Беларуская Служба

Крызіс на мяжы працягваецца. Ці сцяна вырашыць праблему?

18.10.2021 14:06
Выданне «Polska» нагадвае, што ў чацвер урад Польшчы прыняў законапраект, які прадугледжвае будову сцяны на польска-беларускай мяжы.
Ілюстрацыяjodylehigh/pixabay.com/CC0

Крызіс на мяжы працягваецца. Ці сцяна вырашыць праблему? Выданне «Polska» нагадвае, што ў чацвер урад Польшчы прыняў законапраект, які прадугледжвае будову сцяны на польска-беларускай мяжы. Кошт інвестыцыі – больш за 1,6 млрд злотых. Урад Польшчы пераконвае, што сцяна патрэбная, каб зрабіць немагчымым міграцыйны шантаж. Прэм’ер-міністр Польшчы дадае, што польскі ўрад не хоча, каб Польшча была прадметам гэтага шантажу. –Мы не хочам, каб гэтых бедных людзей, якія з’яўляюцца прадметам інструменталізацыі з боку Лукашэнкі, сцягвалі ў Беларусь толькі для таго, каб рабіць міграцыйны штурм на польскую мяжу, – тлумачыць Матэвуш Маравецкі.

Не ўсім, аднак, гэтая ідэя падабаецца. Частка апазіцыі лічыць, што ўрад хоча чарговы раз зрабіць працу журналістаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый немагчымай.

«Грамадзянская платформа» не падтрымлівае законапраекту. Польская сялянская партыя не супраць, але мае заўвагі да планаў будовы. Паводле партыі, будова будзе адбывацца без тэндэру, а таму па-за кантролем. Левыя сілы катэгарычна супраць. –Нашая мяжа не з’яўляецца бяспечнай, паколькі на бяспечнай мяжы не паміраюць людзі. Няхай нашыя эмоцыя вас не здзіўляюць, паколькі стаўка – жыццё людзей, а практычна – смерць з голаду і стомленасці, – гаворыць Павал Крутуль з Левых сіл.

Сітуацыя на польска-беларускай мяжы становіцца ўсё больш трагічнай. Ноччу становіцца ўсё халадней, у падляскія шпіталі трапляе ўсё больш мігрантаў. Каб звярнуць на праблему вуліцамі Варшавы прайшоў марш салідарнасці пад назвай «Стоп катаванням на мяжы».
З міграцыйным крызісам спрабуе змагацца таксама Еўрасаюз. Пад яго ціскам на пачатку кастрычніка Ірак спыніў усе авіярэйсы ў Беларусь.

Мігранты, якія спрабуюць трапіць з Беларусі ў Польшчу, не ўтойваюць, што іх канчатковая мэта – захад Еўропы, у прыватнасці Германія. Здаецца, міграцыйны крызіс будзе адной з галоўных праблем не толькі польскага ўраду, але цэлага ЕС – канстатуе выданне.

Тыднёвік «Sieci» дае слова памежнікам, якія кантралююць мяжу ў зоне надзвычайнага становішча. Функцыянеры са шкадаваннем расказваюць пра тое, як пра іх гаворыць польская апазіцыя і частка СМІ. Памежнікі гэтага не разумеюць. –Гэтая неабгрунтаваная крытыка і нагонка – вельмі непрыемныя. Гэтыя людзе нічога не ведаюць пра нашую працу.

Калі б яны паглядзелі, як выглядае адзін дзень з жыцця памежніка, то памянялі б меркаванне. Калі б лёс мігрантаў быў бы для нас абыякавы, то мы б іх не кармілі, не завозілі да лекара. Мы раздаём ім коўдры на мяжы, цёплую вопратку, ваду і ежу. Мы дапамагаем як можам. Гэта ж людзі, – пераконвае функцыянер Памежнай службы.

Тыднёвік паразмаўляў і з жыхаркай вёскі Міхалова. Sieci піша, што мясцовыя не вельмі ахвотна размаўляюць з журналістамі, паколькі частка СМІ паказвае іх як варвараў, якія не пераймаюцца лёсам дзяцей мігрантаў.

-Памежная служба выконвае свае абавязкі ўзорна. Добра, што яны нас ахоўваюць і падтрымліваюць. Гэтыя мігранты пакутуюць, наша лекарка ездзіць да іх дзяцей на візіты. У суботу іх кармілі пажарнікі. Я разумею іх няшчасце, іх выкарыстоўваюць, – кажа жыхарка Міхалова часопісу «Sieci».

ав