Усе людзі на планеце роўныя, у кожнага, незалежна ад расы, полу, узросту ці іншых адрозненняў, ёсць свае правы і свабоды. Гэта ідэальная сітуацыя, аднак, на прыкладзе розных краін мы бачым, што многія правы чалавека парушаюцца.
Гэта датычыць як Беларусі, якая, канешне, нас хвалюе перш за ўсё, але таксама іншых дзяржаў. Свежы, яскравы прыклад – Афганістан, дзе ўладу захапілі талібы і ўводзяць там права шарыяту. Найбольш абмежаваныя ў правах жанчыны, якія нават не могуць выйсці на вуліцу без суправаджэння асобы мужчынскага полу. Гэтая праблема была прадстаўленая нядаўна ў Беларускім доме ў Варшаве падчас паказу фільму «Усама», у якім прадстаўлена парушэнне правоў жанчын у Афганістане падчас папярэдняга кіравання дзяржавай талібамі. Праваабаронца з пазбаўленага дзяржаўнай рэгістрацыі ПЦ «Вясна» Зміцер Салаўёў прыйшоў на паказ карціны і падзяліўся з намі сваімі разважаннямі пра правы чалавека.
- Я сачу за сітуацыяй у Афганістане. Гэта цемрашальства і катастрофа, калі ўладу захопліваюць людзі, якія стараюцца судзіць іншых паводле рэлігійных поглядаў. У людзей ёсць правы. Афганістан – яскравы прыклад, дзе парушаюцца правы жанчын. Людзі часам высоўваюць неглабальныя патрабаванні, калі іх правы парушаюцца, але ў людзей на ўсім свеце ёсць сталыя і аднолькавыя правы. Некаторыя дзяржавы спрабуюць казаць пра сваю спецыфіку, мы гэта бачым і на прыкладзе Беларусі. Дыктатар не разумее правоў чалавека, кажа, што ў нас свая спецыфіка, свой шлях, а чаму так, ён і сам не можа патлумачыць.
Дэкларацыя аб правах чалавека была прынятая пасля Другой сусветнай вайны, калі людзі на Зямлі зразумелі, якія жахлівы наступствы можа прынесці неабмежаваная ўлада аднаго неадэкватнага чалавека. Гэта быў вельмі прагрэсіўны крок, – нагадвае праваабаронца.
- Гэта быў крок наперад. Усе людзі роўныя і маюць аднолькавыя правы. І калі хтосьці спрабуе давесці, што ў яго краіне павінна быць інакш, ён не мае рацыі. І таму нельга людзей забіваць, катаваць, страляць у іх па законах шарыяту. Сітуацыя ў Афганістане цяпер напружаная, але гэта не значыць, што яна адцягне ўвагу ад Беларусі. Тое, што адбываецца апошні год у Беларусі – адвольныя затрыманні, фальсіфікацыя крымінальных спраў, сотні палітычных зняволеных, катаванні, і нават забойствы ў турмах – гэта ніколі не сыдзе з павесткі дня.
слухайце аўдыё
нг