Беларуская Служба

Такіх спраў, як затрыманне Макара Малахоўскага, можа быць больш. Рэжым змагаецца з апанентамі

14.09.2021 16:03
Беларус выйшаў на свабоду дзякуючы хуткай рэакцыі сваіх суайчыннікаў.
Аўдыё
  • Затрыманне беларуса ў Польшчы
Макар Малахоўскіфота: Цэнтр беларускай салідарнасці/Радыё Свабода

У нядзелю ў Польшчы па запыце беларускай пракуратуры быў затрыманы беларус Макар Малахоўскі. Ужо ў панядзелак ён выйшаў на свабоду дзякуючы хуткай рэакцыі сваіх суайчыннікаў.

Макар Малахоўскі ўдзельнічаў у пратэстах пасля выбараў 9 жніўня 2020 году, супраць яго была заведзеная крымінальная справа, восенню мінулага году ён з’ехаў з Беларусі – ва Украіну, а пазней у Польшчу, дзякуючы атрыманню гуманітарную візу. Паводле інфармацыі польскага боку, ён быў у вышуку Інтэрполу. Макар выйшаў на волю ўвечары 13 верасня.

Прадстаўнік варшаўскай паліцыі камісар Сільвестр Марчак паведаміў, што ў адпаведнасці з падпісанымі міжнароднымі пагадненнямі, паліцыя абавязана была затрымаць беларуса, якога Інтэрпол аб’явіў у вышук па просьбе Беларусі. Прэс-сакратар сталічнай камендатуры паліцыі адзначыў, што вышук Малахоўскага праходзіў па так званай чырвонай лініі Інтэрполу, якая азначае, што яго затрыманне было абавязкам службы краіны, у якой ён знаходзіцца. «Заданнем паліцыі ў дадзеным выпадку з’яўляецца не аналіз законнасці яе прымянення, а выкананне пастаўленай задачы», – сказаў Марчак.

- Неабходна падкрэсліць, што затрыманне нейкай асобы не азначае выдачы яе іншай дзяржаве. У дадзеным выпадку рашэнне прымае пракуратура. Мы добра разумеем, што вышук Інтэрполу можна выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Мы ўжо звярталі на гэта ўвагу. Пры нагодзе мы прагнем падкрэсліць, што дадзеная праблема была тэмай ліпеньскага звароту міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Каміньскага да ўладаў Інтэрполу.

Макар – гэта першы чалавек, затрыманы ў Польшчы па чырвонай лініі Інтэрполу, але такіх сітуацый можа быць больш. Пра гісторыю Макара Малахоўскага і яго затрыманне распавёў нам дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

- Ён, як і тысячы іншых беларусаў, выйшаў на пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. 13 жніўня ён, на сваёй машыне, пратараніў машыну міліцыі. За гэта на яго была заведзеная крымінальная справа. Ён з’ехаў у Кіеў, дзе ў польскім консульстве атрымаў гуманітарную візу. Вечарам у нядзелю да нас звярнуліся нашы каардынатары, паведамілі пра затрыманне Макара. З самай раніцы ў панядзелак Беларускі дом звярнуўся ў паліцыю і МУС Польшчы. Незаконны рэжым ужо не першы раз выкарыстоўвае чырвоную лінію Інтэрполу ў пераследаванні апанентаў. Наша рэакцыя была хуткай, паколькі мы былі перакананыя, што Малахоўскі не меў у Беларусі ніякіх крымінальных артыкулаў, акрамя палітычных. Мы вядзем працу, каб заходні свет выпрацаваў рэкамендацыі адносна чырвонай лініі Інтэрполу, паколькі Лукашэнка будзе выкарыстоўваць яе далей у змаганні супраць сваіх апанентаў.

У ліпені кіраўнік польскага МУС у лісце да ўладаў Інтэрполу ўказаў на неабходнасць увесці змены ў прымяненні чырвонай лініі вышуку з-за палітычнага выкарыстання яе такімі краінамі, як Расія, і, на гэты раз, Беларусь. Гэтая тэма будзе ўзнята падчас запланаванай на лістапад сустрэчы галоўнага каменданта паліцыі генерала Яраслава Шымчыка і генеральнага сакратара Інтэрполу Юргена Стока.

нг