Беларуская Служба

Палякі асцерагаюцца «полексіту»

11.10.2021 10:01
43% апытаных лічаць, што апошняе рашэнне польскага Канстытуцыйнага суда, можа азначаць пачатак выхаду Польшчы з ЕС.
  .
Палякі асцерагаюцца «полексіту».PAP/Albert Zawada

Палякі асцерагаюцца, што апошняе рашэнне польскага Канстытуцыйнага суда аб вяршэнстве польскай Канстытуцыі над еўрапейскім правам – гэта пачатак «полексіту», то бок выхаду Польшчы з ЕС.

Паводле апытання, праведзенага па замове газеты Rzeczpospolita, такія боязі выказвае амаль 43% апытаных. 45% рэспандэнтаў лічаць, што рашэнне Канстытуцыйнага судa пад кіраўніцтвам Юліі Пшылэмбскай, не з’яўляецца пагрозай для польскай прысутнасці ў Еўрасаюзе.

Газета падкрэслівае, што рэспандэнты раўнамерна падзяліліся адносна сумневаў, датычных гэтага пытання. Выхаду з ЕС баяцца, перш за ўсё, выбаршчыкі апазіцыйных партыяў: «Грамадзянскай кааліцыі» і «Левых сілаў». Прыхільнікі кіроўнай правай партыі «Права і справядлівасць» выказваюць такія боязі ў мінімальнай ступені.
У апытанні таксама было зададзенае пытанне, ці павінна Польшча выконваць рашэнні Суда Еўрасаюза? «Тут вынікі паказваюць на відавочную перавагу асобаў, якія прызнаюць юрысдыкцыю Суда ЕС у Польшчы», -паведамляе газета.

На гэтае пытанне 38,6% рэспандэнтаў адказалі: «рашуча, так», а 18,5%: «хутчэй за ўсё, так». Разам гэта дае 57,1% станоўчых адказаў. У сваю чаргу 5,9% рэспандэнтаў адказала: «хутчэй за ўсё, не», а 29,3% – «рашуча, не». У агульнай складанасці – гэта 35,2% адмоўных адказаў.

У сваю чаргу 7,7% апытаных адказалі : «не ведаю, цяжка сказаць», паведамляе Rzeczpospolita.

Нагадваем, учора ў шэрагу буйных гарадоў у Польшчы, між іншым, у Варшаве, Кракаве, Познані, Вроцлаве, Шчэціне ды іншых прайшлі акцыі пратэсту супраць магчымага выхаду Польшчы з ЕС. Гэта, між іншым, вынік сумневаў, якія выклікала апошняе рашэнне польскага Канстытуцыйнага суда. Тым часам польскія ўлады запэўніваюць грамадзян, што не намерваюцца выводзіць краіну з ЕС.

аз