Выданне Fakt піша, што на высокапастаўленых прадстаўнікоў улады напалі супраціўнікі вакцынацыі. На кіраўніка Польскай сялянскай партыі (PSL) Уладзіслава Касіняка-Камыша напалі па дарозе ў рэстаран у Карпачы. Праціўнікі вакцынацыі высоўваюць пагрозы далейшых атак. Падобны лёс напаткаў і прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Войцеха Андрусевіча.
«Асобы, якія выступаюць супраць прышчэпак, пагражалі смерцю Уладзіславу Касіняку-Камышу. Магчымасць правесці атаку на палітыкаў паявілася на Эканамічным форуме ў Карпачы, – паведамляе газета. - Касіняка-Камыша, калі той ішоў у рэстаран, называлі «палітычнай прастытуткай», яму пагражалі, што калі ўлада прымусіць прышчапляць дзяцей, то супраць адказных за такое рашэнне могуць здарыцца замахі».
Былы віцэ-прэм'ер кажа, што яго параўноўвалі з доктарам Менгеле (ён ставіў жахлівыя эксперыменты ў нямецкім канцлагеры Аўшвіц – рэд.). «Як яны могуць, я ж падчас трэцяй хвалі пандэміі ў якасці валанцёра дапамагаў ратаваць людзей у бальніцы. Хтосьці пасеяў гэтае зерне нянавісці, і цяпер становіцца сапраўды страшна», – адзначыў Касіняк-Камыш.
«Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Войцех Андрусевіч таксама стаў ахвярай прамой атакі. Невядомы дагнаў яго па дарозе на Эканамічны форум, неабходна было выклікаць паліцыю. «Няма тыдня, каб мы ў міністэрстве не атрымлівалі як мінімум некалькі электронных лістоў з пагрозамі. Некаторыя сапраўды небяспечныя, мы перадаем іх у праваахоўныя органы», – дадаў Андрусевіч.
Fakt/PAP/нг