Паўтара года працягваецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі. За гэты час Польшча выйшла на другое месца ў Еўропе паводле колькасці звышнарматыўных смерцяў, гэта значыць, смяротнасць значна вышэйшая, чым у сярэднім цягам працяглага перыяду часу – піша выданне Dziennik Gazeta Prawna.
Такіх звышнарматыўных смерцяў амаль 140 тысяч. Гэта ў вялікай ступені наступства Covid-19, але не толькі. На вялікую колькасць лятальных зыходаў паўплывала тое, што цяжка было трапіць да лекара або пачаць тэрапію. Паводле дадзеных Нацыянальнага фонду аховы здароўя, у 2020 годзе было аказана на адну пятую менш медычных паслугаў, чым годам раней.
Шматлікіх смерцяў можна было пазбегнуць. Частка пацыентаў па ўласнай волі не запісалася да доктара, але частка проста не змагла трапіць на прыём – адзначаюць эксперты. Напрыклад, у 2018 і 2019 гадах шпіталі прымалі звыш 9 млн пацыентаў. Летась іх было на два мільёны менш. Таксама прыкладна на два мільёны менш змагло трапіць на візіт да лекара-спецыяліста.
нг