай меншасці за межамі.
У эры інфармацыйнага грамадства польская меншасць можа падтрымліваць дыпламатычныя захады ўладаў і сама клапаціцца пра добрае імя краіны. Пра гэта на канферэнцыі казаў віцэ-міністр замежных спраў Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк. Паводле яго, гэта ад актыўнасці палякаў у замежжы будзе залежыць успрыманне Польшчы іншымі нацыямі.
-Галоўнай задачай з’яўляецца тое, каб пра Польшчу не толькі ў палітычных колах, не толькі ў вузкім коле зачыненых дыскусій на ўзроўні элітаў гаварылі добра. Але каб добрая наррацыя пра Польшчу пранікала як мага больш глыбей, у розныя грамадскія пласты. Адначасова неабходна рэагаваць на выпадкі, калі хлусня, маніпуляцыя, дэзінфармацыя спрабуюць паставіць пад сумнеў добрае імя Польшчы. Гэта галоўная задача польскай публічнай дыпламатыі. І тут мы даходзім да ролі 20 мільёнаў палякаў, рассеяных па цэлым свеце. З аднаго боку – клопат пра польскія традыцыі, арганізацыя супольных імпрэз, адукацыя. Гэта здаўна вядомыя задачы. У сваю чаргу сёння палітыка некаторых краін свядома скіраваная супраць добраму імю Польшчы. І гэтаму трэба даць адпор. Дыпламатыя гэтым займаецца. Усё ж мы не ў стане быць на кожнай дыскусіі. У гэтым месцы пачынаецца велізарная роля палякаў, як амбасадараў польскасці, абаронцаў добрага імя Польшчы.
Канферэнцыя «Роля людзей польскага паходжання, якія пражываюць за межамі краіны, у абароне добрага імя Польшчы і палякаў» праходзіла ў Варшаве 3-5 верасня. Па яе выніках была падпісаная дэкларацыя, у якой прадстаўлены прапановы аб мерах па абароне добрага імя Польшчы і палякаў па-за межамі краіны.
ав