У Польшчы пратэстуюць супрацоўнікі Дзяржаўнай службы хуткай медыцынскай дапамогі. Для прыкладу, у Варшаве да пацыентаў не выязджае больш паловы карэтаў.
У Польшчы ў карэтах хуткай медыцынскай дапамогі працуюць медыцынскія ратаўнікі.
Медыцынскі ратаўнік – гэта прафесія, для працы па якой неабходная вышэйшая медыцынская адукацыя. Каб ім стаць, трэба закончыць медыцынскую ВНУ і атрымаць тытул бакалаўра медыцыны. Медыцынскія ратаўнікі працуюць на хуткіх дапамогах, у аддзяленнях хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі.
І вось у Польшчы пратэстуюць менавіта медыцынскія ратаўнікі. Справа ў тым, што большасць ратаўнікоў працуе па кантракту. Гэта значыць, што яны – індывідуальныя прадпрымальнікі, і рэалізуюць медыцынскія паслугі як ІП для станцый хуткай медыцынскай дапамогі. Такой формай працаўладкавання ахоплена больш за палова медыцынскіх ратаўнікоў у Польшчы. Астатнія працуюць у штаце альбо паводле дамовы падраду.
Медыцынскія ратаўнікі падкрэсліваюць, што іх зарплаты вельмі нізкія, асабліва калі браць пад увагу вялікую адказнасць за жыццё і здароўе пацыентаў. Кантрактныя медыкі працуюць на гадзінных стаўках, памер якіх жадае лепшага, і які, у залежнасці ад рэгіёну, вагаецца ў раёне ад 20 да 40 злотых. Калі палічыць, што ад атрыманай за месяц сумы трэба заплаціць падатак, узносы ў фонд медыцынскага і сацыяльнага страхавання, а таксама купіць спецвопратку, абутак і медыцыцнскія аксесуары, патрэбныя для працы, то астатак сумы на ўласныя выдаткі атрымліваецца малой. Таму многія медыкі працуюць па 300 альбо нават 400 гадзін у месяц, каб хоць нейкім чынам кампенсаваць невялікі даход.
Медыцынскі ратаўнік з Варшавы Адам Пехнік звяртае ўвагу на тое, што ўлады ведаюць пра складанасці службы хуткай медыцынскай дапамогі, але робяць выгляд, што праблемы не існуе.
Людзі штодня паміраюць ад таго, як функцыянуе гэтая сістэма. Цяпер, падчас пратэсту, амбулансы выязджаюць па выкліку са спазненнем у паўтары гадзіны. А нас, ратаўнікоў, улады стараюцца паказаць як людзей без душы, якія думаюць толькі пра грошы. Але гэта не так. Мы проста вельмі стомленыя! Нехта, хто ніколі не быў у карэце хуткай дапамогі і ніколі не ездзіў на выклікі, не зразумее, наколькі цяжкая і складаная наша праца. Вінаватыя не мы, віна – па боку кіраўніцтва станцый хуткай медыцынскай дапамогі і ўлад. І яны давялі да таго, што мы пратэстуем. У сувязі з гэтым карэта хуткай дапамогі не прыедзе своечасова. З-за гэтага нехта памрэ, нехта стане інвалідам. І вінаватымі будуць улады, таму што яны робяць выгляд, што праблемы не існуе, што яна адсутнічае.
Мы, медыкі, каб утрымліваць нашы сем’і, прымушаныя працаваць па некалькі сот гадзін у месяц... Гэта час, які мы забіраем у нашых блізкіх... І ў пэўны момант можа аказацца, што сям’я, для якой мы так шмат працавалі, ужо рассыпалася, бо нас ніколі не было дома...
Паколькі медыцынскія ратаўнікі працуюць для станцый хуткай медыцынскай дапамогі як індывідуальныя прадпрымальнікі, то яны маюць права самі выбіраць дні, калі прыходзяць на дзяжурства. І вось, у рамках папераджальнага пратэсту ў Варшаве большасць медыкаў адмовіліся дзяжурыць з 1 да 6 верасня. Падобныя акцыі пратэсту правялі ратаўнікі ў іншых кутках Польшчы. А паколькі дзяжурства на хуткай меддапамозе працягваецца суткі, то аказалася, што цягам амаль тыдня ў польскай сталіцы з 80 амбулансаў са станцый не выехала амаль 50. Сітуацыя зрабілася складанай настолькі, што ў цэнтры Варшавы прызямляліся верталёты Службы авіяцыйнай хуткай меддапамогі, каб аказаць медыцынскую дапамогу пацярпелым. Пратэст медыцынскіх ратаўнікоў прымусіў таксама палітыкаў звярнуць увагу на праблему. Міністэрства аховы здароўя заявіла, што зоймецца вырашэннем пытання. Пра рэалізацыю пастулатаў медыцынскіх ратаўнікоў казаў таксама прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Пакуль што медыкі не да канца вераць палітыкам і калі нічога не зменіцца, то ў Варшаве плануюць адмовіцца ад дзяжурстваў з 1 да 10 кастрычніка.
У Польшчы Дзяржаўная служба хуткай медыцынскай дапамогі фінансуецца за грошы Нацыянальнага фонду аховы здароўя, узносы ў які павінен плаціць кожны жыхар Польшчы. Фонд пераводзіць грошы станцыям хуткай медыцынскай дапамогі за працу амбуланса за суткі. У пераліку гэта прыкладна каля 1 тыс. еўра ў суткі. У Польшчы рэгіянальныя ці раённыя альбо гарадскія станцыі могуць быць уласнасцю дзяржаўных альбо муніцыпальных органаў альбо фірмаў ці медыцынскіх устаноў. Такім чынам, за працу рэгіянальных альбо раённых станцый хуткай медыцынскай дапамогі адказваюць не толькі цэнтральныя ўлады, але і мясцовыя. Так, у Варшаве сталічная станцыя хуткай медыцынскай дапамогі з’яўляецца ўласнасцю муніцыпалітэту сталічнага Мазавецкага ваяводства.
У Варшаве і прыгарадзе знаходзіцца 38 станцый і падстанцый хуткай дапамогі, на якіх дыслакуецца ад аднаго да шасці амбулансаў. Агулам у раёне польскай сталіцы працуе 80 карэт хуткай дапамогі, якія штосуткі рэалізуюць 500 выездаў. Для сталічнай станцыі працу 1500 чалавек.
Валеры Саўко