Беларуская Служба

Варшаўскі прадпрымальнік Бартламей Крацюк сканструяваў домік – гібрыд лецішча і каравана

20.09.2021 14:00
Бартламей Крацюк мае намер арандаваць такія канструкцыі.
Домік на калёсах фота: уласныя матэрыялы арганізатара

Раней Крацюк пабудаваў у лесе ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Варшавы маленькі домік, які можна зняць на суткі, адпачыць ад мабільнага тэлефона і палюбавацца прыродай.

Аўтары дома – дызайнеры са студыі Pole Architekci. Праект выклікаў вялікую цікавасць, прыватныя інвестары ўжо пачалі ставіць будоўлі такога тыпу. Цяпер Крацюк прапануе канструкцыю доміка пад назвай UKOI (даслоўны пераклад – супакоіць), паверхняй усяго ў 16 квадратных метраў. З вялікага акна адкрываецца від на наваколле. Але гэта не звычайны дачны домік, гэта перасоўны дом на колах. Крацюк разам са сваім дзелавым партнёрам Нікадэмам Разбіцкім мае намер стварыць сетку такіх дамоў у арэнду.

- Будзем здаваць у арэнду на суткі ў спецыяльна выбраных месцах. Там, дзе госці змогуць атрымліваць асалоду ад спакою і блізасці прыроды, але пры гэтым дзе можна камфортна адпачыць, са зручнай дарогай з гораду, – тлумачыць выданню Gazeta Wyborcza Крацюк.

UKOI павінны мець набор неабходных прадметаў для жыцця – пасцельную бялізну, ручнікі, касметыку. У іх будзе ўласны рэзервуар для вады і крыніца электрычнага сілкавання, гэта значыць – сонечныя батарэі на даху.

Інвестары падлічылі, што арэнда такога лецішча будзе каштаваць прыкладна 350 злотых за ноч (96 долараў ЗША). Катэджы UKOI можна вазіць за машынай, як караван. Аўтары ўжо заканчваюць праектную працу над прататыпам, плануецца ўвесці яго ў эксплуатацыю ў канцы гэтага года. Крацюк дадае, што яны вядуць перамовы толькі з польскімі вытворцамі і будуць вырабляць дамы ў Польшчы.

нг