Беларуская Служба

На паседжанні Хельсінскай камісіі ЗША разгледжана беларускае пытанне

22.09.2021 09:54
Мова варожасці і заклікі да гвалту дзяржаўных медыяў Беларусі і пазіцыя саюзнікаў ЗША, якія працягваюць супрацу з Лукашэнкам – гэта толькі два пытанні, разгледжаныя на паседжанні Хельсінскай камісіі ЗША, якое прайшло 22 верасня ў Вашынгтоне.
Аўдыё
  • На паседжанні Хельсінскай камісіі ЗША разгледжана беларускае пытанне
.
.Кадр з трансляцыі паседжання Хельсінскай камісіі ЗША

Наш карэспандэнт звязаўся з удзельнікам паседжання, экспертам iSANS Belarus Сержам Харытонавым.

Беларускае пытанне разгледжана на паседжанні Хельсінскай камісіі ЗША з удзелам прадстаўнікоў Кангрэсу і амерыканскага ўраду. І цяпер яны атрымалі дадатковую інфармацыю для прыняцця рашэнняў, што рабіць далей з рэжымам Лукашэнкі.
Беларускі эксперт міжнароднай ініцыятывы iSANS (https://isans.org/) Серж Харытонаў даў вусныя і пісьмовыя паказанні на паседжанні і падаў экспертныя рэкамендацыі па мінімізацыі наступстваў дзейнасці дзяржаўных медыя Беларусі і іх дарадцаў з РФ.

Вось што расказаў для Польскага радыё Харытонаў, яшчэ знаходзячыся ў цягніку з Вашынгтона ў Нью-Ёрк:

-Чальцы камісіі атрымалі рэкамендацыі заблакаваць усе акаўнты гэтак званых дзяржаўных медыяў з Беларусі і Расіі на амерыканскіх лічбавых пляцоўках – перш за ўсё, гаворка пра YouTube. Сярод іншага, падчас сустрэчы было зазначана, што Злучаныя Штаты павінны разглядзець магчымасць абмеркавання беларускага пытання з саюзнікамі ЗША на Бліжнім Усходзе, якія дагэтуль падтрымліваюць кантакты з беларускімі ўладамі.

Падчас паседжання былы намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дэвід Крэмер прапанаваў формулу вырашэння беларускага пытання для петракратыяў Бліжняга Усходу: гандаль са Злучанымі Штатамі альбо гандаль з рэжымам у Мінску.

Улічваючы, што частка фінансавых актываў рэжыму меркавана захоўваецца ў ААЭ вырашэнне гэтага пытання будзе сур’ёзным аргументам у працэсе пашырэння эканамічнага ціску на мінскі рэжым.

Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск-Вашынгтон.