Беларуская Служба

У Берліне прэзентавалі канцэпцыю помніка польскім ахвярам Другой сусветнай вайны

16.09.2021 17:21
Праект цэнтра і помніка цягам апошняга паўгода распрацоўвала МЗС Германіі і група польскіх і нямецкіх экспертаў.
Аўдыё
  • У Берліне прэзентавалі канцэпцыю помніка польскім ахвярам Другой сусветнай вайны.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Усё бліжэй да будаўніцтва цэнтра і помніка польскім ахвярам Другой сусветнай вайны ў Берліне. Першы этап кансультацый па пытаннях стварэння мемарыяла падсумаваў міністр замежных спраў Германіі Гайка Маас.

Надоечы ў Берліне была прадстаўлена канцэпцыя цэнтра і помніка, прысвечанага польскім ахвярам Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі ў Польшчы. Міністр замежных спраў Германіі Гайка Маас падкрэсліў, што праект «можа стаць пераломам у польска-нямецкім прымірэнні».

Нагадваем, у кастрычніку 2020 года Бундэстаг (парламент Германіі) прыняў рашэнне аб стварэнні ў Берліне месца, прысвечанага памяці польскіх ахвяраў Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі ў Польшчы. Федэральнае міністэрства замежных спраў пры падтрымцы польска-нямецкай групы экспертаў прыступіла да распрацоўкі канцэпцыі рэалізацыі праекта.

Падчас прэзентацыі канцэпцыі ў Берліне, міністр замежных спраў Германіі Гайка Маас падкрэсліў, што « ў мінулым годзе Бундэстаг зрабіў піянерскі крок, прыняўшы рашэнне аб будаўніцтве месца памяці».
«Ад імя Федэральнага міністэрства замежных спраў, я з радасцю ўспрыняў рашэнне нашага парламента. Гэта была таксама важная справa для мяне асабіста», – сказаў кіраўнік нямецкай дыпламатыі.

Паводле палітыка, будучае месца памяці можа стаць пераломам у польска-нямецкім прымірэнні:

- Годнасці і пашаны патрабуюць не толькі ахвяры гітлераўскага рэжыму. Прызнанне мінулага, гэта аснова нашага агульнага шляху ў будучыню.

Гайка Маас нагадаў, што «Другая сусветная вайна пачалася ў верасні 1939 года з уварвання Германіі ў Польшчу. Яна прынесла пакуты жыхарам краіны: разбурэнне цэлых гарадоў, перасяленне і масавыя расстрэлы мелі сцерці Польшчу з мапы назаўжды». «Наколькі памяць аб гэтых злачынствах дагэтуль пераследуе многіх палякаў – я адчуў падчас сваіх шматлікіх візітаў у Польшчы», – дадаў палітык.

Кіраўнік нямецкага МЗС падкрэсліў, што цягам больш за шасці месяцаў супрацы з польскімі партнёрамі была выпрацаваная амбіцыйная канцэпцыя месца памяці, «цэнтрам якога з'яўляецца агульная памяць, абмен гістарычнымі ведамі і сустрэчы паміж палякамі і немцамі».

Паводле згаданай канцэпцыі, цэнтральным месцам мемарыяла павінен стаць помнік «усім ахвярам Польшчы падчас Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі». Помнік павінен «ушаноўваць іх жыццё, супраціў і мужнасць», сказаў Маас:

-Помнік будзе нагадваць пра польскія ахвяры, пакуты якіх надта доўга заставаліся выключна невялікім фрагментам у нямецкай памяці.

«Мы спадзяемся, што першыя працы пачнуцца ў сярэдзіне тэрміну паўнамоцтваў новага Бундэстага», – заявіў на прэс-канферэнцыі намеснік кіраўніка польскай дыпламатыі. Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк (Szymon Szynkowski vel Sęk) дадаў, што польскі бок спадзяецца, што новы нямецкі ўрад прыме па гэтай справе хуткія рашэнні:

- Мы выказалі задавальненне першым крокам у напрамку будаўніцтва ў Берліне помніка польскім ахвярам Другой сусветнай вайны і адукацыйнага цэнтра. Адначасова, пасля кансультацыяў з польскімі гісторыкамі і экспертамі, мы перадалі нямецкаму боку свае заўвагі адносна ўступнага праекта. Мы выказалі спадзяванні, што неадкладна пасля стварэння новага ўрада і падпісання кааліцыйнай дамовы, па гэтай справе будуць прадпрынятыя далейшыя крокі. Спадзяемся, што канкрэтны план будаўніцтва помніка будзе заключаны ў кааліцыйнай дамове.

Ідэю будаўніцтва помніка і мемарыяльнага цэнтра ў Берліне падтрымлівае большасць палітычных фракцыяў у Бундэстагу. Экспертная група, якая абмяркоўвае гэтую канцэпцыю мемарыяла, збіраецца штомесяц у Варшаве і Берліне. Віцэ-кіраўнік польскага МЗС выказаў надзею, што распрацаваныя рашэнні будуць ухваленыя прадстаўнікамі абодвух бакоў:

-Прадстаўленая канцэпцыя падкрэслівае, што «немцы нясуць поўную адказнасць за злачынствы, здзейсненыя Германіяй і немцамі, таксама ў будучыні». Таму будаўніцтва помніка – гэта не завяршэнне дыскусіі аб гісторыi. Наадварот – гэта ейны важны этап і шлях да прымірэння.

Пад увагу бяруцца два месцы магчымага размяшчэння мемарыяла. Першае – гэта месца былой Кроль-оперы, другое – гэта раён побач з руінамі Анхальтскага вакзала на Асканскай плошчы.

«Пытанне аб дыслакацыі павінна быць хутка вырашана новаабраным нямецкім Бундэстагам», – гаворыцца ў канцэпцыі. Група экспертаў таксама «вітае намер Федэральнага знешнепалітычнага ведамства Германіі вылучыць 200 тысяч еўра для пачатковага фінансавання рэалізацыі праекта да 2022 года«.

Эксперты рэкамендуюць «прадстаўляць гісторыю польска-нямецкіх адносін шляхам пастаянных і часовых выставаў. Верагодна, краевугольны камень пад будаўніцтва помніка павінен быць закладзены да 2025 года.

IAR/аз