Беларуская Служба

Толькі 0,17% прышчэпленых грамадзян заразіліся каранавірусам

22.10.2021 19:38
На сённяшні дзень у Польшчы двума кампанентамі прышчэплена 46%.
Аўдыё
  • На сённяшні дзень у Польшчы двума кампанентамі прышчэплена 46%
        46
На сённяшні дзень у Польшчы двума кампанентамі прышчэплена 46%PAP/DAREK DELMANOWICZ

Пагаршаецца сітуацыя, звязаная з распаўсюджваннем каранавіруса. У Польшчы хутка расце колькасць інфіцыраваных грамадзян, у Беларусь ж сітуацыя, паводле назіранняў, увогуле катастрафічная.

За апошнія суткі ў Польшчы выкрыта 5706 носьбітаў каранавіруса SARS-CoV-2. 59 чалавек памерла ад хваробы COVID-19, якая развіваецца ў выніку заражэння каранавірусам. Доктар медыцынскіх навук Міхал Суткоўскі зазначае, што неабходна захоўваць прафілактычныя захады для таго, каб не заразіцца каранавірусам.

- Перш за ўсё мы павінны захоўваць дыстанцыю адносна ўсіх людзей, з якімі сустракаемся. Калі, напрыклад, стаім у групе, і нават на свежым паветры, то абавязкова павінны мець маскі. На жаль, людзі не прытрымліваюцца гэтага правіла, і прыйшоў час, каб гэта змяніць, бо ў адваротным выпадку неабходна будзе ўводзіць сур’ёзныя абмежаванні.

З-за праблем са здароўем, выкліканых хваробай COVID-19, у Польшчы шпіталізавана 4264 чалавекі – гэта на 230 чалавек больш, чым за папярэднія суткі. Да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх падключаныя 353 пацыенты.

Намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска зазначае, што колькасць захворванняў большая ў тых рэгіёнах, дзе найменш людзей вакцынавалася. Гэта ўсход і поўдзень Польшчы.

- На 100 тыс. жыхароў сярэдняя колькасць новых дзённых заражэнняў складае 42 чалавекі ў Люблінскім ваяводстве, Падляскае ваяводства – 33 чалавекі. Сярэдні паказчык па Польшчы – 10 чалавек на 100 тыс. жыхароў. Калі ж казаць пра працэнтную колькасць занятых бальнічных ложкаў, прызначаных для хворых на COVІD-19, то тут таксама лідарам з’яўляецца Люблінскае ваяводства – 75%, на другім месцы Падляскае ваяводства – 65%, і Падкарпацкае – 56%.

Тым часам Міністэрства аховы здароўя Польшчы апублікавала статыстычныя дадзеныя, якія чарговы раз сведчаць пра тое, што вакцынацыя – надзейны спосаб абараніцца ад каранавіруса. І так, сярод пацыентаў, памерлых у выніку COVID-19, толькі 2,19% – гэта людзі, якія атрымалі два кампаненты вакцыны. У сваю чаргу сярод новых заражэнняў 0,17% гэта грамадзяне, якія былі прышчэпленыя супраць каранавіруса.

На сённяшні дзень у Польшчы двума кампанентамі прышчэплена 46% насельніцтва.

Тым часам у Беларусі двума кампанентамі прышчэплена крыху больш за 19%. Прычым гэта афіцыйная статыстыка, у сапраўднасць якой верыцца з цяжкасцю. Як гэта бывае ў краіне пад кіраўніцтвам дыктатара Лукашэнкі, нават у выпадку вакцынацыі супраць каранавіруса прымяняюцца прыпіскі, як і ў выпадку «барацьбы за ўраджай».

Партал «Хартыя 97» паведамляе, што ў Оршы начамі капаюць магілы адразу ў некалькі шэрагаў, каб паспець пахаваць памерлых ад COVID-19 людзей. Адпаведны відэаролік апублікаваў тэлеграм-канал «Баста!».

Брыгады па пахаванні вымушаныя выязджаць ноччу для таго, каб паспець выкапаць некалькі шэрагаў магіл да раніцы і прыступіць да наступных. Партал зазначае, што вяртаюцца дадому позна. Капаннем магіл займаюцца прыватныя фірмы і дзяржаўны спецкамбінат. Рэсурс зазначае, што «праўду не схаваць за фальшывай статыстыкай і прапагандай».

Незалежныя СМІ падкрэсліваюць, што да статыстыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі даверу няма. Афіцыйная статыстыка не паказвае на тое, што сітуацыя з каранавірусам у краіне рэзка пагоршылася. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на дадзены момант кожныя суткі ў краіне рэгіструецца каля 2 тыс. хворых COVID-19, а колькасць памерлых не перавышае 16 чалавек у дзень.

Агучаныя Міністэрствам аховы здароўя лічбы скептычна ацэньваюць медыкі, якія непасрэдна сутыкаюцца ў рэгіёнах з заражанымі і хворымі. Дарэчы, звесткі пра колькасць захварэлых і памерлых ад COVID-19 па кожным рэгіёне краіны рэжым Лукашэнкі перастаў публікаваць яшчэ ў красавіку 2020 года, тлумачачы гэта тым, што такія дадзеныя не нясуць важнай інфармацыі і будуць «негатыўна бударажыць насельніцтва».

вс

слухайце аўдыёфайл