Выбух Варшаўскага паўстання 1944 г. прыспешыў гітлераўскую палітыку вынішчэння не толькі паўстанцаў, але і насельніцтва горада.
Немцы пачалі вывозіць варшавякаў у падваршаўскі гарадок Прушкаў (Pruszków). Вывозілі паасобнымі раёнамі. 2-га кастрычніка сталі вывозіць жыхароў цэнтральнага раёну Sródmieście.
Акрамя масавых расстрэлаў як удзельнікаў паўстання, так і мірных жыхароў падчас падаўлення паўстання, фашысты стваралі адмысловыя канцэнтрацыйныя лагеры для варшавякаў. Адным з такіх лагераў быў Дулаг 121 у падваршаўскім гарадку Прушкаў. (Pruszków)
Спачатку для ваеннапалонных і габрэяў
Лагер быў утвораны 6 жніўня 1944 года і праіснаваў да паловы снежня 1944. Гэты лагер меў функцыю этапнага, у ім змяшчаліся людзі, якія потым вывозіліся ў глыбіню Рэйха. Па розных ацэнках, праз яго прайшло да 410 тыс. жыхароў Варшавы. Лагер паўстаў на базе Чыгуначных рамонтных цэхаў у Прушкаве. Неабходна заўважыць, што лагерная інфраструктура тут пачала стварацца яшчэ ў 1941 годзе і выкарыстоўваўся для ўтрымання вайскоўцаў, а пазней гарбрэяў.
Першы транспарт варшавякаў
Першы транспарт з людзьмі прыбыў ужо 7 жніўня і налічваў 5 тыс. чалавек з раёну варшаўскай Волі, дзе карнікамі было забіта вельмі шмат людзей. Варта адзначыць, што 1 жніўня 1944 году Гітлер аддаў загад забіваць усіх жыхароў Варшавы незалежна ад узросту і полу. Тым ня менш, кіраўнік карных войскай Эрых фон дэ Бах, вырашыў, што масавыя забойствы толькі выклікаюць яшчэ большы супраціў, таму лагер павінен быў служыць месцам утрымання закладнікаў і псіхалагічнага ціску на ўдзельнікаў паўстання. Пазней таксама былі забароненыя масавыя расстрэлы грамадскага насельніцтва мужчынскага полу. Канчаткова было вырана цалкам выселіць Варшаву.
ДУЛАГ 121 – Durchgangslager 121 Pruszków
Тэрыторыя лагеру складала каля 48 гектараў, і людзей па розных катэгорыях размяшчалі ў асобных будынках-цэхах, якіх было 9.
Ахоўваўся лагер вайскоўцамі Вермахту і СС. Нягледзячы на агульную жорсткасць гітлераўцаў, умовы ўтрымання былі ў нечым лепшымі, чым у іншых канцэнтрацыйных лагерах. Гэта выражалася ў тым, што вялізарная частка цывільнага тэхнічнага персаналу і медыкаў складалася з палякаў. Што зрабіла магчымасць ратаваць тых, хто знаходзіўся ў лагеры. Па розных дадзеным дзякуючы дзейнасці польскага персаналу з лагеру змаглі ўцячы каля 30 тыс. чалавек.
1 кастрычніка 2010 году на месцы былога лагера быў адкрыты музей, на сценах было напісана: Сюдою прайшла Варшава.
2-га кастрычніка ў Польшчы адзначаецца Дзень памяці вязняў лагера ДУЛАГ 121 і Дзень тых, хто нёс ім дапамогу.
Павал Усаў